Сулды́га ’частка нагі ад калена да пяткі’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ’вялікая костка’, перан. ’нага’ (Юрч.), сулды́жжа зборн. (мсцісл., З нар. сл.), сулды́жка ’частка рукі ад пляча да локця’, ’ніжняя частка галёнкі’ (Мат. Маг.), ’костка, масол’ (Бяльк.), ’вялікая костка’ (Юрч. Вытв.). Укр. дыял. сулды́га ’шчыкалатка’. З *sǫ‑lъdyga (гл. ладыга) (Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285; ЕСУМ, 5), роднаснае *lydъka (гл. лытка), адлюстроўвае карнявы вакалізм у ступені рэдукцыі (Слаўскі, 5, 391; Бязлай, 2, 145).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жалкі ’частка кумпяка (бядра)’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. жужулачкі, журжа 1 ’назвы цацак, што робяцца з касцей парасячай ці авечай нагі’. Параўн. рус. дыял. раст. журжелка ’цацка з косці’, ’бабка (для гульні)’, ’доўгая, худая нага’, кур. жижки ’калені’ (націск?). Жу‑, як і ў іншых згаданых словах, можа ўзыходзіць да і.-е. *geu‑ ’згінаць, скручваць’ (> *žu‑), прадстаўленага, напр., у літ. gur̃nas ’шчыкалатка; пятка; костка, што тарчыць’, лат. gùrns ’сцягно, кумпяк, костка сцягна, кумпяка’, хец. ku‑u‑tar (kuttar) ’верхняя частка пляча’, ісл. kjũka ’частка пальца’. Другое ж можа быць ці рэфлексам старога пашырэння ‑g‑, як у названай ісл. форме, ці паўтарэннем, ‑l‑ стары суфіксальны элемент, ‑ьk‑ новы суфікс. Покарны, 1, 393–398; Фрэнкель, 178–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лады́га 1, лады́ґа, лады́жка ’сцябло расліны’, ’сцябло дудкаватай расліны’, ’сцябло агуркоў без лісцяў’, ’ліст бурака са сцяблом’, ’кветканоснае сцябло цыбулі’ (Жд. 2, Нас., Сл. паўн.-зах.), польск., ст.-польск. łodyga ’сцябло расліны’, ’галоўка з насеннем’, ’сцябло капусных раслін’ (чэш. і славац. lodyha запазычаны з польск. — Махэк₂, 338). Паводле пашырэння лексемы ладыга можна дапусціць яе паходжанне з польскай мовы. Слаўскі (5, 137) мяркуе, што гэта паўн.-слав. лексема oldyga, якая мае той жа корань, што і прасл. oldi/oldy ’лодка’, звязанае з і.-е. *aldh‑ ’выдзеўбаны ствол дрэва, лодка-чайка’. Сюды ж светлаг. лады́га ’вялікі, дарослы хлопец’ і ўкр. лади́га ’луста, акрайчык хлеба’ (семантычныя пераносы паводле падабенства).

Лады́га 2 ’нага ад калена да пяты’, ’галёнка’, лады́жка ’тс’ (Нас.). Укр. сулдыга (< sǫ‑lodyga — гл. Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285) ’нага ад калена да пяты’, рус. лоды́га ’заканчэнне галёнкі’, ’шчыкалатка’, ’косць нагі’, ’бабкі’, ’вялікая стана нагі’, ’падваконнік’, ст.-рус. ’падножжа калоны’ (з XII ст.), ’косць для гульні’. Да лады́га 1. Названа паводле падабенства касцей канечнасцей да ствала, сцябла (Слаўскі, 5, 137), параўн. таксама літ. káulas ’косць’ — лац. caulis ’сцябло расліны’, ’рагавы стрыжань птушынага пяра’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня 1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня 2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня 1.

Клю́шня 3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́тка 1, лы́ткі ’акругленыя мышцы на задняй частцы нагі чалавека ад калена да ступні’ (ТСБМ, Гарэц., Дразд., Сцяшк., Шат., Касп., Растарг., Яруш., Мядзв., Бяльк., Нас., ТС, Сл. ПЗБ), ’нага ўвогуле’ (Нас.), ’сцягно, ляжка’ (Яруш., стаўб., КЭС), ’галёнка’ (КЭС, лаг.), лыдка ’лытка’ (Мат. Гом.); у выразе: лыткі кароткі ’рукі кароткія’ (Шат.). Укр. ли́тка ’лытка’, закарп. і паўд.-валынск. ’сцягно’, рус. лы́тка, лы́тки ’нага’, ’пярэдняя нага свінні’, ’задняя нага свінні’, ’тонкія, худыя ногі’, ’сцягно, ляжка’, ’калені, ступні’, ’пята’, ’косць нагі’, ’тоўстая косць нагі жывёлы’, ’шчыкалатка’, ст.-рус. лытка ’галёнка’, ’нага’, ’кумпяк’; польск. łydka, łytka ’лытка’, ’сцягно’, ’ягадзіца’; ст.-чэш. lýtka ’лытка’, ’галёнка’, славац. lýtka ’лытка’, усх. ’сцягно’; славен. lȋtka ’лытка’, с.-балг. лытка, литка ’галёнка’. Прасл. дыял. lydъka ’мясістая частка нагі — пераважна, лытка, а таксама і сцягно, галёнка’ (Слаўскі, 5, 388–391). Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш пераканаўчай з’яўляецца думка Шустара–Шэўца (Slavia, 32, 166–169; ZSl, 8, 873) аб роднасці з прасл. glyda (польск. дыял. głyda, głydy, głytka, głytki), якое чаргуецца галоснай у корані з gluda з агульнасцю семантыкі ’выпуклае, ком, гуз’ (рус. глуда ’ком’, славен. glȗta ’шышка’) < і.-е. *gleu‑d‑/*gleu‑t ’аб выпуклым, круглым’.

Лы́тка 2 ’вузкая палоска зямлі’ (ушац., Нар. сл.). Відавочна, спачатку лытка ’нага’ абазначала меру даўжыні (параўн. ст.-бел. стопа, крокъ), пасля — прастору, якую гэтай мерай найчасцей вымяралі. Параўн. аналагічна лы́нда 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)