Па́цепнік, паціпнік, пацапнік, пацяпнік, пацемнік, пацэп‑ нік, поцепнік ’драбналессе, хмызняк, кусты’, ’густы невялікі лес’ (Нас., Мядзв., Юрч., ТС), слаўг. поцябнік, поцяпнік ’тс’ (Яшк.), ’дробныя, абцярэбленыя сукі; дробныя дровы з парасніку’ (Нас.; маг., Яшк.), ’дробны лес, які застаўся на месцы высечанага лесу’ (Касп.). Беларускае. Утворана, як і па‑рас‑нік ’малады лес’. У якасці роднасных іншаславянскіх лексем можна ўказаць польск. ciepać, ciepnąć, ćpać, ćpić ’кідаць, кінуць, ціснуць’, ’ударыць’, ’махнуць’ (параўн. фразу: Глядзі, які лес вымахаў/), якія можна зблізіць семантычна са значэннем бел. слова ’дробныя, абцярэбленыя сукі, дровы’. Другая група значэнняў ’драбналессе; густы, невялікі лес на месцы высечанага’ працягвае семантыку літ. stieptis ’выцягвацца, цягнуцца ўверх’, лат. stiepties ’тс’, ’расці’ пра хуткі рост. У гэтым выпадку можна бачыць балтызм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тня ’строма, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пехцяро́к ’вяровачная сетка для сена ў дарозе’ (Нас.), ’кашэль, торба’ (Нар. Гом.), пехцёрь ’тс’ (Растарг.), пехцяром ’быць неахайна апранутым’ (Нас.), пяхцер ’гультай’ (мазыр., Мат. Гом.), (перан.) пехірірок ’таўстун (пра дзіця)’ (Нас.), рус. кур., калуж. пехтерь, пехтерь ’кошык, у які натоптваюць сена’, цвяр. ’тоўстае пражэрлівае дзіцё’, смал. пяхцерь ’пяхцер’, ярасл., цвяр., пск. пехтёршпь ’несці нешта цяжкае’, ’шмат набіраць, напіхваць’, ’шмат і прагна есці’. Відаць, уграфінізм. Параўн. вепск. pehit ’мятая салома, сечка’, peksta ’мяць, таптаць’, ’мясіць, збіваць, перамешваючы’, а таксама эрзя-мардоўск. pʼetkʼel ’таўкач’. Гл. таксама пяхцер. Куркіна (Этимология–1970, 96–97) рус. пехтерь, пестер(ь) і да т. п. адносіць да прасл. *pьxali, pixati, уключаючы сюды рус. пест ’таўкач, кій’, славен. peši ’салома ў кулях, прызначаная для пакрыцця будынку’ і інш., і вызначае магчымасць семантычнага пераходу: ’хуткі рух са штуршком’ > ’піхаць, таўчы’ > ’плесці, віць, ткаць’ > ’нешта сплеценае’, што не зусім адпавядае семантыцы бел. лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.

2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.

3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увішны́, ‑ая, ‑ое.

1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год. М. Стральцоў. Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная. Кулакоўскі. У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі. Краўчанка. / Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі. Паслядовіч. // Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў. Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй. Хадкевіч. Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...» Пестрак. // Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем. Ракітны. Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе. Асіпенка. // Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі. Мележ.

2. перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́га1 ’жаба’ (Рам. 3, Нар. Гом.). Рус. калуж., тул. ля́га, ляга́ ’тс’. Да лягаць, ляга́цца, параўн. рус. паўн. ляга́ть ’біць’, ’адштурхоўваць’, ляга́ться ’рухацца’, ’калыхацца’, ’брыкацца’, ля́га ’сцягно’, ля‑д‑вея ’тс’, якія з прасл. lęgati (польск. ligać ’біць нагой’, чэш. líhati ’рухаць’, укр. ли́гнути ’ўдарыць’; і.-е. адпаведнікі: літ. lingúoti ’хістаць’, лат. linguôt ’хістацца’, ст.-інд. laηghati, laηghayati, rḗjate ’ўскоквае, скача, дрыжыць’, ірл. lingid ’скача’, ст.-в.-ням. lungar, ст.-англ. lungerхуткі’, лац. lumbus, ст.-ісл. lend ’сцягно’, ст.-грэч. ἐλαφρός ’лёгкі, рухомы’ (Слаўскі, 4, 250; Фасмер, 2, 548; Аткупшчыкоў. Из истории, 133; ён жа, Этимология–84, 193).

Ляѓа2 ’гультай, лежабок’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС; клім., Мат. Маг.), укр. ля́га, рус. смал., арл., бран. ля́га ’тс’, польск. (з іншым суфіксам) leguś, каш. legas, legan, славац. lehen, серб.-харв. чак. lêganj ’гультай, які ўвесь час ляжыць’. Да ляга́ць < прасл. lěgati > legtʼi > ле́гчы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2-3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidkiхуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)