сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уяўле́нне, ‑я, н.

1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.

2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.

3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру́, збярэ́ш, збярэ́; збяро́м, збераце́, збяру́ць; збяры́; сабра́ны; зак.

1. каго-што. Сканцэнтраваць у адным месцы, запрасіўшы або прымусіўшы прыехаць, прыйсці куды-н.

С. студэнтаў.

2. што і чаго. Назапасіць дзе-н., паступова збіраючы, адшукваючы.

С. многа значкоў.

С. грошы на мэблю.

3. што. Размясціць блізка адно ля аднаго; злучыць што-н.

С. кветкі ў букет.

4. што. Зняць пасля паспявання ўраджай.

С. ягады з кустоў парэчак.

С. добры ўраджай пшаніцы.

5. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі рассыпанае, раскіданае; прывесці ў парадак.

С. шчаўя ў суп.

С. бульбу пасля бараны.

С. інструмент са стала.

6. што. Узяўшы з розных крыніц, сканцэнтраваць, змясціць у адным месцы.

С. звесткі.

С. прапановы і заўвагі.

7. што. Пры галасаванні атрымаць пэўную колькасць галасоў за сябе, за сваю кандыдатуру.

С. большасць галасоў.

8. што. Склаўшы ў адно месца. падрыхтаваць, нагатаваць.

С. сумку ў дарогу.

9. каго (што). Падрыхтаваць у дарогу таго, хто ад’язджае.

С. сына ў паездку.

10. што. Злучыўшы асобныя часткі, дэталі. атрымаць што-н. цэлае.

С. матацыкл.

С. будзільнік.

11. перан., што. Мабілізаваць свае сілы, волю, энергію і пад., прывесці сябе ў актыўны стан.

С. волю.

12. што і без дап. Зрабіць зборкі на чым-н.

С. сукенку ў поясе.

13. што. Паставіць, прыгатаваць на стол усё неабходнае для яды.

Тое-сёе можна с. на стол.

С. абед.

|| незак. збіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. збор, -у, м. і збіра́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ша́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. Галаўны ўбор, звычайна цёплы, мяккі.

Зімовая ш.

2. перан. Тое, што мае форму купала.

Шапкі хвой.

Снегавыя шапкі дрэў.

3. Тое, што і шапачка (у 2 знач.).

Ш. баравіка.

4. Загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў у газеце, а таксама назва ўстановы-выдаўца, серыі і пад., якая змяшчаецца на тытульным лісце кнігі над загалоўкам (спец.).

Бюлетэнь выдаецца пад шапкай міністэрства.

5. Верхні брус над дзвярамі, акном для мацавання іх (спец.).

Закідаць шапкаміужыв., калі выхваляюцца чым.-н. у знач.: лёгка адолець, перамагчы.

На разбор шапак (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.; разм.) — к канцу, калі ўсе разыходзяцца, усё скончылася.

На злодзеі і шапка гарыць — пра вінаватага ў чым-н. чалавека, які сам сябе выдае чым-н.

Па Сеньку і шапка — пра таго, хто не заслугоўвае лепшага.

Па шапцы даць каму (разм.) — выгнаць, зняць з работы.

Шапка валіцца (разм.) — пра што-н. надта высокае.

Шапка расце на галаве (разм.) — пра вялікі страх.

|| памянш. ша́пачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.).

|| зневаж. шапчы́на, -ы, мн. -ы, -чы́н, ж. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. ша́пачны, -ая, -ае (да 1 знач.) і ша́пкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

На шапачны разбор прыйсці, паспець і пад. (тое, што і на разбор шапак). Шапачнае знаёмства (выпадковае; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сябе́, Р. скл.; Д., М. скл. сабе́, Тв. скл. сабо́ю, займеннік зваротны; указвае на адносіны дзеяння да таго, хто ўтварае (дзейніка) (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), Р. скл. себе (ТС), ст.-бел. себе ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. се́бе́, собі́, собо́ю, рус. себя́, себе́, собо́й, собо́ю, ст.-рус. себе, собѣ, собою, польск. siebie, sobie, sobą, в.-луж. sebje, sebe, sobu, н.-луж. sebje, sobu, палаб. sibě, чэш. sebe, se, sobě, si, sebou, славац. seba, sa, sebe, sebou, серб.-харв. сѐбе, сѐби, со̏бом, славен. sȇbe, se, sȇbi, sebéj, балг. се́бе, си, се, макед. себе (си), се, ст.-слав. себе, себѣ. Прасл. *sebě, В. скл. *sę; *sebe узнікла з *seve пад уплывам Д. скл. адз. л. *sebě; параўн. літ. *savę̃s, sãvo ’сябе’, *sebě ’сабе’ роднаснае ст.-прус. Д. скл. sebbei ’сабе’, оск. sífei, лац. sibī ’сабе’, грэч. σφί(ν) ’яму’, літ. sávei (v — з Р. скл. адз. л., параўн. вышэй); да і.-е. *s(e)u̯‑/*s(e)u̯o‑/se з першасным значэннем ’убаку; апрача’. Гл. Траўтман, 251–252; Фрэнкель, 767; Скок, 3, 211; Фасмер, 3, 586, 588; Шустар-Шэўц, 1278; Бязлай, 3, 220; ESSJ SG, 2, 600.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляць ’вудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такі́1, займеннік ’менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Федар., 4, Сл. ПЗБ, ТС), такі́й ’такі, гэтакі’ (Бяльк.), ст.-бел. такий ’такі’ (КГС). Сюды ж вытворныя са значэннямі павелічальнасці ці памяншальнасці: таке́нны ’такі (вялікі)’ (Ян., Растарг.), таке́зны ’тс’ (ТС), таке́нькі, таке́нечкі, таке́сенькі ’такі (малы)’ (Сцяшк. Сл., Ян., Растарг.). Укр. таки́, стараж.-рус. таки, такы ’тс’, польск., славін. дыял. taki, в.-луж. tajki, н.-луж. taki, серб.-харв. та̀кӣ, чэш. taky, славац. taký(to) ’такі’. Да прасл. *takъjь, што працягвае прасл. *takъ ’тс’ (гл. так).

