Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́ць — Шат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дэ́ўжар ’далечыня’ (Сцяшк.), ’надта доўгі’ (Сцяц.). Зыходным з’яўляецца *даўжа́р (< *dьlžarь) да до́ўгі. Пасля перанясення націску на першы склад нібы «аднавіўся» вакалізм э (якога там ніколі не было!). Параўн. у фанетычным плане барса́ць, але бэ́рсаць (замест бо́рсаць). Такога ж паходжання і дэўш (дакладней, дэўж) ’даўжыня’ (Сл. паўн.-зах.): < *dьlžь (параўн. дэўж ’даўжыня’, Жд. 2). Лексема *dьlžь — прасл. слова (параўнальны матэрыял, але без бел. гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 211–212).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ке́рзаць ’плесці (лапці, каробку), не надта ўмеючы’ (Янк. III, Гарэц., Нар. словатв.), ’вязаць, блытаць’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з балт., параўн. літ. ker̃zinti, kerzénti ’марудна рухацца’ (Грынавецкене і інш., LKK, 16, 1975, 183–184; Лаўчутэ, Балтизмы, 67). Трэба адзначыць, што літоўскія прыклады семантычна вельмі далёкія. Больш рэальна ў якасці першакрыніцы слова з невядомага субстратнага ўсходнебалтыйскага дыялекту. Магчыма, тут атрымалася кантамінацыя з іншымі назвамі пляцення лапцяў. Параўн. абарсаць, варсаць, бэрсаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́ → дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > rʼ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсаць — барса́ць (гл.) з націскным ‑э́‑ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)