разбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. разбегся, ‑глася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Бягом накіравацца з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч. Салдаты разбегліся садзіцца ў цяплушкі, зазываючы да сябе гарманіста. Гурскі. Шмыгануўшы цераз вал, імкліва скаціліся два пушыстыя клубочкі, чорны і белы, і разбегліся ў розныя бакі. Гэта былі маладзенькія трусы. Ракітны. // Разысціся, рассеяцца, пабегшы ў розных напрамках (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл.) — Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. С. Александровіч. Часам недзе вылі ваўкі. Казалі, што гэта нямецкія аўчаркі, якія разбегліся па лесе, калі пачалося наша наступленне. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паспешліва пакінуць каго‑, што‑н., накіраваўшыся ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін. // Спешна пакінуць месца сваёй работы, службы (пра многіх). — Як жа я магу цяпер узяць цябе на будоўлю?! Уся брыгада разбяжыцца. Чарнышэвіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка расступіцца, рассунуцца ў розныя бакі (пра неадушаўлёныя прадметы). Калі заслона разбеглася па баках, Міхась адразу ж вылучыў з усяго квяцістага хору дзяўчыну, якую сустрэў на вуліцы. Рамановіч. Раптоўна кусты разбегліся ў бакі, і падарожнікі апынуліся перад шырокай лесвіцай з высокімі выцертымі ступенямі. Б. Стральцоў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка перакінуцца з прадмета на прадмет, не спыніўшыся ні на адным (пра думкі, пачуцці). Думкі разбегліся.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка разысціся ад чаго‑н. у розныя бакі. Разбегліся чародкі хмарак Ад крылаў іх [буслоў], Як ад вінта. Чарняўскі. // Накіравацца з аднаго месца ў розных напрамках (пра вуліцы, дарогі, ручаі і пад.). Разбегліся ў полі Жытнёвыя сцежкі... Кляўко. Вуліцы вёскі Камсамольская разбегліся па ўзгоркавых схілах каля невялікай рачулкі. Хведаровіч. Калі мінуць хвойнічак, ідучы праз яго, дык праз чвэртку кіламетра якога разбяжыцца поле і шлях. Чорны. Ляснічы бачыў, як перажывае Лугавы за сына, як змарнеў чалавек за тыя дні: маршчыны частымі барознамі разбегліся ад шчылінаквачэй. Даніленка.

6. У бегу набраць вялікую скорасць. Бяда толькі, што не разбяжышся, як след: і цесна, і маці ўшчувае: — Кінь ты дурыкамі займацца. Лынькоў. То разбяжыцца, То пухам засцелецца, Гойкае, кружыць, Спявае мяцеліца. Броўка.

7. Прабегчы некаторую адлегласць, каб набраць скорасць для скачка, пад’ёму і пад. Схапіўшы на рукі Марынку, я разбеглася. Лёд затрашчаў пад нагамі, але мы праехалі каляіну да канца. Савіцкі. Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Рабіць выстралы. [Чырвонаармеец] увесь час трымаў вінтоўку так, што ў кожны момант мог страляць. Чорны. Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім. Козел. Хлопцы ўскочылі, прабеглі колькі метраў, пасля пападалі, пачалі страляць. Новікаў. // Умець карыстацца агнястрэльнай зброяй. Партызанскае жыццё, дарогі ды сцежкі да Гомеля, хітрасці, як падмануць немцаў і паліцаяў, — вось што .. [Валя] ўведала за два гады вайны. Ды страляць навучылася. І ненавідзець. Шамякін. / Пра пуск стрэл, камянёў з лука, прашчы і пад. Алёшка так налаўчыўся страляць з .. [рагулькі], што любую шышку збіваў. Якімовіч. // Дзейнічаць (пра агнястрэльную зброю). Але як-ніяк .. [стрэльба] магла страляць, а гэта ўжо вялікая штука. Лынькоў.

2. каго. Расстрэльваць, забіваць з агнястрэльнай зброі. Была ноч, як у астрозе .. [Юра] даведаўся, што яго будуць страляць. Чорны.

