ісціна, ‑ы, ж.

1. Тое, што адпавядае сапраўднасці, адлюстроўвае рэчаіснасць; праўда (у 1 знач.). Дашукацца ісціны. ▪ Разам з выступленнямі ў палках, батальёнах, ротах, на фабрыках, заводах, у вёсках прадстаўнікоў партыі — агітатараў, вялікую ролю адыгрывалі таксама калектыўныя агітатары — газеты, якія простай, даступнай мовай растлумачвалі рабочым, сялянам і салдатам ісціны жыцця. «Полымя». — Я вельмі паважаю Івана Фядотавіча, — і Вабрыцкі адважыў паклон у бок Салаўёва, — але як кажуць, Платон мне друг, ды ісціна даражэй. Дуброўскі.

2. У філасофіі — дакладнае веданне, якое правільна адлюстроўвае аб’ектыўную рэальнасць у свядомасці людзей. Сцвярджэнне прыродазнаўства, што зямля існавала да чалавецтва, ёсць аб’ектыўная ісціна. Ленін.

3. Палажэнне, сцверджанне, меркаванне, якое выяўлена навукай, праверана практыкай, вопытам. Бясспрэчная ісціна. Старая ісціна. ▪ Усё мае свой пачатак і канец. Ісціна гэтая вядома людзям з малых гадоў. Якімовіч. Няўжо не так? Няўжо вам не ахвота, Прыслухацца да ісціны старой, Што неспакой не лечыць адзінота, Што адзіноту лечыць неспакой? Куляшоў.

•••

Абсалютная ісціна — правільнае, вычарпальнае, поўнае веданне пра з’явы, прадметы аб’ектыўнай рэальнасці.

Адносная ісціна — правільныя, але няпоўныя веды, якія патрабуюць паглыблення і ўдакладнення.

Крытэрый ісціны гл. крытэрый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)