шале́нства, ‑а, н.
1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.
2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».
3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аб’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. ‑едзь; зак., каго-што.
1. Праехаць вакол каго‑, чаго‑н. Як пабачыў князь, колькі Кірыла лесу аб’ехаў, аж за галаву ўзяўся. Колас.
2. Праехаць збоку, абмінаючы каго‑, што‑н. Аб’ехаць камень. □ Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай. Гартны.
3. Едучы, пабыць усюды, у многіх месцах. Ад самае Волгі Да сівых Карпат — Паўсвета на ганку Аб’ехаў мой брат. Астрэйка. Калгасаў ці мала Аб’ехаў араты, Чаму ж так удала Патрапіў у сваты. Куляшоў.
4. Апусціцца, з’ехаць уніз. Як толькі ўбачыў [Іван], што з акон шугае полымя, так і аб’ехаў на зямлю. Дуброўскі. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы. Мележ. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. На дзіва ўсім, нахілілася і аб’ехала падкапаная гара. Бажко.
5. перан. Схуднець.
•••
На лапці не аб’ехаць — не так проста і лёгка абвесці каго‑н.
Свет аб’ехаць — пабыць усюды, у розных месцах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́сціна, ‑ы, ж.
1. Тое, што адпавядае сапраўднасці, адлюстроўвае рэчаіснасць; праўда (у 1 знач.). Дашукацца ісціны. □ Разам з выступленнямі ў палках, батальёнах, ротах, на фабрыках, заводах, у вёсках прадстаўнікоў партыі — агітатараў, вялікую ролю адыгрывалі таксама калектыўныя агітатары — газеты, якія простай, даступнай мовай растлумачвалі рабочым, сялянам і салдатам ісціны жыцця. «Полымя». — Я вельмі паважаю Івана Фядотавіча, — і Вабрыцкі адважыў паклон у бок Салаўёва, — але як кажуць, Платон мне друг, ды ісціна даражэй. Дуброўскі.
2. У філасофіі — дакладнае веданне, якое правільна адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць у свядомасці людзей. Сцвярджэнне прыродазнаўства, што зямля існавала да чалавецтва, ёсць аб’ектыўная ісціна. Ленін.
3. Палажэнне, сцверджанне, меркаванне, якое выяўлена навукай, праверана практыкай, вопытам. Бясспрэчная ісціна. Старая ісціна. □ Усё мае свой пачатак і канец. Ісціна гэтая вядома людзям з малых гадоў. Якімовіч. Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота, Прыслухацца да ісціны старой, Што неспакой не лечыць адзінота, Што адзіноту лечыць неспакой? Куляшоў.
•••
Абсалютная ісціна — правільнае, вычарпальнае, поўнае веданне пра з’явы, прадметы аб’ектыўнай рэальнасці.
Адносная ісціна — правільныя, але няпоўныя веды, якія патрабуюць паглыблення і ўдакладнення.
Крытэрый ісціны гл. крытэрый.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.
1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.
2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліхі́ 1, ‑ая, ‑ое.
1. Які можа ці здольны прычыніць ліха; нядобры, злы. Ліхі сабака, Ліхая зіма. □ [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, І я вялікі грэх мог на душу ўзяць. Глебка. З ліхім чалавекам і гадзіна векам. Прыказка. / у знач. наз. ліхі́, ‑ога, м. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Ды ліхога і смерць не бярэ. Якімовіч. // Звязаны з цяжкім жыццём, перажываннямі. Ліхая навала. Ліхая пара.
2. Дрэнны, паганы. І ветры прынеслі ёй вестку ліхую, што сын яе ў бітве загінуў, жыццё, дараванае роднай матуляй, аддаўшы за маці-краіну. Таўлай. У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! Непачаловіч. // Абл. Дзіравы, стары (пра адзежу, абутак і пад.). Ліхі кажух. Ліхое сіта. □ [Міша:] — Каня трэба яшчэ напаіць. Можа вядро якое ліхое [ёсць], то вынесі. Лобан.
