галюцына́цыя, ‑і, ж.

Абман зроку, слыху, нюху або дотыку, які ўзнікае ў выпадку расстройства дзейнасці мозга; уяўнае адчуванне таго, чаго ў сапраўднасці няма. Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму, ці гэта проста галюцынацыя слыху? — ..Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Колас. — Трэба супакоіцца. Галюцынацыя, нервы... Цьфу! Белыя тапачкі... Здасца ж такое, — сам сабе засмяяўся Анатоль. Ваданосаў.

[Лац. hallucinatio — трызненне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глу́пства, ‑а, н.

1. Дурны ўчынак, дурная думка; недарэчнасць, бяссэнсіца. А Казімір гаварыў: — Да чаго ж яшчэ дурныя людзі. Маліцца каменю? Цьфу! Каб ты, Марта, больш гэтага глупства не рабіла. Пестрак. Усе ведалі, што Дзям’ян, працавіты і сумленны чалавек, глупства не скажа, бо мае розум і любіць справядлівасць. Кавалёў.

2. Пра што‑н. нязначнае, дробязнае. З-за глупства не спрачайся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спрах, ‑ла; зак.

Сатлець, збуцвець, ператварыцца ў парахню. Папера спрахла. / у перан. ужыв. Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галанку. Быкаў.

•••

Каб ты (ён, яна і пад.) спрах — ужываецца як праклён, вырашэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. Цьфу, каб ты спрах, — вылаяўся Тульба. Радкевіч. [Лявон:] — Толькі, от каб яно спрахла, дзе тая паперка? Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.

1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.

2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тфу — выклічнік, імітуе плявок, пляванне для выказвання абурэння, незадаволенасці, злосці, расчаравання, часам здзіўлення і інш. (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Пятк. 3, Вруб.): усе яны проціў яго тфу! (Сержп. Прымхі), тху (Пятк. 2), птху (ТС), ту: ту на цябе! (Нас.), цю (тю): тю на тебе! (Растарг.), цьфу (Бяльк.). Параўн. укр. тьху, тьфу, тьфе, тфу, рус. тьфу, тфу, пфу, фу, польск. tfu, pfu; чэш. fuj, pfuj, pfy, pf pff, славац. tfi, pfi,fuj, славен. fȅj, fȕj, серб. фуј, пих, харв. fȕj, балг. фу, тю, макед. па. Гукапераймальныя ўтварэнні, якія перадаюць натуральныя гукі пры дзеянні, што першапачаткова мела культавы характар (Германовіч, Междом., 28). Для ўсх.-слав. тфу, тьфу няма падстаў дапускаць запазычанне, як гэта робіць Арол (4, 127), гл. Норман, IJSLP, 35–36, 176; параўн. у беларускім ідышы tfu, нова-в.-ням., н.-ням. pfui, франц. fi, ісп. puf, англ. fie, грэч. φῦ, φεῦ, лац. , тур. pu, puf (Фасмер, 4, 134; ЕСУМ, 5, 692; Сной₂, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй; дзейнасць ўяўлення, фантазіі. Даурскія стэпы!.. Я ўяўляў вас не такімі. Таму тое, што ўбачыў, разышлося з маімі маралі, з маім уяўленнем. Корбан. З рэальнага грунту разважання Лабановіч паволі з’ехаў у павабны край прыгожых мар. Колас.

2. Жаданне, імкненне. Вышэй! Яшчэ вышэй! Няма ў пілота іншай мары. Крапіва. Камандзірава мара памалу збывалася: ужо напалову конны атрад мог хадзіць у даволі далёкія рэйды. Брыль. // Прадмет чыіх‑н. жаданняў, імкненняў. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.

3. Аб чым‑н. нерэальным, неіснуючым, што не адбылося. Пустыя мары.

4. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. незвычайна прыгожым, жаданым; вышэйшая ацэнка чаго‑н. Не туфлі, а мара.

мара́, ы́, ж.

Абл. Прывід, здань, насланнё. Вось-вось пакажацца звяруга!.. Ды доўга гэта штось патуга — Няма, а быць ужо пара. Цьфу, ты! Што ж гэта за мара? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.

2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.

3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.

4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́пасть ж.

1. (обрыв, бездна) про́рва, -вы ж., бе́здань, -ні ж., бяздо́нне, -ння ср., прадо́нне, -ння ср.;

доро́га над про́пастью даро́га над про́рвай (бе́зданню, бяздо́ннем, прадо́ннем);

2. перен. (глубокое расхождение) про́рва, -вы ж.;

3. (множество) разг. про́цьма, -мы ж.; бе́зліч, -чы ж.;

у меня́ про́пасть дел у мяне́ про́цьма (бе́зліч) спраў;

про́пасти на тебя́ нет бран. пагі́белі на цябе́ няма́;

тьфу, про́пасть! цьфу, згінь ты!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

згарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. Знішчыцца агнём. У шалёнай злосці афіцэр загадаў падпаліць гумно. Яно згарэла, як свечка, сярод белага дня. Сабаленка. — Пажар здарыўся, згарэла ўсё. Чорны. // Зрасходавацца для ацяплення, асвятлення. Дроў згарэла многа, а печ не нагрэлася. За вечар у лямпе ўся газа згарэла.

2. Разм. Страціць маёмасць у выніку пажару; аказацца ў становішчы пагарэльца. Ад маланкі згарэў не адзін гаспадар.

3. Сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву; падгарэць. Сала згарэла на скаварадзе. Хлеб згарэў у печы.

4. Разм. Засохнуць ад сонечнай спёкі (пра расліны). Пасевы згарэлі. □ — Такі туман. Днём зноў будзе пячы. Бульба ў гародзе згарыць. Зямля як попел. Пташнікаў.

5. Моцна загарэць, атрымаць сонечныя апёкі. Плечы згарэлі.

6. Згніць, сапрэць зляжаўшыся (пра сена, зерне і пад.). Сена згарэла ў стозе. Згарэла зерне ў кучы. □ — Бульба, яна грэецца. Ды асабліва, калі макраватую ссыпаюць. Вось і перагрэлася, згарэла ўся. Асіпенка.

7. перан. Страціць фізічныя і духоўныя сілы, расходуючы іх без меры. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Шамякін. Душой і песняю я за жыццё згару! Трус. // Памерці (ад нягод, перанапружання або скарацечнай хваробы). Бацька, як лучына, У турме згарэў. Бядуля. За Радзіму ты ў бітвах змагаўся, За яе ты ў рабоце згарэў. Прыходзька.

8. перан. Зведаць якое‑н. пачуццё; загінуць ад якога‑н. моцнага пачуцця. — Кахала яна вельмі... Не паглядзела, што з сям’ёй, што хворы... Вось і згарэла ля яго. Мехаў.

•••

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

Каб ты (ён, яна і пад.) згарэў; хай ён (яна і пад.) згарыць — ужываецца як праклён, выражэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. Цьфу, каб ты згарэў, гэтакі чалавек. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе!цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік тото: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. туту, польск., чэш. tutu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)