скале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго. Учыніць каму‑н. цяжкае калецтва, зрабіць калекам. Адмаўчалася Зося. Не пікнула нават, абы толькі паляжаць яшчэ дзянёк, каб не скалечыць сябе на ўсё жыццё. Крапіва. [Савасцянчык:] — Кінуць жывёлу на дажджы... Хамут жа намокне, вы ж каня скалечыце, пакуль да сваёй Лонвы даедзеце. Пташнікаў. // што. Сапсаваць што‑н., пашкодзіць. І мы парашылі машыну разбіць, скалечыць так, каб ні адна дэталь не магла быць скарыстана. Шамякін. [Лора:] — Тыя прафесары, што вучылі мяне, скалечылі мой голас назаўсёды. Вітка.
2. перан.; што. Маральна знявечыць, сапсаваць. Скалечыць душу. □ Спрактыкаваны педагог, .. [Адам Юр’евіч] добра ведаў, што дзіцячы розум вельмі лёгка можна скалечыць няправільным выхаваннем, і стараўся, каб яго дзеці з маленства пранікаліся павагай да людзей працы. Майхровіч. З болем гляджу на чалавека, якога знявечыла, скалечыла жыццё, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)