Вузля́к ’вузел’ (карэліц., Шатал.), вузьля́к ’памянш. ад вузёл’ (Бяльк.). Да ву́зел, няясная словаўтваральная матывацыя, паколькі для беларускіх утварэнняў на ‑ак памяншальна-ласкальнае значэнне нехарактэрна (З жыцця, 68); магчыма, пад уплывам прадуктыўнай на ўсходзе Беларусі мадэлі вальлёвальля́к ’валлё (у птушкі)’, вульлёвульля́к ’вулей’, дзе суфікс надае слову падкрэсленае значэнне адзінкавасці з-за збліжэння першых слоў са зборнымі назоўнікамі тыпу галлё́ (адносна пастаяннага змяшэння дэмінутыўных утварэнняў з сінгулятывамі гл. Мартынаў, Деривация, 56 і наст.). Менш верагодна ўздзеянне словаўтваральнага тыпу з гэтым суфіксам, які характэрны для назваў маладых істот, утвораных ад адпаведных назоўнікаў, і шырока вядомы на паўночным захадзе і ў цэнтры Беларусі (параўн. цяля́к, каця́к, вуця́к) і мае літоўскія адпаведнікі (Атрэмбскі, Gramatyka, 280); магчымасць уздзеяння гэтага словаўтваральнага тыпу падтрымліваецца фармальным збліжэннем зыходнай формы з казёл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Злачы́нец ’той, хто парушыў закон’. Укр. злочи́нець, польск. złoczyńca, чэш., слав. zloćinec, ст.-чэш. zločincě, н.-луж. уст. złocyńc, славен. zločínec, серб.-харв. злочи́нац, балг. уст. кніжн. злочинец, макед. злочинец ’тс’. Ст.-рус. (XVII ст.) злочинець. Ст.-бел. (1529 г.) злочинца < польск. (Булыка, Запазыч., 123). Параўн. укр. зло́чин, польск. złoczyn, чэш., славац. zločin, серб.-харв. зло̏чӣн, зло̀чин, макед. злочин ’злачынства’, славен. zločín ’злачынства, злачынец’. Ад прасл. дыял. складанага слова zъlo + čin‑ (činъ ’дзеянне’ < činiti ’рабіць’, параўн. учынак, гл. чын) утвораны агентыўны назоўнік з паўн.-слав. суфіксам *‑ьca (параўн. ст.-чэш., польск., ст.-бел.) ці ‑ьcь. Паколькі ва ўсх.-слав. не пашырана слова *злочинъ (верагодна, укр. < польск.), магчыма, што злачынецўкр. злочинець) — пераафармленне запазычанага з польск. (чэш.?) злачынца паводле больш звычайнай мадэлі на ‑ец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зігза́г ’ломаная лінія’. З рус. зигза́г ’тс’ (з 1803 г., зикзак з 1780 г., сиксак — з 1750–1760 гг.), франц. zigzag ’тс’ (з 1680 г., з 1662 г. у тапоніме), ням. Zickzack ’тс’ (каля 1700 г.). Формы сиксак, зикзак у рус. ваенных дакументах для абазначэння формы акопаў з ням., дзе фіксуецца і Sicksac. Ням. Zickzack (першасна ў вышэй указ. ваенным значэнні) лічаць падваеннем Zacke ’зубец’ паводле мадэлі Wirwarr і г. д. Біржакава, 122, 277; Шанскі, 2, З, 91; Фасмер, 2, 96; Даза, 761 (у ням. гукапераймальнае?); Паўль, Wörterb., 767. Блок–Вартбург (673), грунтуючыся на ранняй фіксацыі ў франц. і спасылаючыся на мадэль tic‑tac (цік-так), не лічаць, што франц. < ням., у карысць чаго і ням. напісанне пры першай лексікаграфічнай фіксацыі (1727 г.) sicsac (Клюге, 435).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кры́ўда ’несправядлівыя ўчынкі, якія абражаюць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Бяльк., Грыг., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. кривда, рус. кривда, ст.-рус. кривьда ’тс’, ст.-слав. кривьда, балг. кривда, макед. кривда, серб.-харв. кри̑вда, славен. krîvda ’тс’, польск. krzywda, ст.-чэш. křivda, славац. krivda, в.-луж. křiwda, н.-луж. kśiwda ’тс’. Прасл. krivьda ’несправядлівасць’ узнікла пры дапамозе суфікса ‑ьda ад krivъ ’несправядлівы’ (гл. крывы) па мадэлі вытворных ад прыметнікаў назоўнікаў. Гэта мадэль не мае паралелей за межамі славянскіх моў (Мартынаў, Дерив., 21). Памылкова Эндзелін (RS, 13, 64), які выводзіць krivьda з krivьba (такі дысіміляцыйны працэс як быццам наглядаецца таксама ў выпадках pravьda < *pravьba, voržьda < *voržьba). Аднак, па-першае, суфікс ‑ьba ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў, а не прыметнікаў, па-другое, у трэцім прыкладзе ўвогуле няма дысіміляцыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́шасць, по́шусьць, по́шысьць, по́шэсць, по́шась ’хвароба, эпідэмія, зараза’, ’насланнё’, ’падзеж жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Гарэц., Чач., Клім., Яруш.; нараўл., лельч., Арх. ГУ; Шат., Касп.; ваўк., Сл. ПЗБ; Мат. Маг., ТС, Бяльк.), ’парша’ (іўеў., Сл. ПЗБ), по́шліна ’пошасць’ (віл., Сл. ПЗБ), по́шарсць ’пошасць’ (Бяльк.). Укр. по́шесть, по́шерсть, рус. пск. по́шесть, польск. posześć, каш. poszedło ’эпідэмія’, чэш. pošlý ’здохлы’, славен. pošȃst ’здань, пачвара, шкодныя насякомыя’, харв. кайк. pȍšāst ’эпідэмія, чума’, ’дух, здань’. Прасл. *pošьstь ад по- (*po‑) і *šьd‑ (> бел. ішо́ў у гл. хадзіць; стараж.-рус. пошестиѥ ’рух’, ’імкненне’) паводле семантычнай мадэлі ’рух’ > ’эпідэмія’, тыповай для назваў эпідэмій у славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. пове́трие, поша́ва, поша́тка. У гэтай групе шырока прадстаўлены прыст. по- са значэннем пачатку дзеяння. Сюды ж по́шлінь ’пошасць’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йба ’дарадчык’ (Сцяцко, Афікс. наз., 33). Ад раіць пры дапамозе суф. -ба. Значэнне асобы паводле дзеяння (там жа). Гл. ра́йца, ра́йка2.

Райба́ ’раенне’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. ройба ’тс’. Параўн. рус. дыял. ройба ’адлёт маладых пчаліных роеў’, польск. rójьba/rójka ’шуканне пчоламі новага месца пасялення, рою’. Вытворнае ад прасл. *roj < і.-е. *roi‑/*rei‑ ’ток, бег, імкненне, хуткасць’, што развіваецца ў *rějati ’віцца, лятаць’ (спачатку пра птушак, насякомых) — параўн. далейшае развіццё семантыкі ў бел. рэяць ’лятаць плаўна і лёгка, лунаць, развівацца’, рус. реять ’тс’. Форма райба́ прадстаўляе сабой аддзеяслоўнае ўтварэнне па мадэлі: пасціпасьба, рэзацьразьба, адпаведна рэяцьрайба. Булыка (Лекс. запаз., 16) сцвярджае, што варыянт ройба (сустракаецца ў ст.-бел. помніках з 1540 г.) з’яўляецца запазычаннем з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Райці́ннікі ’выхавацелі і пастухі коней’ (Карскі, Труды, 320), ст.-бел. ройтиник (з 1510 г.) ’шляхціч (’путный боярин’) вялікага князя’, ’даглядчык коней, конюх, канявод’. Лічыцца запазычаннем з літ. raĩtininkas ’вершнік’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 94). Трэба думаць, што літ. raĩtininkas утворана паводле мадэлі dainininkas ’спявак, пясняр’ (< daina ’песня’), mokslininkas ’вучоны’ (< mokslas ’навука’) і інш., адсюль raĩtininkas, магчыма, ад літ. raitija ’конніца, кавалерыя’, што, імаверна, звязана з ням. reiten ’ехаць’, Reiten ’язда на кані’. Такім чынам, у якасці здагадкі, паколькі бел. райціннік мае іншую афіксацыю, можна дапусціць самастойнае яго ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑нік непасрэдна з ням. *reiten‑nik, магчыма, з прамежкавай аддзеяслоўнай формай *райцінне ’язда на кані’. Падобна, як і ст.-польск. rojćnicki (1561 г.) створана з уласнай патранімічнай суфіксацыяй < *rejtьn‑icki. Гл. таксама ройтаннік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмаль ’малавата’ (БРС, Янк. I, Бір. Дзярж., КТС, КЭС). Укр. во́бмаль ’тс’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад малы з дапамогай прыстаўкі (в)об‑ і суф. ‑jь або ўтварэнне ад прыметніка вомалы з гэтым жа суф. Магчыма, узыходзіць да старажытнай мадэлі (параўн. серб.-харв. о̏дуг, чэш. obdlouhý, obdloužný, славац. obdlžný, н.-луж. hobdłujki, ст.-польск. obdłužny ’прадаўгаваты’, в.-луж. wobdłuz прысл. ’прадаўгавата’), дзе прыстаўка *ob‑ мае колькаснае значэнне (Трубачоў, Проспект, 66 і наст.). Філін (Зб. Аванесаву, 268 і наст.) адносіць сюды ж і рус. дыял. (паўн.-усх.) прыметнікі і прыслоўі з прыстаўкай о‑ ў тым жа самым значэнні (вокрасный ’чырванаваты’, восинь, восине ’сінявата’ і г. д.), што цалкам магчыма з прычыны частага чаргавання прыставак о‑ (об‑); параўн. таксама бел. і ўкр. вобмаль, вомаль (гл.); усё гэта, відавочна, пацвярджае праславянскі характар гэтых утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)