Конь1 ’буйная свойская аднакапытная жывёліна’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк.), ’здаровы высокі мужчына’ (Мат. Маг.). Укр. кінь, рус. конь, ст.-рус. конь ’тс’, ст.-слав. конь, балг. кон, серб.-харв. ко̏њ, славен. kònj ’тс’, польск. koń, чэш. kuň, славац. koň, в.-луж. kóń, н.-луж. koń ’тс’. Прасл. konь. Мы выводзім у адпаведнасці з этымалогіяй Левянталя (KZ, 47, 146) з прасл. komonь (ст.-рус. комонь ’баявы конь’), які адносіцца разам з ст.-прус. camnet ’тс’ да аднаго гнязда з літ. kãmanas ’аброць’, kamanuóti ’кілзаць’. Такім чынам, можна рэканструяваць *kamanas asvas ’закілзаны конь’ (= прасл. *komonъ osъ). Апошні ў выніку семантычнай кандэнсацыі даў komonь (Мартынаў, Изоглоссы, 21; Мартынаў, Язык, 71). Аналагічна тлумачыцца ст.-прус. camnet, які ад *kamnētas russis ’закілзаны конь’ (Тапароў, I–K, 193). Суфіксацыя старажытнарускага слова, яго супастаўленне з прасл. komonь даюць падставы для рэканструкцыі зыходнай формы *kamn‑, як супастаўленне komonь з літ. kãmanas для *kaman‑. Ад гэтых асноў рэгулярна ўтвараецца адыменны назоўнік якасці на ‑is *kamnis/*kamanis (як літ. júodas ’чорны’ > júodis ’вараны конь’). Форма *kamanis дала на славянскай моўнай глебе рэфлексацыю komonь, форма *kamnis*komnь > konь. Іншыя этымалагічныя версіі неверагодныя: konь < *kobnь (Фасмер, ZfSlPh, 9, 111; Брукнер, 253–254), konь < *skopnь (Машынскі, Pierw., 235), konь < кельт. *konkos ’скакун’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 197). Параўн. яшчэ Баль, SPKOK PAN, 20, 2, 334–335.

Конь2 ’слуп, драўляная апора’ (Хар., Нік. Очерки). Гл. конь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

любі́ць, люблю, любіш, любіць; незак., каго-што.

1. Адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Любіць радзіму. Любіць сваіх дзяцей. □ Люблю цябе, край волатаў. Бядуля. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей. Лынькоў. // Адчуваць сімпатыю, павагу да каго‑н. У нас усе Ладымера Стальмаховіча любяць і шануюць. Чорны. У атрадзе ўсе .. [Валю] ведалі і любілі. Якімовіч.

2. Адчуваць сардэчную прыхільнасць да асобы другога полу; кахаць. [Марыля:] — Люблю я Рыгора, ён верны мне, Чакаць яго буду да смерці... А. Александровіч.

3. Мець цягу, цікавасць да чаго‑н. Любіць музыку. □ Змалку прывучыў .. [Сёмку] бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. Гартны. // Адчуваць задавальненне ад сузірання, адчування чаго‑н. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. // і з інф. Быць схільным да чаго‑н., аддаваць перавагу чаму‑н. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін. Нашы старыя людзі любяць пагаварыць! Чорны. // з дадан. сказам. Быць задаволеным чым‑н., адчуваць задавальненне ад чаго‑н. Дзед любіць, калі яго хто доўга слухае. Лынькоў.

4. Патрабаваць якіх‑н. умоў як найбольш спрыяльных для існавання, росту і пад. [Лістоўніца] любіць чорную камяністую глебу. Маўр. [Вера:] — Куліку і балота родны дом. На полі яму не жыць. А жаўрук раздолле любіць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пашкоджанняў, прыгодны для выкарыстання. [Перагуд:] Праверыць гранаты, каб былі спраўныя. Крапіва. Машын тут некалькі, усе грузавыя, з магутнымі маторамі і не зусім спраўнымі глушыцелямі. Кулакоўскі. Нэля падняла ўгору сцяжок, даючы знаць машыністу, што пуць спраўны. Васілёнак.

2. Які знаходзіцца ў добрым стане; добры. — І як яму ўдаецца трымаць такую спраўную гаспадарку? — не пакідала.. [Петруся] думка. Якімовіч. [Траншэя] была глыбокая, спраўная, зробленая з нямецкай акуратнасцю. Марціновіч. / Пра скаціну. Хто мае такога спраўнага каня і выязную жарабку ў дадатак, як.. [Бабейка]? Хадкевіч. // Заможны. Гаспадаром станавіўся [Васіль], не абы-якім, спраўным; зямлі пабольшала, пабольшала ў гумне і ў клеці. Мележ.

3. Старанны, добрасумленны. Спраўны вучань. □ Баранавых аказаўся вельмі рупным і спраўным работнікам. Хведаровіч.

