ле́гчы, ля́гу, ля́жаш, ля́жа; ля́жам, ля́жаце, ля́гуць; лёг, лягла́ і ле́гла, лягло́ і ле́гла; ляж; зак.

1. Прыняць ляжачае становішча.

Л. на спіну.

2. Размясціцца спаць, адпачываць.

Л. на сене.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Апусціцца на якую-н. паверхню, пакрыць сабою што-н.

Снег лёг белай коўдрай.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., на каго-што. Распаўсюдзіцца на каго-н., што-н., стаць чыім-н. абавязкам.

Адказнасць ляжа на прысутных.

На яго плечы лягла гаспадарка.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пралегчы, распасцерціся, працягнуцца.

Рэйкі ляглі доўгімі лініямі.

6. Пра самалёты, судны: прыняць якое-н. становішча, узяць які-н. напрамак.

Л. на зваротны курс.

Легчы ў (на) дрэйф — расставіць парусы так, каб судна заставалася прыблізна на адным месцы.

Легчы касцьмі — загінуць у баі, памерці.

|| незак. лажы́цца, лажу́ся, лажы́шся, лажы́цца; лажы́мся, лажыце́ся, лажа́цца (да 1, 2, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Апрэ́гчыся ’здохнуць’ (БРС), ’згарэць ад віна, прагі, жадання’ (Гарэц.), ’абапіцца’ (Бяльк.), апрэжца ’апрэгчыся’ (Бяльк.), апрагчыся ’набракнуць ад збытку спажытага’ (Др.-Падб.), апрага́цца ’рабіць нешта з прагаю: спаць, есці, піць’ (Касп.), опрегаець ’паліць, мучыць’ (Нас.), опрегацьца, опрёгся ’знясільвацца, згараць ад прагі; згараць ад гарэлкі’ (Нас.), апрогліца ’ненаедлівасць’ (Бір. дыс.). Укр. опрягтисяпамерці, здохнуць’, опряга ’смерць’, опрягнути ’акружыць’, пружати ’мучыць’, рус. кастр. опрягать ’жарыць’, паўн. опруживать ’апракінуць’, опружеть ’стаць цвёрдым’, ст.-рус. опрягнути ’налегчы, наперці з усіх бакоў’. Розныя значэнні беларускіх слоў, магчыма, тлумачацца як вынік кантамінацыі шэрагу кораняў: праг‑а ’жаданне’ (адкуль: ’рабіць з прагаю, набракнуць ад збытку, абапіцца’), праг‑пряг‑/пряж‑) ’жарыць’ (адкуль: ’згараць ад гарэлкі, прагі; паліць’) і праг‑пряг‑/пруг‑/пряж‑) ’станавіцца пругкім, цвёрдым’, адкуль ’здохнуць’ (параўн. акалець ’стаць як кол’, апруцянець і пад.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

атруці́ць, ‑ручу, ‑руціш, ‑руціць; зак., каго-што.

1. Прымусіць памерці, даўшы атруты. [Стэфа:] — Шкада сабаку. А што з ім? [Гаспадыня:] — Атруцілі. І ведаю нават хто. Савіцкі. — Мама, мама! — пачаў Юрка. — Ты ведаеш, чаму наш Лёнька памёр? Гэта ж Хімка атруціла яго? Гроднеў. // Пашкодзіць, ужыўшы атрутнае рэчыва. Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. Чорны.

2. Зрабіць шкодным што‑н., усыпаўшы атруты. Атруціць ваду.

3. перан. Зрабіць шкодны ўплыў на каго‑, што‑н. [Леанарда:] — Душу мне атруцілі багачы. Клімковіч.

4. перан. Пазбавіць радасці, зрабіць непрыемным. [Аўгіння:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.

•••

Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зайсці́ся 1, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. зайдзіся; зак.

Разм. Тое, што і зайсці (у 1 знач.). [Лабыш:] О, нешта ж нядобрае будзе: леснічыха на вяселле зайшлася. Козел.

зайсці́ся 2, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.

1. Страціць пачуццё, замерці, знямець. А зірнуў бы сюды [у бібліятэку] пан Баркоўскі цяпер — напэўна зайшоўся б ад злосці. Брыль. // Разм. Памерці. Сухотлівая сястра без догляду зайшлася. Чорны. // Анямець, страціць адчувальнасць (ад холаду, марозу). Пальцы зайшліся ад холаду. Зубы зайшліся ад халоднай вады. // (у спалучэнні са словамі «душа», «сэрца»). Сціснуцца, замерці, перастаць адчувацца. «Няўжо заўважылі?» — ад трывогі ў Сашы зайшлося сэрца. Новікаў.

2. Пачаць нястрымна плакаць, смяяцца, кашляць і пад. Зайсціся ад смеху. □ [Сабакі] кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Чорны. Дзіця аж зайшлося ад болю. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, а таксама з чым і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Кончыць жніво. Кончыць з рамонтам. Кончыць пісаць. □ Хлопцы кончылі сваю работу і пайшлі дамоў. Колас. // што. Поўнасцю расходаваць. Кончыць усё мяса.

2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Кончыць выступленне заклікамі. // Закончыць сваю дзейнасць, жыццё пэўным чынам; зрабіць што‑н. у канцы жыцця. Яшчэ так не было на свеце, Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё. Танк.

