Райло́, ро́йла ’непарадак’ (Бяльк.). Створана пры дапамозе суф. ‑л(о) з экспрэсіяй зніжанасці па мадэлі: пухнуцьпухло ’дрыгва, патапеча’, раўціраўло ’крыкун’ (Сцяцко, Афікс. наз., 49). Падобным чынам утворана піцьпойла. Імаверна, роднаснае да рыць, адсюль магчыма, рыцьройла, што вынікае з развіцця фарманта *rou‑/roi‑/rū‑ з рэгулярнымі чаргаваннямі ў славянскіх мовах. Адпаведна райло/ройла ’тое, што перарыта, перакопана, кінута ў непарадку’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пачы́н ’пачатак, зачынанне’ (Нас.), слаўг. ’першая сяліба, выселак, вёсачка’ (Яшк.). Укр. почи́н ’пачатак’, рус. почи́н ’тс’, ’ініцыятыва’, чэш., славац. кніжн. počin ’тс’, ’дзеянне’, ’учынак’, ’пачынанне’, балг. по́чин ’пачын’. Утворана ад прасл. дзеяслова počęti пры наяўнасці ўжо існаваўшай лексемы činъ, якая ўзыходзіць да і.-е. *k​uei̯‑n‑u‑ ’укладанне пластамі, упарадкаванне’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 4, 114), суфікс ‑n‑ у činъ мае выгляд і функцыі першаснага іменнага фарманта, як і konъ. Больш падрабязна пра činъ гл. SP, 2, 200–201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел. сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус. сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус. сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́смы ’пасмы валасоў’ (ТСБМ, Нік. Напаў., Яруш., Мат. Гом.). Укр. косм, рус. космы ’тс’, ст.-рус. космъ ’пасма валасоў’, балг. косъм ’волас’, макед. косма, славен. kósma ’тс’, польск. kosm ’пасма валасоў’, чэш. kosm ’тс’, в.-луж. kosm ’волас’. Прасл. kosmъ было ў апошні час супастаўлена (Кноблах і Трубачоў, Эт. сл., 11, 147) са ст.-грэч. κόσμος ’парадак, аздабленне’. У сувязі з гэтым паўстае пытанне аб ідэнтычным паходжанні ст.-грэч. κόμη ’валасы’ (*kosma > *komā там жа). Менш надзейная сувязь з прасл. kosa з далучэннем функцыянальна няяснага фарманта ‑m‑. Гл. SP, 2, 13.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́йкаць1 ’укалыхваць, люляць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’пагаворваць’ (Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне ад выклічніка бай‑бай, што азначае «ўкалыхванне дзяцей», і вядомага ва ўсіх усх.-слав. мовах (з тыповым у адвыклічнікавых утварэннях суфіксам ‑к). Ёль (IF, 57, 11) лічыць бай‑бай (як і англ. bye, bye ’тс’) гукапераймальным. Аднак не выключаецца сувязь з слав. *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць), параўн. Брандт, РОБ, 18, 28. Фасмер (1, 106, 140) дапускае абедзве магчымасці.

Ба́йкаць2 ’гаварыць што-н., плявузгаць’ (Юрч.), ’пагаворваць’ (Гарэц., Нас.). Рус. ба́йкать ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑к‑ (частым у эмацыянальных дзеясловах) ад *bajati ’гаварыць’ (гл. ба́іць). Суфікс ‑к‑ у слав. мовах меў значэнне фарманта дэмінутыўнасці ў дзеясловах (захаваўся як прадуктыўны, напр., у зах. гаворках укр. мовы, у зах. і паўд.-слав. мовах). З апошняй літ-ры гл. Чарнецкі, Мовознавство, 1970, 5, 42–48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́гаць, пры́гнуць ’скакаць, скокнуць’ (Бяльк.), прыга́ць ’тс’ (Янк. 2); таксама перан. пры́гаць ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі (пра карову)’ (чач., ЛА, 1). Агульная ўсходнебеларуская лакалізацыя зафіксаваных форм паказвае на запазычанне з рус. пры́гать. У рускай мове лічыцца ўласным утварэннем ад прасл. кораня *pryg‑ < *prūg‑, які з’яўляецца працягам і.-е. *preu̯‑/*prou̯‑/*prŭ‑ з фармантам ‑g‑ (Чарных, 2, 77). Без гэтага фарманта корань (часткова ў назалізаванай форме) рэалізуецца таксама ў назоўніку пружы́на, прыметніку пры́ткі1 (гл.), дзеяслоўнай аснове рус. пряг‑ (< *pręg‑, параўн. напрягать). Роднасныя неславянскія ўтварэнні знаходзяць перш за ўсё ў балтыйскіх мовах з пачатковым s‑: літ. sprùgti, (is)sprùkti, sprùkstu ’ўцячы, выслізнуць’, лат. sprùga, sprūgt, sprùku ’тс’ (Фасмер, 3, 390–391; Чарных, 2, 77; там жа гл. іншыя, больш далёкія паралелі і крытычны агляд папярэдняй літ-ры). Гл. таксама пры́жыць2.

