Блакі́тны. Ст.-бел. блакитний, блекитный, бленкитный і г. д. (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Укр. блаки́тний (з XVI ст.). Запазычанне з польск. błękitny ’тс’ (а гэта з чэш. blankytný; першакрыніцай лічаць с.-в.-ням. blancheit ’белы, сталёвабліскучы колер’; Слаўскі, 1, 36; Зарэмба, JP, XXX, 21–22; дакладней, першакрыніцай з’яўляецца с.-лац. blanketus, blanchetus, blanquetus, гл. Гебаўэр, Sl. stč., 1, 60; Махэк₂, 55, гл. далей Бернекер, 58; Рыхардт, Poln., 34; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22; Рудніцкі, 142–143; Брукнер, 31).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Курга́н 1 ’высокі старадаўні магільны насып; гурба’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., ТС, Сцяшк., Мат. Маг., Федар.), укр. курган, рус. курган ’тс’. Паводле Заянчкоўскага (22–23), усходнеславянскае запазычанне з палавецка-кіпчацкай мовы kurgan ’тс’ ад кораня kur‑ ’узводзіць, узмацняць’ (параўн. Фасмер, 2, 404; Слаўскі, 3, 402–403).
Курга́н 2 ’шматок пашы ці лесу сярод палёў’ (Нар. лекс.). Гл. курган 1.
Курга́н 3 ’востраў, які ўтвараецца ў час паводкі’ (Нар. словатв., Федар. Рук.). Гл. курган 1.
Курга́н 4 ’куст’ (Касп.). Да курган 2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Абкляпа́ць ’запырскаць граззю’ (Бяльк.), абкляпацца (Бяльк.). Не мае нічога агульнага з прасл. klepati (ст.-слав. клепати ’штурхаць’, серб.-харв. клѐпати ’біць’ і г. д.). Больш верагодным уяўляецца балтыйскае паходжанне гэтага слова (*apklimpoti). Параўн. літ. klim̃pti, klampóti ’пэцкаць у гразі’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 73). Запазычанне адбылося яшчэ да падзення дыфтонгаў і распаўсюдзілася на невялікім славянскім арэале. Параўн. балг. радоп. оклепя са, клепя ў тым жа значэнні (Цыхун, БЛ, 1974, 5, 49). Аб магчымасці балгарскіх балтызмаў гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 339–340.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аго́ўтацца, агойтацца ’звыкнуць, супакоіцца’ (БРС, Шат., Бір. дыс., Бяльк., Гарэц., Янк. I), ’прыйсці да памяці’ (КЭС, Некр.), ’ачысціцца ад гразі’ (Шат., Касп.). Няясна. Зыходная форма павінна быць *гоўтацца (параўн. укр. (о)говтатися). Магчыма, запазычанне. Этымалогіі на славянскай глебе няма і слова мае вельмі звужаны арэал (беларуска-ўкраінская ізалекса?). Тады з балт.: літ. gul̃ti ’легчы адпачываць, спаць’, gùlta ’пасцель, ложа’, лат. gùlta ’тс’. Бел. *гоўтацца ’адпачываць’ дало агоўтацца ’звыкнуць, супакоіцца, прыйсці да памяці’. У гэтым выпадку няясна, як вытлумачыць другое значэнне ’ачысціцца ад гразі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зняна́цку ’раптоўна’. Рус. бранск. изненачку. Укр. знена́цька, польск. znienacka, чэш. znenadaja, znenadajky ’нечакана’, славац. znenazdajky ’зразу’, славен. iznenâda, iznenâde, серб.-харв. и̏зненāтке̄, и̏зненāда, изнѐнањено ’нечакана’, балг. изнена̀да ’нечаканая падзея, пачуццё’, макед. изненада ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 3, 145), Брукнера (665), бел. (і ўкр.) з польск., дзе на месцы *dě‑ (параўн. надзея) фанетычна выступае с. Не выключана і запазычанне ў польск. з укр., бел. Прасл. дыял. jьz‑ne‑na‑dě‑j‑ьk‑y (аддзеяслоўны назоўнік *naděja > nadějьka, гл. надзея).