прыняць, прыму, прымеш, прыме; пр. прыняў, ‑няла, ‑няло; заг. прымі; зак.
1. каго-што. Прыбраць, занесці, пераставіць у іншае месца. — Дар’я, — паклікаў Лявон сваю жонку. — Прымі са стала зелле. Як у бальніцы якой. Глядзець не магу. Ермаловіч. Вуля азіраўся, шукаў, дзе сесці. Тады падышоў, прыняў ад Раманавага ложка табурэтку і паднёс, паставіў ля акна. Пташнікаў.
2. каго-што. Узяць у рукі што‑н. ад таго, хто аддае, дае. Хведар пасунуў па стале брусок, Лявон прыняў яго, падаў пад пілу. Кудравец. Гэля няўмела прыняла букет, уткнулася тварам у росны бела-ліловы ахапак. Лось. // Атрымаць што‑н. у сваю ўласнасць. Я прыняў дарунак мілы Перад боем уначы. Глебка. Саша з захапленнем прыняў веласіпед, хутка навучыўся ездзіць на ім. Марціновіч. // Узяць з якой‑н. мэтай. [Толя] толькі цяпер успомніў, што ён жа не ведае ні імені дзедавага, ні прозвішча. Значыць, перадачы ў яго для невядомага дзеда не прымуць... Якімовіч.
3. каго-што. Узяць у сваё распараджэнне ад таго, хто здае. Прыняць тавар па накладной. Прыняць змену. ▪ Назаўтра Міця прыняў касу. Былы касір Міша Сяўрук .. пераводзіўся ў бухгалтары. Навуменка. // Прызнаць выкананым, гатовым для эксплуатацыі, узяць пад свой нагляд, у сваё распараджэнне. Прыняць работу. Камісія прыняла новы жылы дом. // Правесці праверку чыіх‑н. ведаў. Прыняць экзамен. Прыняць залік.
4. што. Узяць пад сваё начальства, камандаванне. Прыняць брыгаду. ▪ Марыя Хведараўна прыняла Палеткаўскі ўрачэбны ўчастак і рабіла аб’езд вёсак. Марціновіч. // Заняць (пасаду, вакантнае месца).
5. каго-што. Уключыць у склад чаго‑н. Прыняць камсамольца ў партыю. Прыняць у інстытут. ▪ — Вы так цікава расказваеце, Андрэй Пятровіч, што мне ўжо хочацца пусціцца з вамі ў дарогу, калі прымеце ў сваю кампанію. Колас. Петруся прынялі ў Лепельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ён правучыўся тры гады. С. Александровіч. // Уключыць у якое‑н. выданне (рукапіс, артыкул і пад.); дапусціць да пастаноўкі (оперу, п’есу і пад.). Прыняць артыкул да друку.
6. каго-што. Сустрэць каго‑н. (звычайна ў сябе дома) пэўным чынам; аказаць каму‑н. пэўны прыём. Прыняць гасцей. ▪ Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі колькі душа пажадае. Навуменка. [Мотэль:] — Ну, ты там як сабе хочаш, але ж прыняць чалавека трэба, трэба і пагутарыць з ім. Лынькоў. // Дапусціць к сабе для перагавораў, для размовы. Прыняць наведвальніка. ▪ Лаўрыновіч прыняў .. [Шэмета] адразу, як толькі ён паказаўся ў прыемнай. Лобан. // Агледзець, выслухаць (хворага).
7. каго-што. Змясціць у сябе; даць прытулак. Гасцініца прыняла звыш нормы дзесяць чалавек. ▪ [Касцючэнку] прыняла да сябе адзінокая бабулька. Мележ. // Даць згоду або дазвол на прыбыццё каго‑, чаго‑н. Порт не прыняў карабля. ▪ Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі.
8. каго-што. Аказаць дапамогу пры нараджэнні дзіцяці або дзіцяняці якой‑н. жывёлы. Прыняць роды. ▪ Апанаску толькі цяпер прыйшло ў галаву, што гэта ж ён прывёз Дору з раённага гарадка, каб прыняла яго першынца. Даніленка. Цяпер нават тыя, хто з дыпломам, не прымуць лепш за дзядзьку Мішу ацёл, апарос, не зробяць лепш за яго ўкол. Палтаран.