•••
Гадзіць як ліхой скуле гл. гадзіць.
Ліхая гадзіна гл. гадзіна.
ліхі́ 2, ‑ая, ‑ое.
1. Смелы, храбры, ўдалы. Ліхі казак. □ Ты стаў у атрадзе ліхім камандзірам бясстрашных сваіх .. арля[нят]. Машара.
2. Хуткі, імклівы. Ліхая язда. Ліхая атака. // Рэзвы, жвавы, гарачы (аб конях). Вёз у родны калгас свой нявесту жаніх На калёсах вясельных, на конях ліхіх. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зго́дны, ‑ая, ‑ае; ‑дзён, ‑дна.
1. Які выражае, дае згоду (у 1 знач.) на што‑н. — А яны ўсе згодны? — перабіў Рыгора Мілоўскі. — Вядома, што згодны, а то чаго б яны пайшлі сюды? Галавач.
2. з кім-чым. Які прытрымліваецца з кім‑н. адной думкі, адных поглядаў; салідарны з кім‑, чым‑н. Праўда, з дзеверам дружаць — У іх доля адна, Згодзен ён быць за мужа. Ды не згодна яна. Непачаловіч. І хоць абодва хлапчукі былі ў душы згодны з Зінай, але ім не хацелася, каб гэтае дзеўчанё думала, што яны слухаюцца яе. Скрыпка.
3. Які супадае з чым‑н.; падобны, аднолькавы. Сведкі далі згодныя паказанні.
4. Дружны; аднадушны. Так абое яны [Іван і Джулія], зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу. Быкаў. Не выстаяць бомбе ў змаганні з сям’ёю братэрскай, згоднай. Куляшоў.
5. Узгоднены, зладжаны. Патрэбна згодная, па выпрацаванаму плану, работа тысяч людзей, якая біла б у адзін пункт, а для гэтага трэба арганізацыя, у дадзеным выпадку настаўніцкая арганізацыя. Колас.
6. Стройны, гарманічны (пра музыку, спевы). — І крыжы на дол прыпалі І схінуўся верх лясоў І граць дзеду памагалі Хорам згодных галасоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незнаёмы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.
2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.
3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.
4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.
5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. пасек, ‑секла; заг. пасячы; зак.
1. што. Высечы, ссячы ўсё, многае. Слухаў ён [дыверсант], сам з сабой размаўляў, як п’яны: «Я вярнуся на гэту зямлю. Пасяку ўсе сады, папалю ўсе млыны, Хаты чорным агнём спапялю...» Куляшоў.
2. каго-што. Рассячы па кавалкі, падрабніць што‑н. Пасячы дровы. Пасячы мяса на катлеты. □ [Яніна:] Хоць на кавалкі пасячыце мяне, усё адно не пайду за нялюбага! Козел.
3. каго. Засячы, забіць усіх, многіх якой‑н. халоднай зброяй. Пасячы ворага шаблямі.
4. што. Параніць якую‑н. частку цела сякерай, секачом і пад. [Таццяна:] — Глядзі, дзетка маё, асцярожненька махай сякерай. Не дай бог, яшчэ нагу пасячэш. Асіпенка. // Пашкодзіць, папсаваць што‑н. Можа б Клім пасек бы падлогу і пабіў увесь посуд у хаце, каб урэшце не схапілі яго за рукі мужчыны. Ермаловіч. Андрэй плюнуў: «Пякло ўсё лета, як на скаварадзе сядзелі, а тут — град. Пасек усё на свеце. Дабіў недзе і на полі тое, што яшчэ асталося, не згарэла за лета». Пташнікаў.
5. што, чаго і без дап. Сячы некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.
2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.
3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.
4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.
2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.
3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.
4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.
•••
Родны склон гл. склон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)