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кажухо́ваць, акажуховаць хату ’ашаляваць’ (Федар., рук.), кожухіўка ’шаляваная сцяна’ (кам., Нар. сл.). Рус. арл., болх., свярдл., с.-ур. кожушить ’шаляваць’, кожушка ’абшалёўванне’, польск. kożuchować ’шаляваць’, kożuchowanie, апошняе вядома з першай палавіны XVI ст., відавочна, прапускае. Бел. слова паводле фармальных адзнак і лінгвагеаграфіі неабходна лічыць паланізмам. Польск. да kożuch ’пакрыццё, аблямаванне’, параўн. дыял. kożuch ’аблямаванне з гліны, якое пакрывае ганчарную печ’. Рус. таксама вытворнае ад кожух, аднак статус яго (суадносіны з польск. словам — запазычанне? незалежныя ўтварэнні?) няясны, патрабуецца распрацоўка пытання на ўзроўні рэалій.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́льскі: польскі грыб ’падгрыб, Xerocomus badius’ (навагр., слонім., Расл. св.). Хутчэй за ўсё, запазычанне з рускай, параўн. рус. по́льский, польско́й ’палявы, стэпавы’, ’дзікі’: польские гуси ’дзікія гусі’; н.-луж. pólski, славен. poljski, серб.-харв. по̀љски ’палявы’, балг. по́лски ’тс’: полски пазач ’палявы стораж’. Семантыка ’грыб, які расце на адкрытых месцах’, звычайна — палявы грыб (ТС, паст., Жыв. сл.), палёвік (Жыв. сл.), палявы баравік/польскі баравік (Расл. св.), навуковыя назвы — махавік (казляк) руды, зайцаў грыб (Сяржаніна, Грыбы, 18). Ад поле (гл.), параўн. рус. земля — земский.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Про́вад 1 ’правадыр, камандзір’ (Шн.). Нулявы дэрыват ад право́дзіць; параўн. і ўкр. провідні́к ’праваднік, кіраўнік’, польск. przewodnik ’тс’, przewód ’важак’ (рыбаводны тэрмін).
Про́вад 2 ’дрот для перадачы электрычнага току’ (ТСБМ). Запазычанне або калька рус. про́вод у тым жа значэнні.
Про́вад 3, про́вады, про́воды ’пахаванне, хаўтуры’ (Нас., Касп.; лях., Сл. ПЗБ; ТС), ’радаўніца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. про́від ’пахавальная працэсія’, рус. про́воды сярод іншых значэнняў ’пахаванне, хаўтуры; радаўніца’, чэш. provod ’другая нядзеля пасля Пасхі’. Этымалогія ідэнтычная провад 1; больш падрабязна гл. право́дная нядзеля.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суліма́ ’сулема, хларыд ртуці’ (Некр. і Байк.), ’дэзынфекцыйны сродак’ (Сержп. Прымхі), сулі́ма ’атрута, нячыстая сіла, нячысцік (у пагражальных выразах і праклёнах)’ (ПСл), параўн. укр., рус. сулема́. Адаптаванае запазычанне, крыніцай якога лічыцца с.-лац. sublimatum ’сулема’ (< лац. sublimare ’высока ўздымаць, падносіць, узвышаць’, у пазнейшым спецыяльным значэнні ’выпарваючы цвёрдае цела, атрымаць яго ў ачышчаным крышталічным выглядзе’), параўн. польск. sublimat ’прадукт узгонкі’, ’хларыд ртуці’ — з удакладненнем sublimat gryzący, у якасці непасрэднай крыніцы дапускаюць грэч. σουλιμας < тур. sülimen (Фасмер, 3, 800; ЕСУМ, 5, 471–472).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)