Трайні́к ’прадмет, які складаецца з трох частак’ (ТСБМ), ’вілы з трыма зубамі’ (Абабур.), ’рыбалоўны кручок з трох кручкоў’ (Мат. Гом.), ’вялікі кручок на тры зубы ў выглядзе якара’ (мёрск., Жыв. НС), ’трохпудовая гіра’ (Касп., Мат. Гом.), ’рыбалоўная крыга з двумя гегнямі (у выглядзе палазоў)’ (паст., шарк., ЛА, 1; брасл., ігн., лудз., паст., Сл. ПЗБ; ЖНС), ’камізэлька’ (Мат. Гом.), ’бёрда на 13 пасмаў’ (ТС). Утворана з трайны́ (< прасл. *trojьnъ‑jь < *troje) ’які складаецца з трох аднародных ці падобных частак’, ’які паўтараецца тры разы, у трох відах або павялічаны ў тры разы’ (ТСБМ), параўн. тройны́е вілкі́ ’трохзубыя вілы’ (ТС). Сюды ж: трайча́к ’рыбалоўная крыга’ (круп., шчуч., ЛА, 1), трайня́к ’моцны пітны мёд’ (Нас., Байк. і Некр.), якое, аднак, можа быць паланізмам, параўн. польск. trójniak ’сорт напітку з мёду’. Меркаванні Лаўмане (Лекс. балтызмы, 18) пра калькаванне лексемай трайні́к ’рыбалоўная прылада, крыга’ літ. tribradis, лат. trīnis, trijbridis ’тс’ не пераконвае, хутчэй гэта міжмоўнае арэальнае ўтварэнне з нявызначаным цэнтрам інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́да ’тое, чым прывабліваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (ТСБМ, Чач., Нас., Мал., Арх. Федар., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк.; віл., лях., маст., Сл. ПЗБ, ТС), ’настой пахучага зелля (якім крапілі вуллі)’ (віл., З нар. сл.), ’ласунак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пріна́да ’прынада’ (Бяльк.), пріна́дка ’невялікі вулей з кары для прываблівання пчол, які ставяць на дрэве’ (слаўг., Нар. сл.), принадэнка ’прынада’ (Булг.), ст.-бел. прына́да, прына́да пташа (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны назоўнік ад прына́дзіць. Стараж.-рус. принада ’прыбаўленне, далучэнне’, рус. паўд., зах., смал., бранск., дан. прына́да ’тое, чым прынаджваюць розных жывёл’, дан. ’сіло (для лоўлі птушак)’, смал. прина́душка ’прынада’, укр. прина́да ’тс’. Інакш Фасмер (3, 365), які прапануе складаны шлях утварэння: прыстаўкі *при‑, *на‑ + кантынуанты і.-е. каранёў *dō‑ ці *dhē‑, што не пераконвае; гл. таксама Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресень (і ве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ганабо́лі ’буякі’, ганабо́льнік ’дурнічнік’ (Шатал.). Параўн. яшчэ бел. назвы для Vaccinium uliginosum L.: п’яніцы, дурніцы, дурава, пʼянішніца, а галоўнае, галаваболь (гл. Кіс.). Ва ўкр. мове: безголов, буян, дурнопьян, дурниця, дурнина і, галоўнае, болиголов (гл. Макавецкі, Sł. botan.). Нягледзячы на тое што ў рус. мове дакладная адпаведнасць бел. слову — гонобо́ль (гл. Фасмер, 1, 437; варыянты: гонобо́бель, гоно́бель, гонобо́б, гонобо́й), якое Фасмер (там жа) лічыць магчымым табуістычным словам (’гонит боль’) з пазнейшымі эўфемістычнымі трансфармацыямі, зыходзіць, мяркуем, трэба з *головоболь: дысіміляцыяй плаўных л — л і двух губных в — б узнікла спачатку штосьці тыпу *гоновоболь, а потым гаплалогіяй *гоноболь. Іначай Махэк, Slavia, 23, 1954, 65. Не пераконвае Шанскі (1, Г, 127–128), які, прымаючы дысіміляцыйныя працэсы, зыходзіць ад прыметніка голубой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барбо́с (БРС). Рус. барбо́с, укр. барбо́с. Не вельмі яснае слова. Праўдападобнай з’яўляецца думка, што яно было занесена ў Расію праз прыгодніцкія раманы (у якіх, у прыватнасці, выступае ісп. разбойнік Barbosa, літаральна ’барадаты’: Борбос, Барбосс, Барбос; Фран Барбоса, разбойник гишпанский > ’злосны чалавек’ > ’злосны сабака’). Аб такой магчымасці сведчыць і іншая назва сабакі — рус. Полка́н (< італ. Pulicane, пачвара ў прыгодніцкім рамане «Buovo d’ Antona»). Кіпарскі, ZfslPh, 27, 32–34; Штрыдтэр, ZfslPh, 28, 72–75; Унбегаун, ZfslPh, 28, 58–72. Іншая версія: запазычанне з цюрк. моў. Раней аб гэтай магчымасці Кузеля-Чайкоўскі, Словар, 37 (< тат.); цяпер падрабязна Райзензон (пісьм.). Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 42, які бачыць тут утварэнне ад дзеяслова тыпу ўкр. барабо́сити ’балбатаць і да т. п.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́гыль ’нячысцік, нячыстая сіла’ (Бяльк.). Мяркуем, што можна гэта слова параўнаць з укр. а́гел ’сатана, д’ябал’ (Грынч.), таксама га́гел (апошняе на Сумшчыне, гл. Дарашэнка, ДБ, 9, 106) і далей з рус. царкоўным а́ггел ’злы дух, д’ябал, сатана’ (Даль). Усё паходзіць, мяркуем, з грэч. ἄγγελοβ ’пасланец (> ангел)’ (вымаўляецца: ангелос). У адрозненне ад слова ангел (гл.) тут замацавалася вымаўленне паводле графікі, напісання (магчыма, для дыферэнцыяцыі гэтых двух аднолькавых па паходжанню слоў). Сатана (як і бог) мае сваіх пасланцоў, ангелаў. Па хрысціянскай рэлігіі ангелы, якія праграшылі, знаходзяцца пад узначальваннем сатаны і служаць яму пасланцамі. Параўн. у ст.-рус. помніках: «оуготованыи огнь диѧволоу и ангеломъ ѥго» (Сразн., І, 22). Гл. таксама ў ст.-укр. помніках: «Мѣлъ злым Аггелъ розмову з першою родителкою нашею» (Цімчанка, 7). Адсюль а́ггел (а́гел) (< ангел) ’пасланец д’ябла’ > ’злы дух, д’ябал’. У бел. развіўся пратэтычны гук г‑ (га́гыль < а́гыль < а́гел). Не пераконвае Рудніцкі (521), які думае пра табуістычную дэфармацыю слова ангел.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршо́к 1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к 2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к 3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок 1 (гл.).

