це́рці, тру, трэш, трэ; тром, траце́, труць; цёр, цёрла; тры; цёрты; незак., што.

1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па чым-н.

Ц. падлогу шчоткай.

Ц. спіну мачалкай.

2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць што-н. у парашок, у дробную аднародную массу.

Ц. тытунь.

Ц. мак.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра абутак, адзенне: будучы цесным, нязручным, націраць, пашкоджваць скуру.

4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым.

Ц. лён.

|| аднакр. церану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́; -ну́ць; -ні́ і цярну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, церняце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю́, ло́міш, ло́міць; ламі; лама́ны; незак.

1. што. Згінаючы або ўдараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго-н. або раздзяляць што-н. на часткі.

Л. вецце.

Л. лёд.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць.

Л. крылы.

Л. ногі.

3. што. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць.

Л. стары дом.

4. перан., што. Пераадольваць, знішчаць што-н. аджыўшае.

Л. старыя звычаі.

5. перан., каго-што. Рэзка (крута) змяняць.

Л. свой характар.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты.

Ломіць косці.

Ламаць галаву над чым (разм.) — біцца над рашэннем якой-н. задачы, якога-н. пытання.

Ламаць шапку перад кім (уст.) — уніжацца, ліслівіць.

|| зак. палама́ць, -ламлю́, -ло́міш, -ло́міць; -лама́ны (да 2 знач.) і злама́ць, зламлю́, зло́міш, зло́міць; зламі; злама́ны (да 1—4 знач.); наз. пало́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж. (да 2 знач.).

|| наз. лама́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і ло́мка, -і, ДМ -мцы, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Паха́бны ’непрыстойны, бессаромны’ (ТСБМ). З і рус. поха́бный ’тс’, пск., цвяр. ’дрэнны, мізэрны’ (параўн. рус. ха́бить, рус.-ц.-слав. хабити, укр. оха́бити ’жаваць’, ц.-слав. похабъ ’вар’ят, дзікі’, польск. chaba ’кляча’, chaby ’косці, што вытыркаюцца з-пад скуры’, чэш. ochabiti ’знясіліць’, ochabnouti ’зрабіцца вялым’, паўд.-чэш. vochabnout ’змізарнець’, мар. ochápalý ’хворы’, ’напалоханы’, чэш. і славац. chabý ’вялы, млявы’, ’малы’, ’баязлівы’, славен. hábiti, серб.-харв. ха̏битипашкоджваць, зношваць’, балг. хабя, изхабя ’псую’, ц.-слав. охабьнъ ’кепскі’. Прасл. xabъ, роднаснае да ст.-грэч. κωφός ’млявы, бездапаможны, нямоцны (пра стралу кепскага стралка)’, ’бязгучны, тупы на слых’ > ’глухі’, ’упалы духам’ > ’неразважлівы’, да літ. kàpti ’рабіцца млявым’ < і.-е. *kōphos (Махэк₂, 194–195), у якім k > x, а ‑b‑ з семантычна блізкага slabъ ’слабы’. Пры гэтым ён указвае на нерэгулярнае і.-е. *ph. Младэнаў (664) і Петарсан (KZ, 47, 286) таксама звязваюць іх з і.-е. адпаведнікамі, якія абазначаюць цялесную слабасць: лац. hebes, арм. xul ’глухі’, але рэканструююць і.-е. *khābh‑/*qhōbl‑ ’знямоглы, абыякавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ліць, му́ляць, драг. му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр. му́лити, рус. му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск. mulać ’муліць’, славен. múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв. му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг. шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл. muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ. šmùlas, лат. šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел. шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус. му́ліць ’выпрошваць’ і літ. maũlyti ’канькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

це́рці, тру, трэш, трэ; тром, траце; пр. цёр, церла; заг. тры; незак., каго-што.

1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па паверхні чаго‑н. [Зося] трэ па гарачай скаварадзе подмазкай, ад чаго скаварада шыпіць, і ад яе ідзе пахучы сіняваты дымок. Крапіва. Неўзабаве ў хату ўвайшла бабка і стала церці застылыя рукі. С. Александровіч. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // Водзячы ўзад і ўперад чым‑н. або па чым‑н., ачышчаць, мыць, надаваць бляск і пад. У святочныя дні дзед .. яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.

2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць у парашок, у дробную аднародную масу. Церці тытунь. □ [Стэфа] церла мак, рашчыніла цеста на бліны. Арабей.

3. і без дап. Будучы цесным, нязручным, выклікаць боль, пашкоджваць скуру. Чаравікі труць. □ І пакуль вылечыўся, [Вялічка] не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. Чорны.

4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым. У Малінаўцы лён церлі талакой. Чарнышэвіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

поража́ть несов.

1. (наносить удар) паража́ць; удара́ць; (попадать во что-л.) папада́ць (у што), трапля́ць (у што);

2. (побеждать) паража́ць, перамага́ць; (разбивать) разбіва́ць;

3. мед. пашко́джваць; разбіва́ць; (лишать зрения, слуха и т. п.) пазбаўля́ць зроку (слы́ху і да таго́ падо́бнае), рабі́ць сляпы́м (глухі́м і да таго́ падо́бнае);

4. перен. (производить сильное впечатление) уража́ць, ура́жваць; (удивлять) здзіўля́ць, дзіві́ць;

5. юр. пазбаўля́ць (каго, чаго); см. порази́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тачы́ць 1, тачу, точыш, точыць; незак., што.

1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру. Чорны. // Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).

2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне. Грахоўскі. // без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.

•••

Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.

Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).

Тачыць нож на каго — задумваць зло супраць каго‑н.

тачы́ць 2, тачу, точыш, точыць; незак.

1. што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно. Чыгрынаў. Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве... Пташнікаў. / Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў. Чарнышэвіч. І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага... Караткевіч.

2. перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча. Чорны. Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́ць ’апрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоску ’апрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)