9. што. Праявіць якія‑н. адносіны да чаго‑н., успрыняць што‑н. пэўным чынам. Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Колас. Самабытны, сапраўдны народны танец журы прыняло без захаплення. Сабаленка. // Згадзіцца з чым‑н., аднесціся да чаго‑н. станоўча. Прыняць параду. ▪ Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў .. маршруце. Колас. Мы прынялі запрашэнне і далучыліся да вясёлай студэнцкай грамады. В. Вольскі. // Зацвердзіць што‑н. (звычайна галасаваннем). Прыняць рэвалюцыю. Прыняць пастанову.
10. што. Выслухаўшы (паведамленне, данясенне і пад.), улічыць, даць згоду выканаць. Прыняць рапарт. // Улавіць і зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай апаратуры якое‑н. паведамленне, сігнал і пад. Прыняць радыёграму. ▪ — Толькі што наш радыст прыняў свежую, нечарговую зводку. Кулакоўскі.
11. што. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем дзеяння, характар якога вызначаецца сэнсам назоўніка. Прыняць рашэнне (рашыць). Прыняць смерць (памерці). Прыняць прысягу (прысягнуць). ▪ Зубрам сапраўды давялося аднойчы прыняць актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. В. Вольскі.
12. што. Стаць паслядоўнікам (рэлігіі, вучэння), падданым (якой‑н. дзяржавы). Прыняць каталіцтва. Прыняць савецкае грамадзянства. ▪ [Сурвіла] усю дарогу ўгаворваў Леапольда Гушку, што яму адно і астанецца — прыняць падданства. Чорны.
13. што. Набыць які‑н. выгляд, якія‑н. асаблівасці. У цемры .. [Букрэй] прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны. Колас. Маленькі столік у кутку цеснай каморкі прыняў выгляд чарцёжнага стала. Гартны. // Засвоіць што‑н., пераняць што‑н. у каго‑н. [Стафанковічык] бачыў: стаяць каля яго людзі, абураныя на палякаў .. і ён адразу прыняў у сябе іхні настрой. Чорны.
14. што. Перажыць, вынесці што‑н. Гусціна маці прыняла многа пакут, каб смех яе дзяцей быў звонкім і шчаслівым. Васілевіч. Наша гордасць і слава у іх сівізне, і за нас прынялі яны раны, каб свяціла і сонца над намі ясней, каб не зналі ніколі мы папа. Дубоўка. // Уступіць у бой, пачаты па ініцыятыве ворага. Беларусь адна з першых прыняла на сябе ўдары гітлераўскай ваеннай машыны. Залескі.
15. што і чаго. Выпіць, праглынуць (звычайна лякарства). [Крушыны] дастаў з шафы каробачку з лякарствам і прыняў таблетку валідолу. Пальчэўскі. [Сідар] стаў скупы, адмовіўся ад чаркі, якую любіў прыняць у выхадны дзень. Чарнышэвіч.
16. што. Падвергнуць сябе якой‑н. працэдуры, працэдурам. Прыняць душ. Прыняць курс лячэння.
17. каго-што за каго-што. Памылкова палічыць за другое (другога). Па шапцы .. [маладога Крулеўскага] можна прыняць за афіцэра чужога войска. Колас. Каля ракі нешта ўзвышалася. Паўлік спачатку прыняў гэта за стог парыжэлага сена. Беразняк.
18. Разм. Ухіліцца, пасунуцца трохі ў якім‑н. напрамку. Яшчэ здалёку шафёр даў сігнал, калона прыняла ўправа. Гурскі.
•••
Ласку прыняць — аказаць гонар, уважыць (зайшоўшы, завітаўшы і пад.).
Прыняць да сэрца (сэрцам) — а) успрыняць што‑н. з павышанай чуллівасцю, занадта перажываючы што‑н.; б) вельмі зацікавіцца чым‑н.
Прыняць за чыстую манету — палічыць праўдай, успрыняць усур’ёз.
Прыняць пад увагу — улічыць, паабяцаць выканаць.
Прыняць у долю — даць магчымасць ўдзельнічаць у якой‑н. справе, прадпрыемства.
Прыняць у разлік — улічыць.
Прыняць у штыкі — сустрэць варожа.
Прыняць эстафету ад каго, у каго — прадоўжыць чые‑н. пачынанні, традыцыі.