3. перан. Утвараць прарэзлівыя адрывістыя гукі, падобныя на выстралы. У клубе бялелі вокны. Там дзесьці страляў рухавічок. Пыхкаў, ляскатаў, — меліся пускаць кіно. Пташнікаў. У рэдкай цішыні шумеў цягнік, а чыстай раніцаю, днём раптам пачынаў страляць матацыкл і ляскала кузавам машына, мусіць, перавальваючыся па калдобінах. Адамчык. І вось надарыцца часамі Мароз над усімі маразамі; Ідзе сярдзіта, пагражае, Па даху гонтамі страляе. Колас. / Пра агонь, касцёр і пад. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. [Вара] наладжвала вісячую лямпу, якая нешта дрэнна гарэла, страляла іскрамі і дымілася. Кулакоўскі. // чым. Ляскаць чым‑н., утвараючы адрывістыя гукі. Пастушок Сярожка ад узрушання «страляў» сваёй пляцёнкай-пугай. Краўчанка.

4. безас. Разм. Калоць (пра адчуванне вострага, пранізлівага болю). У вушах страляе.

5. Разм. Імкліва адскокваць, уцякаць. І гэты пошчак [пішучых машынак] чамусьці выклікаў у Міколавым уяўленні квяцісты сонечны луг і конікаў, што страляюць з-пад ног у розныя бакі. Гаўрылкін.

6. перан. Разм. Выпрошваць што‑н. у каго‑н. Страляць папяросы.

7. перан. Разм. Імкнуцца выклікаць прыхільнасць; заляцацца да каго‑н. [Кулік:] — Яна ж [Юзэфа] за Зарэмбам, інжынерам маслазавода, страляла .. — Ведала, што цябе не ўтрымае... Гурскі.

•••

Варон страляць — не заўважаць таго, што трэба; зяваць. [Маці:] — Ды варон не страляй, кругом прыглядайся, каб дзе пад машыну не трапіў. Якімовіч.

Страляць вачамі (вачыма) — а) кідаць хуткія позіркі на каго‑н.; выглядваць што‑н. Смык, цыбаты, даўгашыі, выходзіць да карты і пачынае плаваць туды-сюды, страляе па класе вачамі, падміргвае, каб падказалі. Сяркоў; б) какетліва паглядаць на каго‑н. Зоя з Валодзем пачалі паміж сабою горача спрачацца, перабіваць адно аднаго. Пры гэтым так шчасліва стралялі вачыма, што .. [Мая Антонаўка] ім пазайздросціла. Карпюк.

Страляць з гарматы па вераб’ях — аб залішняй траце сіл, сродкаў для дасягнення нязначнай мэты.

Хоць (у лоб) страляй — што ні рабі, што ні кажы (пра ўпартага чалавека). [Хрысціна:] — І Нічыпар колькі разоў пісаў і цяпер піша: прыязджай і прыязджай. А ты ўпёрся, як бык натурлівы, і хоць табе ў лоб страляй... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыня́ць, прыму, прымеш, прыме; пр. прыняў, ‑няла, ‑няло; заг. прымі; зак.

1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца. — Дар’я, — паклікаў Лявон сваю жонку. — Прымі са стала зелле. Як у бальніцы якой. Глядзець не магу. Ермаловіч. Вуля азіраўся, шукаў, дзе сесці. Тады падышоў, прыняў ад Раманавага ложка табурэтку і паднёс, паставіў ля акна. Пташнікаў.

2. каго-што. Узяць у рукі што‑н. ад таго, хто аддае, дае. Хведар пасунуў па стале брусок, Лявон прыняў яго, падаў пад пілу. Кудравец. Гэля няўмела прыняла букет, уткнулася тварам у росны бела-ліловы ахапак. Лось. // Атрымаць што‑н. у сваю ўласнасць. Я прыняў дарунак мілы Перад боем уначы. Глебка. Саша з захапленнем прыняў веласіпед, хутка навучыўся ездзіць на ім. Марціновіч. // Узяць з якой‑н. мэтай. [Толя] толькі цяпер успомніў, што ён жа не ведае ні імені дзедавага, ні прозвішча. Значыць, перадачы ў яго для невядомага дзеда не прымуць... Якімовіч.

3. каго-што. Узяць у сваё распараджэнне ад таго, хто здае. Прыняць тавар па накладной. Прыняць змену. □ Назаўтра Міця прыняў касу. Былы касір Міша Сяўрук .. пераводзіўся ў бухгалтары. Навуменка. // Прызнаць выкананым, гатовым для эксплуатацыі, узяць пад свой нагляд, у сваё распараджэнне. Прыняць работу. Камісія прыняла новы жылы дом. // Правесці праверку чыіх‑н. ведаў. Прыняць экзамен. Прыняць залік.

4. што. Узяць пад сваё начальства, камандаванне. Прыняць брыгаду. □ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. // Заняць (пасаду, вакантнае месца).