Вяршо́к 4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к 5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к 6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́н 1 ’кныр; дзікая свіння, дзік’ (БРС, ТСБМ). Укр. кабан, рус. кабан ’дзік, непакладаны кабан’. Лічыцца запазычаннем (для рус. мовы) з тат., параўн. тур. kaban ’тс’, гл. Фасмер, 2, 149; Слаўскі, 2, 8–9 (там і літ-pa). Бел. і ўкр. словы або запазычаны з рус. мовы, або, як паказвае геаграфія бел. слова (гл. ДАБМ, к. 291 «Назвы непакладанага кабана»), вынік узаемадзеяння гаворак. Гл. яшчэ аб бел. слове Асоўскі, Зб. Мілецічу, 257.

Каба́н 2 ’певень’ (ДАБМ, Шатал.). Вузкі арэал распаўсюджання ўказвае па запазычанне, рэлікт або інавацыю. Версія аб рэліктавым паходжанні прадстаўлена Асоўскім (SOc., 27, 1968, 167–171), які мяркуе, што кабан < *koban, якое да *kob‑ ’чары, варажба’. Як адзначыў Краўчук (Веснік БГУ, IV, 3, 1970, 64), гэта версія не пераконвае ні фанетычна, ні семантычна. Краўчук (там жа) мяркуе, што калі гэта не жартаўлівае ўжыванне назвы самца свінні для абазначэння пеўня, то запазычанне з ням. дыял. Kapphahn ’каплун’. Аднак такое ўжыванне не абавязкова было жартаўлівым. Мог адбыцца перанос ад назвы кабана як непакладанага самца, але гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія: слова кабан вядома на ўсходзе Беларусі (Магілёўшчына). Што датычыць другой версіі Праўнука, то звесткі аб значным працэнце нямецкага насельніцтва для некаторых раёнаў Беларусі (гл. Харузін, Слав. жил., 23–24) дапускаюць яе верагоднасць.

Каба́н 3 ’цаглянае скляпенне ў печы’ (КСТ; пасож., бых., КЭС; Мат. Гом.), ’топка печы’ (Шушк.). Укр. пал. кабан, кобан ’скляпенне печы’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад кабан ’драўляная форма для скляпення ў печы’, падрабязней гл. кабыла 2. Аб такім жа працэсе, магчыма, сведчыць укр. ковбиця ’печ, жарало печы’ і ’чурбан’. Рус. кабанчик ’пячная (гжэльская) цагліна бруском, вузкая, падоўжная, палавінчатая’, а таксама назвы жывёл паказваюць, што для бел., укр. кабан магчымы перанос па форме (форма скляпення і форма жывёлы). Параўн., аднак, кебка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)