зарыва́ть несов.

1. зако́пваць; (о животных) зарыва́ць;

2. (прятать, утыкать лицо, голову) хава́ць, утыка́ць; см. зары́ть 2.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

далако́п, ‑а, м.

Рабочы, які капае магілы. Далакопы ўзяліся за рыдлёўкі, натоўп пачаў разыходзіцца, расцякаючыся па сцежках, што вялі да выхаду з могільніка. Хадкевіч. Магіла была гатова. Апёршыся на лапаты, чакалі далакопы, калі закопваць ім. Вярцінскі. // Той, каму даручана капаць, раскопваць што‑н. [Вера:] Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зако́пвацца несов.

1. (во что-л. сыпучее) зарыва́ться, зака́пываться;

2. (целиком отдаваться какому-л. делу) зарыва́ться;

1, 2 см. закапа́цца 1, 2;

3. страд. зарыва́ться, зака́пываться; см. зако́пваць1

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

По́граб1 ’яма з крытым верхам і сценамі з бярвенняў; склеп’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Нас., Янк. Мат.), ’яма’, ’курган’ (Сцяшк. Сл.), по́гріб, по́грыб, по́граб ’тс’ (Бяльк.), по́гбар, по́ргаб ’пограб’ (Мат. Гом.). Ад грэбці ’капаць’, грэбаць (гл.), параўн. рус. по́ко́п ’пограб’ ад копа́ть.

По́граб2 ’хаўтуры’, ’пахаванне’ (Нас.; воран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. погребъ ’тс’ (1481). Польск. pogrzeb, в.-луж. pohrjeb, чэш. pohřeb, славац. pohreb, славен. pogrèb ’тс’. Архаізм, параўн. зыходнае ст.-бел. погребати ’хаваць; закопваць нябожчыка ў зямлю’ (1489) < гребти ’тс’, параўн. загрэбці: умёр чоловек, повезлі на могліца і загрэблі (ТС), грабкі́ ’хаўтуры’ (ЛА). Параўн. яшчэ славен. pokòp ’пахаванне’ ад pokopáti ’пахаваць’ > kopáti ’капаць’. Гл. грэбці ’капаць’, грэбаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садзі́ць ’запрашаць або прымушаць заняць якое-небудзь месца’; ’прызначаць, уладкоўваць на якую-небудзь пасаду’, ’пасяляць дзе-небудзь’, ’закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін’, ’змяшчаць у гарачую печ посуд для выпякання, сушэння’, ’энергічна, з сілай утвараць якое-небудзь дзеянне’. Укр. сади́ти, саджу́, рус. сади́ть, сажу́, стараж.-рус. садити, ст.-слав. садити, польск. sadzić, sadzę, в.-луж. sadźiś, н.-луж. sajźić, чэш. saditi, славац. sadiť, серб.-харв. са́дити, са̑дим, славен. sadíti, sadím, балг. садя́, макед. сади. Праслав. *sadìti, sadi̯ǫ каўзатыў да прасл. *sěsti ’сесці’. Роднасныя літ. sodìnti, sodinù ’саджаць’, ст.-прус. saddinna ’ён ставіць’, ensadints ’той, які ўстаўлены’; гоц. satjan ’саджаць’, ірл. suidim ’сяджу’ (Траўтман, 259), ст.-інд. sādáyati ’садзіць’, ірл. sáidim. Гл. таксама Фасмер, 3, 544 з літраў Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539; Борысь, 537; Шустар-Шэўц, 2, 1263–1264; Сной₁, 551; БЕР, 411–415. Параўн. сад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.

2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.

3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.

4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).

•••

Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.

Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́таць1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтатизакопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

садзі́ць, саджу́, са́дзіш, са́дзіць; незак.

1. каго-што. Запрашаць, дапамагаць або прымушаць заняць якое-н. месца.

С. дзяцей у зале.

С. пасажыраў на параход.

С. авіялайнер (весці на пасадку).

2. каго (што). Змяшчаць куды-н., прымушаючы што-н. рабіць, або знаходзіцца ў якім-н. стане; абмяжоўваць у чым-н.

С. каго-н. за станок.

С. у астрог.

С. квактуху.

С. на дыету.

3. што. Закопваць у зямлю або сеяць з мэтай вырошчвання.

С. бульбу.

С. сад.

4. што. Ставіць у гарачую печ, сушню для выпякання, сушэння.

С. пірагі ў печ.

5. што. Усоўваць, змяшчаць што-н. куды-н.

С. руку ў цеста.

С. фотакартку за рамку (разм.).

6. і без дап. Ужыв. для ўтварэння якога-н. энергічнага дзеяння (разм.).

С. калом па плоце.

С. з ружжа (страляць). З коміна садзіў чорны дым (валіў густымі клубамі).

7. каго-што. Глыбока ўвязнуўшы ў што-н. гразкае, даць завязнуць, засесці.

С. калёсы ў гразь.

8. што. Наносіць, прымацоўваць што-н. на якую-н. паверхню (разм.).

С. плямы.

С. латкі на штаны.

9. што. Марна траціць, расходаваць (разм.).

Няма чаго напрасна с. грошы.

На пасад садзіць

1) рыхтаваць месца і садзіць на покуце — падчас вяселля;

2) аддаваць замуж.

Пасад садзіць — рассцілаць снапы на таку ў два рады, каласы да каласоў для абмалоту.

Садзіць нос куды, у што (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| зак. пасадзі́ць, -саджу́, -са́дзіш, -са́дзіць; -са́джаны.

|| наз. паса́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж. (да 1 знач. — пра самалёт або пра размяшчэнне ў вагоне, параходзе і пад. і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)