5. каго-што. Уключыць у склад чаго‑н. Прыняць камсамольца ў партыю. Прыняць у інстытут. □ — Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію. Колас. Петруся прынялі ў Лепельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ён правучыўся тры гады. С. Александровіч. // Уключыць у якое‑н. выданне (рукапіс, артыкул і пад.); дапусціць да пастаноўкі (оперу, п’есу і пад.). Прыняць артыкул да друку.

6. каго-што. Сустрэць каго‑н. (звычайна ў сябе дома) пэўным чынам; аказаць каму‑н. пэўны прыём. Прыняць гасцей. □ Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі колькі душа пажадае. Навуменка. [Мотэль:] — Ну, ты там як сабе хочаш, але ж прыняць чалавека трэба, трэба і пагутарыць з ім. Лынькоў. // Дапусціць к сабе для перагавораў, для размовы. Прыняць наведвальніка. □ Лаўрыновіч прыняў .. [Шэмета] адразу, як толькі ён паказаўся ў прыемнай. Лобан. // Агледзець, выслухаць (хворага).

7. каго-што. Змясціць у сябе; даць прытулак. Гасцініца прыняла звыш нормы дзесяць чалавек. □ [Касцючэнку] прыняла да сябе адзінокая бабулька. Мележ. // Даць згоду або дазвол на прыбыццё каго‑, чаго‑н. Порт не прыняў карабля. □ Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі.

8. каго-што. Аказаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці або дзіцяняці якой‑н. жывёлы. Прыняць роды. □ Апанаску толькі цяпер прыйшло ў галаву, што гэта ж ён прывёз Дору з раённага гарадка, каб прыняла яго першынца. Даніленка. Цяпер нават тыя, хто з дыпломам, не прымуць лепш за дзядзьку Мішу ацёл, апарос, не зробяць лепш за яго ўкол. Палтаран.

9. што. Праявіць якія‑н. адносіны да чаго‑н., успрыняць што‑н. пэўным чынам. Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Колас. Самабытны, сапраўдны народны танец журы прыняло без захаплення. Сабаленка. // Згадзіцца з чым‑н., аднесціся да чаго‑н. станоўча. Прыняць параду. □ Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў .. маршруце. Колас. Мы прынялі запрашэнне і далучыліся да вясёлай студэнцкай грамады. В. Вольскі. // Зацвердзіць што‑н. (звычайна галасаваннем). Прыняць рэвалюцыю. Прыняць пастанову.

10. што. Выслухаўшы (паведамленне, данясенне і пад.), улічыць, даць згоду выканаць. Прыняць рапарт. // Улавіць і зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай апаратуры якое‑н. паведамленне, сігнал і пад. Прыняць радыёграму. □ — Толькі што наш радыст прыняў свежую, нечарговую зводку. Кулакоўскі.

11. што. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем дзеяння, характар якога вызначаецца сэнсам назоўніка. Прыняць рашэнне (рашыць). Прыняць смерць (памерці). Прыняць прысягу (прысягнуць). □ Зубрам сапраўды давялося аднойчы прыняць актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. В. Вольскі.

12. што. Стаць паслядоўнікам (рэлігіі, вучэння), падданым (якой‑н. дзяржавы). Прыняць каталіцтва. Прыняць савецкае грамадзянства. □ [Сурвіла] усю дарогу ўгаворваў Леапольда Гушку, што яму адно і астанецца — прыняць падданства. Чорны.

13. што. Набыць які‑н. выгляд, якія‑н. асаблівасці. У цемры .. [Букрэй] прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны. Колас. Маленькі столік у кутку цеснай каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Гартны. // Засвоіць што‑н., пераняць што‑н. у каго‑н. [Стафанковічык] бачыў: стаяць каля яго людзі, абураныя на палякаў .. і ён адразу прыняў у сябе іхні настрой. Чорны.

14. што. Перажыць, вынесці што‑н. Гусціна маці прыняла многа пакут, каб смех яе дзяцей быў звонкім і шчаслівым. Васілевіч. Наша гордасць і слава у іх сівізне, і за нас прынялі яны раны, каб свяціла і сонца над намі ясней, каб не зналі ніколі мы папа. Дубоўка. // Уступіць у бой, пачаты па ініцыятыве ворага. Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны. Залескі.

15. што і чаго. Выпіць, праглынуць (звычайна лякарства). [Крушыны] дастаў з шафы каробачку з лякарствам і прыняў таблетку валідолу. Пальчэўскі. [Сідар] стаў скупы, адмовіўся ад чаркі, якую любіў прыняць у выхадны дзень. Чарнышэвіч.

