по́вад ​1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.

Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.

по́вад ​2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.

Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́та, ‑а, М пуце, н.

1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.

2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.

1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.

2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.

3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.

4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вало́ка 1 ’мера зямлі ад 16 да 30 дзесяцін’ (БРС, Мал., Сцяшк. МГ, Гарэц., Яруш.); ’невялікае поле’ (Выг. дыс.), укр. волока, польск. włoka ’тс’. Да валачыць (Скурат., Меры, 34). Гл. валока 2.

Вало́ка 2 ’барана’, валачыць ’баранаваць’ (Мат. Гом.). Да валачыць. Слова агульнаслав.; параўн. польск. włoka ’мера зямлі’ ад włoczenia ’баранаванне’ (Брукнер, 627), балг. влак ’барана, зробленая з сука’, чэш. vlák ’барана’. З іншымі значэннямі слова вядомае ўсім слав. мовам. Прасл. *volkъ (Фасмер, 1, 341–342; БЕР, 1, 161; Махэк₂, 693).

Вало́ка 3 ’невад’ (Шатал.). Да прасл. *volkъ; параўн. балг. влак, серб.-харв. вла̑к, славен. vlȃk, чэш. vlak, польск. włok ’невад, рыбалоўная прылада’.

Вало́ка 4 ’вяроўка, шнурок’ (Мат. Гом., Нік., Шн., 3, Інстр. I); ’вяроўка ў лапцях, абора’ (Шатал., Нік., Мат.); ’вераўчаныя лапці’ (Сцяц.). Адно з шырокага кола значэнняў, якія развіліся ў розных славянскіх мовах з прасл. *volkъ (параўн. укр. волока ’завязка ў лапцях’, волок ’сетка’, польск. włok ’рыбалоўная сетка’, чэш. vlak ’поезд’, балг. влак ’сані’, серб.-харв. вла̑к ’невад’, славен. vlȃk ’цяганне; невад’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каве́рня ’аб чым-н. неразумным’ (в. Яўлахі Талач. р‑н; Жакава, Совещание по ОЛА, 199). Утворана ад каверыць (гл.) ’перакручваць (словы)’ (Жакава, там жа). Адносна словаўтварэння параўн. каверза, каверт; аднакарэннымі вытворнымі можна лічыць з інш. прэфармантам і ад дзеяслова са значэннем ’плесці’ — рус. дыял. шеверенька ’кашолка’, бел. вярэня, вярэнька ’плеценая торбачка пастуха’, рус. веренька ’вяроўка; венцер, католіка і інш.’; ад дзеяслова са значэннем ’хлусіць’ рус. смал. вереня, верень ’мастак расказваць байкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перадня 1 ’вяроўка для ўвязвання воза з сенам, саломай ці снапамі, перадоўка’ (шальч., віл., Сл. ПЗБ; рэч. Мат. Гом.; Варл.), рус. дыял. пере́дник ’тс’. Да пярэдні < перад (гл.). Аб суфіксе ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 118, параўн, яшчэ паперадня́.

Перадня́ 2, перадня́, пярэ́дня ’прарэх у кашулі’ (віл., леп., ЛА, 4). Рус. дыял. пере́дня ’каўнер жаночай кашулі’. Да пе́рад (гл.). Аб суфіксе ‑н‑я гл. Сцяцко, Афікс. наз., 165.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плятня́ 1 ’лазіва, прыстасаванне для лазання на дрэва з мэтай выдзёўбвання борці і паднімання калоды’ (Нікан.), ’сплецены з лазы гуж для звязвання плытоў’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. płatnica ’ліна, вяроўка, перавясла, сплеценыя з канапель і саломы’; рус. плеть ’лазіва ў бортніка’. Да плесці (гл.).

Плятня́ 2 ’маток зблытапых нітак’ (маст., Сл. ПЗБ), ’калонія, сукупнасць (грыбоў)’ (даўг., Сл. ПЗБ). Да сплятацца, плесці (гл.).

Плятня́ 3 ’хлусня, плёткі’ (Нас., ТС). Гл. плятаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спры́та ‘прыстасаванне (кол), з дапамогаю якога моцна сціскаецца вяроўка пры звязванні паклажы, закрутка’ (Сцяц. Сл.), сюды ж спры́ціць ‘моцна звязаць (спавіць)’ (там жа), спры́ціцца ‘загінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. запры́ць ‘туга звязаць пры дапамозе закруткі’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пры́тны ‘круты’ (Сцяшк.), што дазваляе суаднесці з *prъtiti ‘круціць , роднасным літ. spráusti ‘уціскваць’, sprũsti ‘вырывацца, выслізгацца’. Гл. прыткі 1, прытыць. Сюды ж, відаць, спры́ты ‘ражкі (у коласе)’ (Сцяшк. Сл.) на аснове вобразнага пераносу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перадо́ўка ’прывязаная да перадка моцная вяроўка, за якую чапляецца рубель пры ўцісканні воза з сенам, саломай, снапамі’ (Нас., Бяльк., Касп., Юрч., Мат. Маг.; бялын., Янк. Мат.; добр., ветк., Мат. Гом.), ’вяз, які звязвае галоўкі палашоў у санях (Янк. 1; мазыр., Шатал.; Сцяшк. Сл.). Рус. паўн. передовка ’тс’. Бел.-рус. ізалекса; утворана пры дапамозе суф. ‑к‑a ад перадавы́ < паўн.-слав. *perd‑ovъ (бел. перадавы́, укр. передовий, рус. передовій, перёдовый, польск. przodowy ’перадавы’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’я́ніца 1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца 2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца 3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)