ІНВАЛІ́ДНАСЦЬ (ад лац. invalidus слабы, хворы),
працяглая або пастаянная страта працаздольнасці ці значнае абмежаванне яе. У залежнасці ад ступені страты адрозніваюць 1, 2 і 3-ю групы І. Пры наступленні І. назначаюцца пенсіі або штомесячныя дапамогі, прадастаўляюцца інш. віды забеспячэння і абслугоўвання. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае наступныя прычыны І., кожная з якіх мае пэўныя прававыя вынікі: агульнае захворванне (у т. л. калецтва, не звязанае з вытв-сцю або работай); калецтва прац. і прафес. захворванне; раненне (кантузія ці калецтва, атрыманыя пры абароне дзяржавы, пры выкананні інш. абавязкаў ваен. службы) або захворванні, спалучаныя са знаходжаннем на фронце; калецтва, атрыманае ў выніку няшчаснага выпадку і не звязанае з выкананнем абавязкаў ваен. службы, ці захворванне, не звязанае са знаходжаннем на фронце. Пры неабходнасці ўстанаўліваецца час наступлення І. (з дзяцінства, да пачатку прац. дзейнасці і г.д.), калі з гэтай акалічнасцю звязаны пэўныя прававыя вынікі.
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)