16. што. Падвергнуць сябе якой‑н. працэдуры, працэдурам. Прыняць душ. Прыняць курс лячэння.

17. каго-што за каго-што. Памылкова палічыць за другое (другога). Па шапцы .. [маладога Крулеўскага] можна прыняць за афіцэра чужога войска. Колас. Каля ракі нешта ўзвышалася. Паўлік спачатку прыняў гэта за стог парыжэлага сена. Беразняк.

18. Разм. Ухіліцца, пасунуцца трохі ў якім‑н. напрамку. Яшчэ здалёку шафёр даў сігнал, калона прыняла ўправа. Гурскі.

•••

Ласку прыняць — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).

Прыняць да сэрца (сэрцам) — а) успрыняць што‑н. з павышанай чуллівасцю, занадта перажываючы што‑н.; б) вельмі зацікавіцца чым‑н.

Прыняць за чыстую манету — палічыць праўдай, успрыняць усур’ёз.

Прыняць пад увагу — улічыць, паабяцаць выканаць.

Прыняць у долю — даць магчымасць ўдзельнічаць у якой‑н. справе, прадпрыемства.

Прыняць у разлік — улічыць.

Прыняць у штыкі — сустрэць варожа.

Прыняць эстафету ад каго, у каго — прадоўжыць чые‑н. пачынанні, традыцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́наўка ’рыба краснапёрка, Scardinius crythrophtalamus’ (ц.-палес., Пал., Крыв.), калінка ’верхаводка. Albumus albumus’ (зах.-дзвін., Сап.). Рус. ненз. калиновка ’гусцяра, Blicca bjoerkna’; паралелі да калінка таксама ў рус. гаворках — пенз. ’верхаводка’, ’гусцяра’, варонеж. ’ялец, Leuciscus leiiciscus’. Апрача гэтых прыкладаў, звяртаюць па сябе увагу ўкр. каліннік ’рыба лінь, Tinea tinca’. балг. каленак, каленичи ’тс’, і, магчыма, польск. kaliniak (у Варшаўскім слоўніку); Карловіч не падае гэтага слова, статус няясны, хутчэй за ўсё гэта тое ж зах.-палес. (зах.-укр. каліннк, гл. спіс крыніц у Уеачовай. Этимология, 1971, 129–130). Фармальна слова суадносіцца з каліна, а паводдзе пекаторых крыніц такое супастаўленне падмацоўваецца і семантыкай. Параўн. у Усачовай, там жа, 173, адносна ўкр. каліняк: ’лінь, які нерасціцца падчас цвіцення калінм’. і СРНГ, 12, 356: калін., цвяр. калинак ’рыба Abramis brama; буйны лешч’: «Нерестится во время цвета калины». Не вельмі ясна, аднак, якое значэнне з гэтых лексем з’яўляецца зыходным, паколькі рыбы з ліку прыведзеных роднасныя і шмат якія слав. назвы з’яўляюцца для іх агульнымі (гл. падрабязней матэрыялы Усачовай, Этимология, 1971 і паст.). Балг. слова, БЕР (2, 164) супастаўляе з дыял. калмик ’від балотнай рыбы’, у якім — < ?- лічыцца страчаным (ненаціскная пазіцыя). Далей у якасці утваральнай асновы мяркуецца ст.-слав. калень, з матывацыяй ’рыба, якая жыве ў мутней вадзе, у балоцістым месцы’. Там жа і семантычныя паралелі: лайненик ’гнаявік (жук)’, ’рыба, якая жыве ў балоцістай, мутнай вадзе’; таксама звяртаецца ўвага на лац. тэрмін ііпса ў назве рыбы, які, паводле Младэнава, 228, паходзіць ад кельцкага слова і роднасны балг. тння ’ціна’. Для ўсх.-слав. тэрмінаў лічыць сувязь з kalina выпадковай нельга, паколькі намінацыі па такога тыну мадэлях з’яўляюцца звычайнымі, параўн. празрыстыя рус. дыял. колосовик ’буйны лешч, які нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’, колосовица ’рыба рапушка, якую ловяць у чэрвені, калі каласіцца жыта’ коло- совка ’рыба верхаводка, якая нерасціцца ў перыяд калашэння жыта’ і інш. Для бел. калінаўка ’краснапёрка’, магчыма, яшчэ нельга выключыць пэўных «каляровых» асацыяцый, тымбольш, калі згадаць славянскі тэрмін kalina як назву каровы па масці (польск. kalina ’карова масці ярка-чырвонай’, укр. калино ’вол цёмна-чырвонай масці’). Няясна, аднак, ці суадносіцца гэты тэрмін з назвай дрэва (колер ягад), ці з kaliti ’распальваць’, параўн. рус. калина ’жар і да т. п.’ Не выключана, што ўкр. і балг. лексемы неабходна разглядаць асобна, тым больш, што лінь з шэрагу разглядаемых асобна рыб яўна выдзяляецца. Разам з тым, як ужо гаварылася, няма патрэбы сумнявацца ў вялікай імавернасці суаднясення ўсх.-слав. назваў рыбы і слав. kalina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рці1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.

