жвавы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. ▪ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)