3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Кончыць універсітэт.

4. што, а таксама з чым і з інф. Спыніць што‑н.; палажыць канец чаму‑н. Кончыць гулянкі. Кончыць з прагуламі. Кончыць бяздзейнічаць.

5. каго. Разм. Звесці са свету; загубіць.

•••

Дрэнна (кепска) кончыць — пра ганебны канец чыйго‑н. жыцця або дзейнасці.

Кончыць жыццёпамерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; зак., каго-што і без дап.

1. Дасягнуць перамогі ў змаганні; разбіць праціўніка. Перамагчы ў баі. □ Справа стала так: або перамагчы ворага, або памерці ў змаганні. Чорны. Але жыццё аддай не дарам: Памры, На прыступ ідучы, Як паміраюць камунары, Каб смерцю Смерць перамагчы. Глебка. // Выйграць у якім‑н. спаборніцтве. Перамагчы ў сацыялістычным спаборніцтва Перамагчы ў спартыўнай барацьбе.

2. перан. Пераадолець якія‑н. цяжкасці, узяць верх над кім‑, чым‑н., дабіцца поспеху. А людзі працавалі ў калгасе, перамаглі нястачы, [аб] жыліся, адбудаваліся і выхавалі дзяцей. Дуброўскі. Партызанская вытрымка, адвага перамаглі ўсё. Кулакоўскі. Цэлы год лечаць.. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Перасіліць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лопаць1, лопаті ’трэснуць, рвацца, разрывацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп.), ’моцна стукаць’ (Бяльк.; беласт., варон., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’біць крыламі’ (Шат.), лопацца ’трэскацца’, ’крычаць на ўсё горла пры лаянцы’ (КЭС, лаг.; рагач., жлоб., Мат. Гом.; ТСБМ, ТС, Шат.), лопнуць, лопнуті ’трэснуць, пэнкнуць, парвацца, прапасці, знікнуць’, (перан.) ’здохнуць, памерці’ (ТС, Шат., Сл. ПЗБ, сувалк., КЭС), стаўб. ’адлегчы, паменшаць (пра мароз)’ (Жд. 2), лоп! ’пра лопанне’ (мсцісл., Нар. лекс.; ТСБМ). Укр. лопати, лопатися, рус. лопать(ся), польск. крэсовае łopać, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati, утворанае ад гукапераймальнага выклічніка lop! (Фасмер, 2, 519; Слаўскі, 5, 202–204). Яму адпавядае літ. lapúoti ’лопаць крыламі’, ’шлёпаць’. Параўн. таксама лапата́ць (гл.). Сюды ж лопан у фразе: лопана на яго няма ніякага! (уздз., Жд. 2).

Лопаць2 ’жэрці, прагна есці’, ’хлябтаць’ (Нас., Бяльк.). Укр. лопати, рус. лопать, чэш. ляш. łopač, славен. lópati, макед., балг. лопам. Прасл. lopati. Літ. lopóti, лат. lepêt ’тс’. Як і лопаць1, утворана ад гукапераймальнага выклічніка lop!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

задра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.

1. Падняць угору. Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр. // Загнуўшы, падняць уверх (пра адзенне). Зусім нечакана для «высокага суда» Рыгор задраў кашулю і павярнуўся спіной да стала. Бажко. Чалавек задраў калашыны вышэй калень і пачаў грэць валасатыя ногі. Лобан.

2. Адарваўшы, загнуць канцом у адваротны бок. Задраць скуру на пальцы.

3. Забіць, разарваць (пра драпежніка). Каршун задраў курыцу. □ Яшчэ пазаўчора .. [воўк] задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Чорны.

•••

Задраць ногі — а) упасці, не ўтрымаўшыся на нагах. Купрыян.. быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі.. і перакуліўся. Чарот; б) памерці, здохнуць (звычайна пра жывёлу). Падкорміць [Халімон] парсючка, толькі б.. прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ. Чарнышэвіч.

Задраць нос (галаву) — зазнацца, заганарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрасці́, ‑сту, ‑сцеш, ‑сце; ‑сцём, ‑сцяце, ‑стуць; пр. аброс, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Пакрыцца, зарасці якой‑н. расліннасцю. Пень аброс маладымі парасткамі. Камень аброс мохам. Берагі ручая абраслі асакой. // Пакрыцца валасамі, шэрсцю. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе ці на могілках, то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

2. перан. Набыць чаго‑н. у вялікай колькасці, абзавесціся чым‑н. Абрасці гаспадаркай. Абрасці кнігамі. □ І ўсё, здаецца, так і было, — Хіба што толькі падрасла малеча, Старым гады папрыгіналі плечы Ды абрасло антэнамі жытло. Бураўкін. // Аказацца ў акружэнні каго‑, чаго‑н. Навучальны корпус аброс жыллёвымі будынкамі. // Расшырыць кола абавязкаў. Набываў [Пракапенка] у парткоме і ў рэдакцыі завадской шматтыражкі; хутка аброс усялякімі грамадскімі нагрузкамі і жыў з імі ў вялікай згодзе. Кулакоўскі.

3. Пакрыцца слоем чаго‑н. Абрасці граззю.

•••

Абрасці карою — стаць неахайным, брудным.

Абрасці мохам — апусціцца, адстаць ад жыцця, адзічэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)