Перці2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.

Перці3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет. □ Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч. // Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон. □ У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык. // Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі. □ Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.

2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў. □ Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.

3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:] — У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.

4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.

5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.

•••

Баявая галоўка гл. галоўка.

Баявая спружына гл. спружына.

Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне.

Баявы лісток гл. лісток.

Баявы пост гл. пост.

Баявы статут гл. статут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заўва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Успрыняць якімі‑н. органамі пачуццяў; убачыць, адчуць, пачуць. Заўважыць святло. Не заўважыць холаду. □ Праз пяць хвілін падняўся агонь з зямлі ў некалькіх месцах. На зямлі льга стала заўважыць хвойную іголку. Чорны. [Марынка] ўстала, паправіла сукенку, і Паходня.. ссутуліўся, некалькі здзіўлены, што яна як бы і не заўважыла яго слоў. Хадкевіч. // Разгледзець, падмеціць, зрабіць якое‑н. назіранне. Сябры не заўважылі маёй разгубленасці толькі таму, што якраз у гэты момант аднекуль здалёк пачуліся выбухі. Карпюк.

2. каго-што. Звярнуць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н. Што іменна ён быў павінен зрабіць — гэтага Васіль пакуль не ведаў, але быў упэўнены, што зробіць шмат, што яго заўважаць і па-сапраўднаму ацэняць. Шашкоў.

3. каго-што. Адзначыць, запомніць па якіх‑н. прыметах. — Заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Чорны. — Раю заўважыць гэту расліну, — са смехам сказаў Мірон, — табе яна можа спатрэбіцца. Маўр.

4. Выказаць думку, уставіць заўвагу ў час размовы з кім‑н. — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // каму. Зрабіць заўвагу, выгаварыць за які‑н. промах, памылку, недахоп. — Павінен вам заўважыць, — спыніў .. [Кац] кліента, які ўжо збіраўся выходзіць з рэстарана, — вы непрыстойна паводзілі сябе. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ну́мар, ‑а, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.

4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.

7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.

8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.

[Ад лац. numerus — лік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Даваць пстрычку (пстрычкі) каму‑н., па чым‑н. У нядзелю .. [Піліп Чаравака] прыкінуўся хворым, ляжаў у спальні і пстрыкаў па кончыку тэрмометра.., «наганяў» тэмпературу. Нядзведскі. // Шчоўкаць, ляскаць (пальцамі). Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха. Колас. Былі моманты, што Паддубны, здавалася, і не чуў, што гаворыць Апанас, падыходзіў да калыскі і бавіўся з дзіцём, — пстрыкаў пальцамі яму перад носікам. Пестрак.

2. Рабіць, утвараць кароткі, рэзкі гук (пра работу некаторых механізмаў). [Бухман] сядзеў і пстрыкаў запальнічкай: агеньчык то загараўся, то патухаў. С. Александровіч. За пераборкай, дзе працавалі майстры, мірна пстрыкалі начнічкі. Корбан.

3. Хутка і лёгка рухацца, пырхаць. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Чорны. Пэўна, там на кожным дрэве птушынае гняздо, і пстрыкаюць з галіны на галіну вавёркі... Марціновіч.

4. Раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь). [Вашыновіч:] — Падкруці, Юлік, агонь у лямпе, вельмі нешта пстрыкаць пачаў. Чорны.

5. перан. Разм. Злавацца, фыркаць, выказваць незадавальненне чым‑н. [Васіліса:] Чуеш, як .. [Наташа] пстрыкае? А чаго, каб хто спытаў? Не бачыла ты гора, мая ты дачушка. Гурскі. — Ты не пстрыкай тут, хлопец, — паглядзеў на Ваську і сур’ёзна гаворыць Коля Ламака. — На пенсію захацеў у такія гады!.. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)