Кры́ўда ’несправядлівыя ўчынкі, якія абражаюць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Бяльк., Грыг., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. кривда, рус. кривда, ст.-рус. кривьда ’тс’, ст.-слав. кривьда, балг. кривда, макед. кривда, серб.-харв. кри̑вда, славен. krîvda ’тс’, польск. krzywda, ст.-чэш. křivda, славац. krivda, в.-луж. křiwda, н.-луж. kśiwda ’тс’. Прасл. krivьda ’несправядлівасць’ узнікла пры дапамозе суфікса ‑ьda ад krivъ ’несправядлівы’ (гл. крывы) па мадэлі вытворных ад прыметнікаў назоўнікаў. Гэта мадэль не мае паралелей за межамі славянскіх моў (Мартынаў, Дерив., 21). Памылкова Эндзелін (RS, 13, 64), які выводзіць krivьda з krivьba (такі дысіміляцыйны працэс як быццам наглядаецца таксама ў выпадках pravьda < *pravьba, voržьda < *voržьba). Аднак, па-першае, суфікс ‑ьba ўтварае назоўнікі ад дзеясловаў, а не прыметнікаў, па-другое, у трэцім прыкладзе ўвогуле няма дысіміляцыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)