убо́гі, -ая, -ае.
1. Надта бедны, жабрацкі.
Убогая хаціна.
Убогая душа (перан.).
2. Які мае калецтва, фізічны недахоп (разм.).
Пышная душа ва ўбогім целе (прыказка). Падышла ўбогая (наз.).
|| наз. убо́гасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
непрацаздо́льнасць, ‑і, ж.
Няздольнасць да працы (у выніку хваробы, калецтва, старасці і пад.). Часовая непрацаздольнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ві́ра 1, ‑ы, ж.
Грашовы штраф за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека ў Старажытнай Русі.
ві́ра 2, выкл.
У мове будаўнікоў, партовых грузчыкаў і інш. — падымай уверх!; проціл. майна 1.
[Ад іт. vira — паварочвай.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скале́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм. Атрымаць цяжкае калецтва; знявечыць сябе. Кірэйка як скокнуў на дол, дык і скалечыўся. Марціновіч. У лепшым выпадку можна сарвацца і запэцкацца ў гразь, а то можна ўпасці ў яму.. і скалечыцца. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакале́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакалечыць.
2. у знач. прым. Які атрымаў калецтва; знявечаны. [Алена] спынілася каля лавы.., падняла посцілку, зірнула на мёртвы пакалечаны твар дзяўчыны і самлела. Чарнышэвіч. // Які атрымаў значныя пашкоджанні, даведзены да нягоднасці (пра рэчы, прадметы). Дрэвы.. стаялі пакалечаныя, і замест галінак тырчалі ў розныя бакі кароткія абрэзкі сукоў. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узако́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узаконіць.
2. у знач. прым. Устаноўлены, вызначаны якім‑н. законам, пастановай. Я лаўлю [рыбу] ўзаконеным метадам, — сказаў Вярстоўскі. Гаўрылкін. Не любіў і не паважаў [Фокін] аўтарытэтаў, апрача свайго, а ўзаконеныя правілы і распараджэнні лічыў, што яны пісаліся не для яго. Машара. // Які стаў звычайным, перастаў хваляваць, звяртаць на сябе ўвагу. [Дзядзька Міша:] — Гэта не гульня, не спорт,.. а .. узаконенае калецтва! Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Учыніць каму‑н. цяжкае калецтва, зрабіць калекам. Адмаўчалася Зося. Не пікнула нават, абы толькі паляжаць яшчэ дзянёк, каб не скалечыць сябе на ўсё жыццё. Крапіва. [Савасцянчык:] — Кінуць жывёлу на дажджы... Хамут жа намокне, вы ж каня скалечыце, пакуль да сваёй Лонвы даедзеце. Пташнікаў. // што. Сапсаваць што‑н., пашкодзіць. І мы парашылі машыну разбіць, скалечыць так, каб ні адна дэталь не магла быць скарыстана. Шамякін. [Лора:] — Тыя прафесары, што вучылі мяне, скалечылі мой голас назаўсёды. Вітка.
2. перан.; што. Маральна знявечыць, сапсаваць. Скалечыць душу. □ Спрактыкаваны педагог, .. [Адам Юр’евіч] добра ведаў, што дзіцячы розум вельмі лёгка можна скалечыць няправільным выхаваннем, і стараўся, каб яго дзеці з маленства пранікаліся павагай да людзей працы. Майхровіч. З болем гляджу на чалавека, якога знявечыла, скалечыла жыццё, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скале́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скалечыць.
2. у знач. прым. Які мае цяжкае калецтва; знявечаны. [Таццяна].. адхіснулася назад, убачыўшы жудасны малюнак: разварочаны акоп, скалечаныя целы забітых. Шамякін. Калі б не скалечаныя, распухлыя пальцы і набрынялая застарэлым болем нага, дык.. [Сотнікаў] збольшага адчуў бы сябе здаровым. Быкаў. // Сапсаваны, непрыгодны. А мы ўсе ля палутаркі скалечанай І тупаем, і возімся з Гурко. Чэрня. Кожны дом, што знаёмы да болю, І ўсіх вуліц скалечаны брук Пракліналі, як воспу, няволю, Сумавалі без сынавых рук. Астрэйка.
3. перан.; у знач. прым. Маральна знявечаны, сапсаваны. [Бландзін:] — Дайце мне кулямёт! Я ўсю вайну марыў адплаціць фашысцкаму зверу за скалечанае жыццё... Ваданосаў. [Генрых Тоўхарт:] — На вайну я трапіў на разбор шапак. Аднак прыйшоў дадому са скалечанай душой. Нас разбілі. Чорны.
4. у знач. наз. скале́чаны, ‑ага, м. Калека. Скалечаных Усе шпіталі поўны... За што, за што Пакутуюць яны? Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак.
1. што. Зрабіць з аднаго што‑н. другое, перавесці ў другі стан, надаць зусім іншы выгляд, змяніць якім‑н. чынам. Ператварыць край у квітнеючы сад. □ У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. Немцы ператварылі Мінск у руіны. Шкраба. // Змяніць змест, характар чаго‑н., надаць чаму‑н. іншы сэнс. Ператварыць справу ў забаўку. □ Бязрукія паказвалі сваё голае калецтва і енчылі, вымушаныя ператварыць свае няшчасці ў прафесію. Чорны. — А мы не ператворым чужы сакрэт у набытак для плеткароў? — парушыла маўчанне Таня. Машара.
2. што. Ажыццявіць на справе што‑н., увасобіць у чым‑н. пэўным, канкрэтным. Цяпер трэба рыхтавацца да паўстання, каб скінуць уладу буржуазіі і сілай зброі ўстанавіць Савецкую ўладу. Усё гэта зрабіць нялёгка, але магчыма. Трэба гэтую магчымасць ператварыць у сапраўднасць. Гурскі. Казкі ўсе ператварылі на сапраўднасць мы, на былі. Дубоўка.
3. у каго-што. У казках, паданнях — прымусіць змяніць свой твар, выгляд, перавярнуць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Чараўнік ператварыў чалавека ў дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убо́гі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.
2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убо́гі, ‑ага, м.; убо́гая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.
3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. □ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.
4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)