камель, камля; мн. камлі, ‑ёў; м.
1. Ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня. Сталі відаць спачатку верхавіны дрэў, потым уся крона, ствалы і так аж да камлёў. Шахавец. [Сасна] стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе быў так выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны. Шамякін. // Тоўсты канец бервяна. Змітрок бярэ прывезенае з лесу дрэва звычайна за камель, Ганна — за верхавіну. Кавалёў. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка. // Самае тоўстае бервяно, калода, адрэзаныя ад ствала дрэва. Толькі адна дарога і ведае, колькі было перавезена ў вёску стромкіх, гладкаствольных бярозак, цяжкіх дубовых камлёў. Асіпенка.
2. Перавязаны канец снапа, веніка і пад. Мацалі снапы, прабіваючы іхнія калючыя камлі і затыкаючы глыбока руку, каб знайсці, ці няма дзе мокрага ці гнілога. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)