пране́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. пранёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. пранясіся; зак.
1. Вельмі хутка праехаць, праляцець; прамчацца. Жнівеньскім вечарам па вёсцы з грукатам, узнімаючы пыл, пранеслася тачанка. П. Ткачоў. Цэлая эскадрылля цяжкіх бамбавозаў нізка пранеслася над хатай. Кулакоўскі. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек. // Хутка прайсці, прабегчы. Пранесціся па двары. // перан. Прамільгнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Маланкай пранеслася здагадка: яго [Чыжыка] заваліла. Лупсякоў.
2. Хутка прайсці, мінуць (пра час).
3. Разнесціся, раздацца, прагучаць (пра гукі). Ціхі ўздых пранёсся над палянай і знік, праглынуты імхамі. Лынькоў. — Паўстанцы, стройся! — пранеслася баявая каманда па лясах і балотах... Чарот. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, разнесціся (пра чуткі, весткі і пад.). Па батарэі пранеслася чутка, што нас [курсантаў] будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.
1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.
2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.
3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́рыца, ‑ы; мн. ку́ры, ‑э́й (з ліч. 2, 3, 4 ку́рыцы, ‑рыц); ж.
1. Свойская птушка, якую разводзяць для атрымання яец і мяса; самка пеўня. Куры сакочуць. □ На двары кудахталі куры, недзе за сцяной рохкаў парсючок. Асіпенка. // Мяса курыцы; кураціна. Суп з курыцай.
2. Самка птушак атрада курыных.
•••
Класціся спаць з курамі гл. класціся.
Курам на смех — пра што‑н. вельмі недарэчнае, нязначнае, з вялікімі недахопамі.
Куры засмяюць каго — пра таго, хто робіць што‑н. недарэчнае, непатрэбнае.
Куры не клююць — вельмі многа (звычайна пра грошы).
Мокрая курыца — а) пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека; б) пра растрывожанага, спалоханага чалавека. Паехала касірка, а мы стаім, як мокрыя курыцы, і адзін аднаму ў вочы зірнуць не можам. Пальчэўскі.
(Пісаць) як курыца лапай — неразборліва; так, што нельга разабраць.
Сляпая курыца — пра блізарукага чалавека.
Спаць і курэй бачыць (пасвіць) гл. спаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рассе́яцца, ‑сеецца; зак.
1. Сеючыся, падаючы, рассыпацца ў розныя бакі, папасці ў розныя месцы. І бур’ян парос. Як хутка ён рассяліўся, рассеяўся па ўсім двары, па ўсёй вёсцы... Сачанка. Што гэта? [Лебядзіны] пух рассеяўся па зямлі? Бядуля.
2. Стаць рассеяным (у 3 знач.). Пучок святла рассеяўся.
3. Разысціся, разбегчыся ў розныя месцы, у розныя бакі. Пасля немцы зніклі, яны рассеяліся за дрэвамі, кустамі і сценамі і адтуль стралялі. Чорны. Натоўп на вуліцы паволі рассеяўся. Брыль. // Паступова радзеючы, знікнуць, разысціся (пра туман, дым і пад.). Туман, які нядаўна ахінаў вяршаліны бяроз на тым баку вуліцы, нечакана рассеяўся. Алешка. Калі дым рассеяўся, варожай пяхоты ў ляску ўжо не відно было. Кулакоўскі. // перан. Прайсці, знікнуць (пра якое‑н. пачуццё). І не сплюшчыць мне воч, І трывога мая не рассеецца: Хіба жарты — усю ноч салаўі за аселіцай! Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
1. Адчуць сябе лепш, размяўшыся ў хадзе, рухах. А расхадзіцца ўсё ж [Коля] не можа: млеюць ногі, водзіць у бакі шумлівая галава... Якімовіч. Устала, каб расхадзіцца, і адчула яшчэ вастрэйшы боль. Пальчэўскі.
2. Уцягнуцца ў хаду, перастаць адчуваць ад яе стомленасць.
3. Пачаць хадзіць многа, сюды-туды. Было чуваць, як расхадзілася.. [цётка Ганна] на двары, усё клі[чучы]: — Сымон, Сымон! Лынькоў.
