навалачы́ся, ‑лачэцца; пр. навалокся, ‑лаклася, ‑лося; зак.

Разм.

1. Пагард. Прыйсці куды‑н. у вялікай колькасці. Рыгор з пагардай зірнуў на брата, нібы ён адзін быў вінаваты ў тым, што ў старую бацькаву хату навалакліся гэтыя паліцыянты. Сабаленка. Толькі зазелянеў [вінаград], як чорныя дні насталі: нямецка-фашысцкая нечысць навалаклася. Кавалёў.

2. Насунуўшыся, закрыць, засланіць сабою. Разам з ноччу навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што.. [брызентавая накідка] не ратавала. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́скудзь ’нягоднік’ (Варл.), ’брыда’ (Стан.), ’нечысць’ (Байк. і Некр.), по́шкудзь ’гнюс’, ’благі чалавек’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Гл. паскуда; сумненні ў традыцыйнай этымалогіі *pa‑skǫda (< *po‑skǫditi, гл. шчадзіць, ашчаджаць) па семантычных і словаўтваральных прычынах выказвае Банькоўскі (2, 510): мяркуе пра сувязь са стараж.-рус. кудити, параўн. пракуда, гл.). Саўка (Запісы 23, 55–56) выводзіць з літ. paskaũdinti ’выклікаць боль’ < skaudùs ’балючы, пакутлівы, хворы’, чым тлумачыцца таксама варыянтнасць по‑/па‑ і “традыцыйная” для балтызмаў альтэрнацыя с/ш, што пры ўліку верагоднага ўсходнеславянскага паходжання польск. paskuda (Банькоўскі, там жа) здаецца мажлівым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́радзь ’неўраджай, неўрадлівы год, недарод’ (Сцяшк.; любан., Жыв. сл.; слаўг., Нар. сл.), нёродзь ’тс’ (ТС). Сюды ж нерадзь (nieradź) ’дробныя ягады; заморкі, няўдалая гародніна’ (Жд. 1; в.-дзв., Шатал., Арх. Фед., ТС), ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ (Сл. ПЗБ), ’машкара’ (свісл., карэл., Сл. ПЗБ), нэрадзь (нэраць) ’тс’ (зэльв., Сл. ПЗБ). З не і радзіць (гл.). Меркаванні пра запазычанне часткі пералічаных слоў са значэннем ’машкара’, ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ з літ. пегёсіа ’нікчэмнасць, нечысць (пра мух), ненасытны чалавек, пераборлівае ў ядзе парася’ (гл. Сл. ПЗБ) не пераконвае, паколькі значэнне ’машкара’ добра выводзіцца са значэння, ’нешта дробнае, малое, дрэннае’, што ў сваю чаргу з ’якое не ўрадзілася’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хі́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Драпежны (пра жывёл, птушак). Дзве пуначкі звілі гняздо сабе, у скалах выбралі высока месца. Яно адтуль і вецер не саб’е, і хіжы звер туды не дабярэцца. Дубоўка. // Які належыць, уласцівы такім жывёлам. Здымаючы густы нагар Са свечак курадымлівых, Падумаць нат не мог друкар, .. Што будзе столькі добрых кніг Пра глухамань напісана, Дзе звер знакі слядоў сваіх Абнюхваў хіжай пысаю. Барадулін.

2. перан. Які імкнецца да панавання, нажывы; жорсткі (пра чалавека). Хіжы вораг паліць хаты, разбурае гарады. Машара. [Косця:] — А такіх, як яна [Галя], толькі і шукае розная варожая нечысць. І яе знайшоў і прыбраў да рук хіжы і каварны шпіён Станіслаў Гарадзюк. Сабаленка. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, жорсткасць. Твар [Касарэвіча] хіжы, драпежны, але на вуснах — усмешка... Навуменка. Да чаго ж я ненавіджу Пахавальны гул арганаў, Служак боскіх погляд хіжы, Шапаточак іх паганы! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)