Такі́2, ‑такі — прыслоўе і часціца, што выкарыстоўваюцца пры знамянальных словах, падкрэсліваючы іх значэнне: ’аднак’, ’аднак жа’, ’зрэшты’, ’тым не менш’, ’усё ж’, ’усё-такі’ (ТСБМ, Нас., Чач., Ласт.), ’аднак, хоць’ (Некр. і Байк.), тыкі́ ’аднак жа’ (чавус., Яшк. Мясц.), уваходзіць у склад некаторым слоў: даволі‑такі, зноў‑такі, так-такі і пад. (ТСБМ). Укр. таки́, рус. таки́, стараж.-рус. такы ’таксама; усё ж; пастаянна’. Паводле Карскага (2–3, 84, 419), Тв. скл. мн. л. ад так (гл.); гл. таксама Фасмер, 4, 13. Сюды ж такі́та ’дарэчы, дык, сапраўды’ (Некр. і Байк.), ускладненае часціцай то (та), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́- прыстаўка для абазначэння розных прасторавых, часавых і іншых адносінаў. Надае значэнні: назоўнікам — ’прадмет, падобны да таго, што названа ўтваральным словам, але не з’яўляецца ім у поўнай меры’: по́гуд ’невыразны гул’ (Сцяшк. Сл.), по́кут ’покуць’, по́кліть ’свіран, клець’ (Тарн.); прыметнікам і прыслоўям — ’некаторае ўзмацненне якасці’ ці ’прысутнасць яе ў малой меры’: по́даўна ’даволі даўно, даўнавата’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), по́дыўна ’тс’ (Бяльк.), по́даўка, по́цесна ’цеснавата’, по́вісокі ’высакаваты’, по́малы ’малаваты’, по́цемна ’цемнавата’, по́весел ’пад чаркай’ (Нас.), по́велікі ’велікаваты’ (ТС). Паводле Цвяткова, по‑ ў апошніх формах генетычна суадносіцца з паказчыкам вышэйшай ступені параўнання ў балгарскай мове: по‑висок ’вышэйшы’ (Цвяткоў, Запіскі, 51); а таксама ў македонскай мове: помлад ’маладзейшы’. У тым жа значэнні вядома большасць славянскіх моў: укр. по́широкий ’трохі шырэйшы’, по́твердний ’цвердаваты’, польск. pobielawy ’белаваты’, чэш. posilný ’даволі моцны, трохі мацнейшы’, в.-луж. počorni ’чарнаваты’, н.-луж. pocarny ’тс’, славен. počrn ’тс’, серб.-харв. подобар ’даволі добры’; гэта дазваляе рэканструяваць праслав. *po‑ з адпаведным значэннем, параўн. лат. padargs ’задарагі, дарагаваты’, што выводзіцца са значэння ’пасля, за’ адпаведнага прыназоўніка (ESSJ, 1, 189; БЕР, 5, 395; Скок, 2, 692–693; ESJSt, 11, 667), гл. па1, па2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лопацень1, ло́поцень, ло́пыцінь, ло́пацінь, ло́потэнь ’балбатун’, ’чалавек, які меле глупства, без сэнсу крычыць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; лаг., Жд. 3; жлоб. Нар. словатв.; паўд.-пін., Нар. лекс., віл., смарг., Сл. ПЗБ). Да лапата́ць1 (гл.). Сюды ж і лоеў. лопацень ’водаўдарная дошчачка на вобадзе кола ў вадзяным млыне’ (ЛАПП) — паводле шуму вады; па форме — да лопацень4 (гл.).

Лопацень2, ло́поцень ’выгібы на лязе касы пры нераўнамерным кляпанні’ (слуц., Нар. словатв.; лун., Мат. ЛАБНГ; ТС); лопатні ’тс’ (Жд. 1; карэліц., нясв., пін., стол., лельч., Мат. ЛАБНГ). Укр. палес. ло́потень (Нік.). Утворана ад ⁺лопат, якое з’яўляецца генетычна тоесным да літ. lãpatas ’акравак, абрэзак’.

Лопацень3, ло́потень ’частка жорнаў’ (кобр., Выг.; КЭС, лаг.), ’верхняя перакладзіна ў жорнах’ (Касп.; віл., Сл. ПЗБ), ло́патня ’дошчачка (у жорнах), у якую ўстаўляецца млён’ (Касп.). Да лопат2 (гл.).

Лопацень4, ло́поцень, лопацінь, лопыцінь, ло́патынь вялікі, круглы, падобны да лапаты свярдзёлак; якім карыстаюцца ў млыне, выкручваюць дзіркі ў калодцы кола, робяць борці і да таго пад.’ (Бяльк., Касп., Жд. 1, Мядзв., Маш., Нас., Жд. 1, Сіг., ТС; КЭС, лаг.), ’лопасць у турбіне’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лопатень ’шырокі свердзел’, рус. ло́пате́нь ’тс’. Да лапа́та (гл). Суфікс ‑ень, як у берасце́нь, пруце́нь, ве́расень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)