4. перан. Дайсці да крайняй ступені ў праяўленні чаго‑н., у якіх‑н. дзеяннях. Неўзабаве Вольчына чарада — асабліва [хлопчыкі] — расхадзіліся так, што скакалі і на печы і на палацях, і пад палацямі лазілі. Мележ. — Нешта ты расхадзіўся Можа, лепей было б, каб памаўчаў? Галавач. // Пачаць моцна праяўляцца (пра якія‑н. недамаганне. У .. [Ганны Граноўскай] да таго расхадзіліся нервы, што часта ўздрыгвалі вейкі. Гурскі. // Разбушавацца (пра з’явы прыроды). Вецер усё мацнеў, нарэшце расхадзілася шалёная завіруха. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. падгроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.
1. Грабучы, сабраць у адно месца, у адну кучу. Падгрэбці сена. // Пры дапамозе грабель прыбраць, падчысціць дзе‑н. Падгрэбці салому на двары. □ Дзядзька Андрэй моўчкі падгроб сена, ускінуў наверх і, навёўшы поўны парадак, зачыніў дзверы і павесіў замок. Ус. // Разм. Грабянуўшы, падкінуць пад што‑н., бліжэй да каго‑, чаго‑н. Падгроб [Платон] нагой пад шалі дробныя гіры і спыніўся перад Сцяпанам. Ракітны.
2. і чаго. Падгарнуць пад сябе. Мілоўскі прыўзняўся, падгроб пад сябе саломы і, скурчыўшыся, прымасціўся ў развалах. Галавач. // перан. Разм. Захапіць сабе, заўладаць чым‑н. Была ў постаці Макара цвёрдая самаўпэўненасць, жаданне падтаптаць усіх сабе пад ногі, чым больш падгрэбці пад сябе рознай маёмасці і крыкнуць усім: — Вось гэта ўсё маё. Не хадзі сюды! Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.
Разм.
1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.
3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каме́ль, камля; мн. камлі, ‑ёў; м.
1. Ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня. Сталі відаць спачатку верхавіны дрэў, потым уся крона, ствалы і так аж да камлёў. Шахавец. [Сасна] стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе быў так выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны. Шамякін. // Тоўсты канец бервяна. Змітрок бярэ прывезенае з лесу дрэва звычайна за камель, Ганна — за верхавіну. Кавалёў. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка. // Самае тоўстае бервяно, калода, адрэзаныя ад ствала дрэва. Толькі адна дарога і ведае, колькі было перавезена ў вёску стромкіх, гладкаствольных бярозак, цяжкіх дубовых камлёў. Асіпенка.
2. Перавязаны канец снапа, веніка і пад. Мацалі снапы, прабіваючы іхнія калючыя камлі і затыкаючы глыбока руку, каб знайсці, ці няма дзе мокрага ці гнілога. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віда́ць, у форме інф., у знач. вык.
1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.
2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.
3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.
4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.
•••
Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.
Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.
Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.
Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.
Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапа́сці, ‑падзе; пр. перапаў, ‑ла; заг. перападзі; зак.
1. Прыйсціся, дастацца на чыю‑н. долю. Вялікая колькасць пахвал, прызначаная калектыву, перапала аднаму Булаю. Шыцік. [Мешчанчукі] не купляюць і не прадаюць, але памагаюць людзям збываць тавар з надзеяй, што і ім перападзе сякі-такі магарыч. С. Александровіч. // безас. Дастацца, папасці (аб пакаранні каго‑н.). Падышоў і я паглядзець на смельчака і пазнаў у ім таго васпаватага сержанта, які страляў тады на двары і якому перапала ад капітана Гулявіцкага. Сабаленка. Тата не бачыць, які мурзаты Юзік, а то перапала б. Лось.
2. Выпасці, прайсці зрэдку (пра дождж, снег і пад.). Неяк у палове верасня перапалі два невялікія дожджыкі і неба зноў анямела. Дуброўскі.
3. Абл. Пахудзець, схуднець. [Алёша] змяніўся з твару — перапаў і зблажэў. Вітка. Выходзіў дзень у дзень на поле, Хоць і ўчарнеў і перапаў, А досвітку яшчэ ніколі У цёплай хаце не праспаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)