Прыга́ць, пріга́ць ’прагна есці’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Дыялектны фанематычны варыянт дзеясловаў пра́гнуць, прэ́гці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тло ’частка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тло ’частка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рзаць, ту́рзаті, ту́рзаты ‘тузаць (пра балячку, якая нарывае)’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы, Федар. 4, Зайка Кос., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; пін., ЖНС), ‘нарываць’ (слонім., Нар. словатв.), ‘скубсці, разрываць’ (Ласт.), ‘тузаць лейцамі’ (ТС), ту́рзаті ‘тузаць каго-небудзь’ (Чэрн.), ту́рзаті ‘расцягваць кужаль на валокны’ (пін., Шатал.), ту́рзаць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘торгаць туды-сюды, імкнучыся адчыніць што-небудзь’, ‘нудзіць, рваць’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’ (Сл. ПЗБ). Параўн. рус. терза́ть ‘раздзіраць, рваць, мучыць’, балг. дыял. то̂рзам ‘палоць’, серб. тр̏зати ‘тузаць, рваць’, славен. trzati ‘торгаць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад тырзаць (гл.) з варыянтнай асновай, што ўзыходзіць да *tr̥gati з чаргаваннем фарманта і.-е. ‑g‑/‑ǵ‑, параўн. ст.-слав. тръѕати ‘тузаць, рваць, раздзіраць’ < прасл. *tъrgati (Шустар-Шэўц, 1519; ESJSt, 16, 990), у выніку трэцяй палаталізацыі прасл. *tъrzati (Сной₂, 790). Меркаванні пра запазычанне з літ. tur̃šinti ‘страсянуць, патрэсці’ (Весці АН БССР, 1971, 1, 96) непрымальныя па семантычных і фармальных прычынах, параўн. Смачынскі, 696. Сюды ж турзы́каць ‘турзаць’ (брасл., Сл. ПЗБ) з ускладненнем асновы суфіксам ‑ык‑. Параўн. торгаць, тургаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламы́тка ’панос’ (Мат. Маг.). Рус. каламытка ’тс’. Статус бел. лексемы няясны. Фіксацыя, аднак, і рус. слова прадстаўлена на абмежаванай тэрыторыі і гэта не дазваляе думаць пра банальнае запазычанне або пра інфільтрацыю. Наяўнасць жа сепаратных сувязей нельга аспрэчваць, хоць і няясна, на якой тэрыторыі знаходзіўся цэнтр інавацыі. Слова, як здаецца, было ўтворана на базе больш шырока вядомага мыт ’панос’ (гл.). Паколькі гэта слова вядома і ў рус. і ва ўсх.-бел. гаворках, яно не вырашае пытання аб напрамку інавацыі. Адносна першай часткі лексемы каламытка можна выказаць наступныя меркаванні. Нельга выключыць магчымасці ўтварэння слова з пачатковым эспрэсіўным фармантам кала‑ (кола‑) няяснага паходжання (відаць, выдзяляецца як самастойная частка з складаных слоў). Існаванне такога фарманта пацвярджаецца шэрагам прыкладаў: рус. бран. коломат ’крык, шум і інш.’, укр. бук. калабусьок ’бусел’ і інш., на жаль, не вельмі ясных этымалагічна. З другога боку, нельга выключыць сувязі першай часткі слова са слав. kalъ, пэраў», бел. дыял. каліцца ’спаражняцца’. Трэба ўлічыць таксама, што другая частка разглядаемага слова суадносіцца з дзеясловам тыпу рус. мытить. Адносна значэння параўн. у Даля, 2, 956: «Хворать мытом, поносом». У такім выпадку каламытка ў большай меры нагадвае ўтварэнні тыпу бел. каламут, рус. колоброд і да т. п., аднак генезіс першай часткі слова няясны. Гл. яшчэ адносна этымалогіі другой часткі мыт, мытуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)