Злачы́нец ’той, хто парушыў закон’. Укр. злочи́нець, польск. złoczyńca, чэш., слав. zloćinec, ст.-чэш. zločincě, н.-луж. уст. złocyńc, славен. zločínec, серб.-харв. злочи́нац, балг. уст. кніжн. злочинец, макед. злочинец ’тс’. Ст.-рус. (XVII ст.) злочинець. Ст.-бел. (1529 г.) злочинца < польск. (Булыка, Запазыч., 123). Параўн. укр. зло́чин, польск. złoczyn, чэш., славац. zločin, серб.-харв. зло̏чӣн, зло̀чин, макед. злочин ’злачынства’, славен. zločín ’злачынства, злачынец’. Ад прасл. дыял. складанага слова zъlo + čin‑ (činъ ’дзеянне’ < činiti ’рабіць’, параўн. учынак, гл. чын) утвораны агентыўны назоўнік з паўн.-слав. суфіксам *‑ьca (параўн. ст.-чэш., польск., ст.-бел.) ці ‑ьcь. Паколькі ва ўсх.-слав. не пашырана слова *злочинъ (верагодна, укр. < польск.), магчыма, што злачынец (і ўкр. злочинець) — пераафармленне запазычанага з польск. (чэш.?) злачынца паводле больш звычайнай мадэлі на ‑ец.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)