прывяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. вяроўкай, рэменем і пад. [Макараў] сеў у кабіну, прывязаўся, агледзеўся. Алешка.

2. перан. Адчуць прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., неабходнасць быць дзе‑н., з кім‑, чым‑н. Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай доўга не прыходзіла да іх, сумавала. Краўчанка. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, [Галынскі] не знаходзіў людзей, якія маглі б выклікаць у ім пачуцці гэткай прывязанасці. Галавач.

3. перан. Прыстаць да каго‑н. з назойлівымі просьбамі, пытаннямі і пад. — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!. Каб я так сваю гаспадарку аглядаў, як я бачыў твайго каня.. І чаго прывязаўся чалавек? Крапіва. — Язэп, уставай — крычыць ён [дзед] сыну: Уставай у гэтую ж хвіліну! — .. — Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! — Гаворыць баба і сярдуе. Колас. // Пачаць неадступна ісці за кім‑н., праследаваць каго‑н. Сабака прывязаўся за хлопчыкам.

4. Спец. Звязацца з якім‑н. арыенцірам, суаднесціся з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́шча ’не еўшы нічога’ (Нас., Мядзв., Шпіл., Грыг., Гарэц., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ), ’на пусты жывот пасля начнога сну’ (полац., Нар. сл.), на́шчо ’тс’ (мін., Шн. 2, навагр., Сл. ПЗБ), na czczo ’тс’ (Федар.), сюды ж нашчако́м ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), на́шчы ’які з раніцы не прымаў ежы, пусты’ (Нас.), на́шчыцца ’есць што-небудзь на галодны страўнік, закусваць пасля выпіўкі’ (Нас.), ’апахмяляцца’ (Яўс.; мсцісл., З нар. сл.), укр. наще́ ’на галодны страўнік; дарэмна’, польск. naczczo ’нічога не еўшы з раніцы’, балг. наще́ ’тс’. З больш ранняга натшча (натще), зафіксаванага яшчэ ў Насовіча, дзе т выпала «ў выніку вялікага збегу зычных» (Карскі, 1, 356), што ў сваю чаргу з на‑тъщ‑ѣ (Шуба, Прыслоўе, 116), або на тъште (Карскі 2–3, 73) ад прасл. *tъštь, гл. тшчы, тошчы ’пусты; чысты; дарэмны’, параўн. славен. teščè ’на пусты страўнік’, пры tèšč ’пусты, парожні’. Гл. нашчэ́серца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туры́ць ‘гнаць, прымушаць хутка рабіць што-небудзь, імчаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Гарэц., Бяльк., Яўс., Ласт., ТС, Варл., Волк., Растарг.), ‘гнаць, штурхаць’ (Вушац. сл.), ‘везці нешта грувасткае’ (ТСБМ, Кал.), ‘бязмэтна траціць, раскідаць’ (Растарг.), ту́рыць (ту́рытсь) ‘прымушаць, паганяць’ (Шпіл.), ‘гнаць (пра самагонку)’ (Зайка Кос.), ту́ріць ‘рабіць нешта непрыстойнае’: культура — дзе стаіць, там і туря (ветк., Palaeoslavica, 23, 1, 173), туры́ты ‘гнаць’ (Сл. Брэс., Арх. Вяр.; драг. З нар. сл.), туры́цца ‘гнацца, бегчы следам, даганяючы’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. ту́ри́ти ‘гнаць, выганяць’, рус. тури́ть ‘падганяць, гнаць, пудзіць’, польск. дыял. turać ‘абарочваць, каціць’, каш. tuřëć ‘хутка ехаць’, серб., харв. tȕřiti ‘штурхаць, піхаць, класці’, славен. túrati ‘піхаць, тузаць’, макед. тури ‘пакласці, паставіць’, балг. ту́рям ‘ставіць, класці’. Прасл. *turiti і *turati ‘піхаць, паганяць, гнаць’ без пэўнай далейшай этымалогіі (SEK, 5, 181); паводле Глухака (645), узыходзіць да і.-е. *tour‑, няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зачапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. чым, за што. Закрануўшы што‑н., страціць магчымасць рухацца. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася. Якімовіч. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. // Павіснуць на чым‑н., застацца дзе‑н. Страшны чалавек аказаўся даволі ёмкаю плашкаю.., а яго рука — кавалкам рызмана, што нейкім спосабам зачапіўся за вішнёвую галінку і матляўся на ветры. Колас. Шурпаты язык у Амелькі, ды словы на ім, што ваўчкі пры дарозе, — зачэпяцца, не скінеш. Лынькоў. // Разм. Ухапіцца, учапіцца. За Цімоха Будзіка ўхапіўся .. [Саўка] цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Колас. // перан. Замацавацца, асесці дзе‑н. [Туркевіч] раіў мне ісці настаўнікам у беларускую школу на вёсцы або наогул як-небудзь зачапіцца на вёсцы, бо ў горадзе жыць — пагібель. Гарэцкі. — Пераплылі мы .. [рачулку] дзвюма ротамі хто на чым, зачапіліся на беразе. Корбан.

2. Разм. Узяцца на кручок (пра рыбіну). Лешч зачапіўся.

3. перан. Палічыць што‑н. за повад, прычыну для чаго‑н.; прыдрацца. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца [млынара], але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога. Сабаленка. // Пачаць (справу і пад.). — Добра, што хоць каробка ўцалела, ёсць за што зачапіцца, — падумаў сам сабе Азаркевіч і ўздыхнуў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул 2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыса́ды 1 мн. л. ’дрэвы, пасаджаныя вакол, каля чаго-небудзь (дарогі, вуліцы, будынка і пад.)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Бір. Дзярж., Прышч. дыс., Сл. ПЗБ; слуц., ЛА, 2), прыса́дзі ’прысады’ (Сл. ПЗБ), прыса́да ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі; дрэвы, пасаджаныя ля (вакол) хаты, сядзібы, сада’ (Шат., Янк. 2, Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), прыса́дак ’шырокая дарога, абсаджаная дрэвамі’ (акц., ЛА, 2), прыса́дка ’дрэва ў прысадах, алеі’ (Стан.), ’прысады; алея’ (Яруш.). Ст.-бел. присад ’падсаджаная расліна’ (XVI ст.), якое Крапівін (Межресп. конф., 24) параўноўвае з серб. при́сад ’атожылак, парастак’. Ад прысадзі́ць (гл.). Да семантыкі параўн. яшчэ паліса́да (гл. паліса́д).

Прыса́ды 2 ’два дрэвы, якія растуць адно каля другога, з развілінамі (ра́ламі або казламі), дзе будзе зроблены памост для вулляў-калод (адзёр)’ (Сержп. Борт.). Да прысадзі́ць, г. зн. дрэвы, на якія прыса́джваецца памост, або дрэвы, спецыяльна пасаджаныя блізка адно да аднаго для выкарыстання пры размяшчэнні борці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.

2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.

3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патае́мны, ‑ая, ‑ае.

Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».

2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.

3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.

4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.

5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)