тачы́ць 1, тачу, точыш, точыць; незак., што.
1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру. Чорны. // Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).
2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне. Грахоўскі. // без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.
•••
Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.
Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).
Тачыць нож на каго — задумваць зло супраць каго‑н.
тачы́ць 2, тачу, точыш, точыць; незак.
1. што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно. Чыгрынаў. Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве... Пташнікаў. / Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў. Чарнышэвіч. І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага... Караткевіч.
2. перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча. Чорны. Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца. Лынькоў.