ІНВАЛІ́ДНАСЦЬ (ад лац. invalidus слабы, хворы),

працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе. У залежнасці ад ступені страты адрозніваюць 1, 2 і 3-ю групы І. Пры наступленні І. назначаюцца пенсіі або штомесячныя дапамогі, прадастаўляюцца інш. віды забеспячэння і абслугоўвання. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае наступныя прычыны І., кожная з якіх мае пэўныя прававыя вынікі: агульнае захворванне (у т. л. калецтва, не звязанае з вытв-сцю або работай); калецтва прац. і прафес. захворванне; раненне (кантузія ці калецтва, атрыманыя пры абароне дзяржавы, пры выкананні інш. абавязкаў ваен. службы) або захворванні, спалучаныя са знаходжаннем на фронце; калецтва, атрыманае ў выніку няшчаснага выпадку і не звязанае з выкананнем абавязкаў ваен. службы, ці захворванне, не звязанае са знаходжаннем на фронце. Пры неабходнасці ўстанаўліваецца час наступлення І. (з дзяцінства, да пачатку прац. дзейнасці і г.д.), калі з гэтай акалічнасцю звязаны пэўныя прававыя вынікі.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РА, вера,

у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)