4. Удалы, прыгожы, здаровы (пра чалавека). Нядаўна быў завітаў [Міша] ў госці, дык такі кавалер вырас, такім спраўным стаў — паглядзець ды падзівіцца толькі. Кірэйчык. [Алаіза:] — Думаю, што ў такіх спраўных дзяўчат, як вы, кавалераў хапае. Арабей. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы. Палтаран. Спраўны ён, Мацей, хлопец, павінен я сказаць. Ды і не толькі ён — у Якуба ўсе дзеці галавастыя. Савіцкі. // Які характэрны для такіх людзей. [Петрык] хуценька садзіцца за тэлеграфны апарат і пачынае перабіраць у спраўных руках стужку. Шынклер. [Жанчына:] — Але такую справу адкладваць няможна! — І яна спакойна, спраўным крокам зноў пайшла да салдата. Мікуліч. // Спрытны, абаротлівы, энергічны. Дзед Банэдык аказаўся вельмі спраўным хаўруснікам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каме́ль1 ’ніжняя частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня’, ’перавязаны канец снапа, веніка і да т. п.’, ’аснова, тоўсты бок якой-небудзь рэчы’ (Нас., Маш., Мядзв., Бяльк., Сцяшк., ТСБМ, Гарэц., Бір. Дзярж.; КЭС, лаг.; Нік. Очерки; віц., Хрэст. дыял.; Федар. I; Растарг.; Сл. паўн.-зах.), ’каржакаваты, прысадзісты, здаровы чалавек’ (Др.-Падб.), камёлак ’тое ж аб дзецюку, аб кавалку дрэва’ (Нас., Бяльк., Юрч.), камлява́ты, камлякава́ты ’дужы, мажны’ (добр., Мат. Гом.; іўеў., Сцяшк. Сл.; віл., гродз., Сл. паўн.-зах.), шкл. камлюшок ’сцёрты венік’ (Мат. Маг.), камлі́, камле́, камлюкі́ ’валакно з ніжняй часткі трасты льну’, ’пачаскі з ніжняй часткі трасты льну’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. коме́ль, рус. раз., наўг. ка́мель, паўн.-рус., калуж., арл. ко́мель ’камель раслін, дрэў’, ’ствол дрэва’, перм. ко́мень ’ствол дрэва’; польск. аструдск., варм.-мазурск. komle ’пачаскі пасля першага часання жмені льну ад каранёў’. Такім чынам, лексема пашырана на прыбалт. арэале, і суф. ‑ель можна лічыць роднасным да ст.-прус. ‑elis, літ. ‑ė̃lis. Утворана ад komъ > ком, камя́к (гл.). Параўн. таксама літ. kamė́nas, kamíenas ’камель дрэва’, лат. kamans ’тс’. Літ-py гл. Фасмер, 2, 302, Шанскі, 2 (К), 228.

Каме́ль2, мазыр. коме́ль ’бязрогая карова’ (З нар. сл.), каме́зы ’тс’ (смал., КЭС), камёзы ’лабаты, бязрогі’ (Гарэц., Др.-Падб.), камёзасць (Гарэц.). Укр. комо́лий, рус. комо́лый, коматый ’тс’, перм. комёл ’бязрогі бык’; ст.-польск. komoły, польск. gomoły, в.-луж. gomoły, чэш. komolý, chomolý, мар. gomoľa ’бязрогая карова’, славен. komȏł ’бязрогі’, komólčen ’локцевы’, серб.-харв. ко̀молац ’локцевая косць’. Прасл. komolъ роднаснае да komъ ’камяк’. І.‑е. адпаведнікі: ст.-в.-ням. hamal, ст.-англ. hamola ’скалечаны’: ст.-грэч. κολοβός ’бязрогі’, хец. karmalussāi ’застацца пакалечаным, нерухомым’ (Махэк₂, 271; Фасмер, 2, 304; Слаўскі, 1, 315; Трубачоў, Эт. сл., 10. 174–175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvěздаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötněoxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huť ’радасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́ть ’схапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смех, ‑у, м.

1. Характэрныя перарывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці і пад. Залівацца смехам. □ А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх бега[тня] па лаўках, смех і крыкі. Колас. На верандзе казармы на поўныя грудзі спявае прыёмнік.. Да цямна раздаецца здаровы вясёлы смех. Брыль. // Весялосць, жарты або кпіны. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. Ведаюць здаўна на свеце пра тое — смех памагае знішчаць нам ліхое. Дубоўка. / мн. (смехі, ‑аў). Дзяўчат спаткаю — смехі-жарты Пасыплюцца, нібы з мяшка: «Дзень — добры, але ты што варты?!» — «А можа ўзяць за прымака?!» Лойка. // у знач. прысл. сме́хам. Разм. Жартуючы, несур’ёзна. Сказала [Юлька] смехам: «Глянцую драты на лічыльніку, каб блішчалі...» Марціновіч.

2. у знач. вык. Разм. Пра тое, што можа рассмяшыць; смешна. Давялося мне там [на «Трэку»] бачыць, У мяшках як людзі скачуць: Два хлапцы залезлі ў мех Ды валтузяцца — аж смех, Так, як тыя парасяты. Крапіва. Смех з панскіх ботаў: адзін згарэў, другі сабака з’еў. З нар.

•••

Гамерычны смех (рогат) — нястрымны, грамавы смех.

Адзін смех — тое, што і смех (у 2 знач.).

Без смеху — сур’ёзна, без жартаў.

Выставіць на смех гл. выставіць.

Дзеля смеху — з мэтай пажартаваць, пасмяяцца.

(І) смех і гора; (і) смех і грэх — пра тое, што адначасова і смешна і сумна.

Качацца са смеху гл. качацца.

Кіснуць ад смеху гл. ціснуць.

Класціся ад (са) смеху гл. класціся.

Курам на смех гл. курыца.

Лопнуць са смеху гл. лопнуць.

Не да смеху каму — няма прычыны, жадання весяліцца, смяяцца.

Не на смех — усур’ёз; як след. [Харытон:] — Але ж калі рабіць — трэба не на смех рабіць. Баранавых.

Падняць на смех каго гл. падняць.

Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху гл. пакаціцца.

Паміраць (лопацца) са смеху гл. паміраць.

Смех бярэ — хочацца смяяцца.

Смех ды і годзе; смех сказаць — тое, што і смех (у 2 знач.).

Смеху варта — смешна.

(Як) на смех — як для насмешкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)