Пралета́рый, пралета́р ’наёмны рабочы’, ’незаможны грамадзянін у Старажытным Рыме’ (ТСБМ). Для гэтых дзвюх форм магчымы дзве крыніцы запазычання. Пралетарый, відаць, праз рус. пролетарий ’тс’, якое праз ням. Proletarier узыходзіць да лац. prōlētārius ’грамадзянін, які служыць дзяржаве толькі тым, што мае дзяцей’ < prōlēs ’патомства, нашчадкі’ (гл. Фасмер, 3, 375). Форма пралета́р магла ўзнікнуць з польск. proletariusz у выніку адпадзення нязвыклага канчатка ‑usz, аднак, параўн. франц. prolétaire, з якога, відаць, чэш. proletář, польск. proletarz (Банькоўскі, 2, 782) і ўкр. пролета́р (ЕСУМ, 4, 596). Не выключана, аднак, што яна паходзіць ад пралетарый з усячэннем ‑ый. Пралетарыят з рус. пролетариат (Крукоўскі, Уплыў, 81).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Про́башч ’ксёндз, які стаіць на чале парафіі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), про́баш ’тс’ (Сл. ПЗБ), про́баршч ’плябан (у касцёле)’ (ашм., Стан.). Запазычанне з польск. proboszcz ’тс’. Ужо ст.-бел. пробощь (проборщъ) ’прыхадскі ксёндз’ (1474) < ст.-польск. proboszcz, якое праз ст.-чэш. probošt узыходзіць да ст.-в.-ням. probōst (Булыка, Лекс. запазыч., 174) і, далей, да лац. prōpositus ’які прадстаўлены’ < proponere ’прадстаўляць’ (гл. Голуб-Ліер, 394). Таго ж паходжання і ст.-рус. пробощь, пребощь (з XIII ст.) ’прэлат каталіцкай саборнай капітулы, ігумен’, ’ксёндз’. Гл. яшчэ Міклашыч, 264; Брукнер, 457; Голуб-Копечны, 294; Фасмер, 3, 371; Банькоўскі, 2, 777–778.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́кар 1 ’хлебапёк’ (ТСБМ). Запазычанне з польск. piekarz ’тс’, якое ўтворана пад уплывам нова-в.-ням. Bäcker ’тс’ (Брукнер, 406), як і чэш. pekár, у якім суфікс — нямецкі (Махэк₂, 440): польск. piekarz (1450) Банькоўскі (2, 549) выводзіць з *pekti (гл. пячы) у якасці словаўтваральнай інавацыі, бо суфікс ‑arъ звычайна ўтварае назвы выканаўцаў ад назоўнікаў. Кантамінацыю з слав. pek‑ дапускае Скок (2, 628); гл. таксама Русэк, Dzieje. 63–64.
Пе́кар 2 ’дзіцячая гульня’ (ТС), пе́кар ’кіёк у гэтай гульні, які ўтыкаецца ў зямлю’ (Скарбы), пэ́кар ’стораж цуркі, якая ўтыкаецца ў кучу пяску пры гульні ў пікара’ (пін., Нар. лекс.). Гл. пі́кар ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перапрасі́ць ’папрасіць прабачэння’ (ТСБМ; Гарэц.), пірапрасіць ’тс’ (Варл.), перэпросі́ць ’тс’ (ТС), пэрэпросі́ті ’тс’ (Бес.), перапрос ’просьба аб прабачэнні’ (Гарэц., Касп.), піряпросы, перапросіны ’тс’ (Юрч. СНЛ; Др.-Падб.). Укр. перепроси́ти, перепро́шувати, перепро́сити ’тс’; рус. смал. перепра́шивать, перепросить ’угаварыць’, польск. przeprosiny, przeprośba, ст.-польск. przepros, przeprosić ’перапрасіць’; н.-луж. pśepšosowaś, pśepšosyś, pśepšosba ’запрашаць, -сіць, запрашэнне’, в.-луж. přeprosyć, přeprošeć, přeprošenje ’тс’; славен. preprósiti, preprosíti ’ўпрасіць, пераканаць’, preprošénje ’ўгаворы праз просьбу’. Да прасл. *per‑prositi > пера- і прасі́ць (гл.). Польска-беларуска-ўкраінская семантычная інавацыя, першапачаткова — ’прасіць прабачэння, плацячы за шкоду ці зробленую крыўду, да прымянення санкцый’ (з XIV ст.), гл. Банькоўскі, 2, 892–893.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пра́шчур ’далёкі продак, родапачынальнік, прапраўнук’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. пращоръ ’нашчадак’, прашуръ ’продак’, пращуря ’нашчадак’. Рус., укр. пра́щур ’далёкі продак, родапачынальнік’, ст.-рус. пращур, пращюръ ’прапрадзед, прапраўнук’, польск. praszczur ’далёкі продак, прапраўнук’ (з усходнеславянскіх моў, Банькоўскі, 2, 760), plaskur ’прапрадзед’, praskuł, prazgulę ’прапраўнук’, ст.-польск. praskurzę, praszczur ’прапраўнук’, ст.-слав. праштоуръ, праштура ’прапраўнук’. Прасл. *pra‑sk(j)urъ > ’прапрадзед, родапачынальнік’ (рэканструкцыя Трубачова, История терм., 72 і наст.). Значэнне ’прапраўнук, г. зн. далёкі продак, але па сыходнай лініі’ лічыцца даследчыкамі другасным. Этымалогія выклікае спрэчкі. Трубачоў (там жа) услед за Бернекерам (IF, 10, 155) і Міклашычам (344) узводзіць слав. слова да і.-е. кораня *(s)kur‑ і параўноўвае з літ. prakūrė́jas ’продак’, ст.-ірл. caur, cur ’герой’, санскр. çávīra‑s ’магутны’, çūras ’моцны, герой’. Наяўнасць рус. щ (< skj) ён тлумачыць існаваннем гэтага і.-е. кораня з велярным k і магчымасцю чаргавання форм *(s)kour‑ і (s)keur‑ (як, напрыклад, у рус. гнус і гнюс). Пазаславянскія адпаведнікі (без ‑s) указваюць на тое, што тут было рухомае s. Фасмер (3, 356) параўнанні Бернекера і Міклашыча лічыць неверагоднымі, не прыводзячы контраргументаў. Другія версіі (супастаўленне з шурын, рус. чур меня!) адхіляюцца ім (там жа) па фанетычных прычынах. Гл. таксама Шаўр, Etymologie, 66–67 (тлумачыць неадрознасць назваў прабацькоў і праўнукаў); Банькоўскі, 2, 599 (выводзіць славянскія формы з і.-е. *prōskouros, *prōskeuros).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́бліка ’супольнасць людзей, сабраных у пэўным месцы’ (ТСБМ), ст.-бел. публика ’публічнасць’ (1687). Запазычана праз польск. publika ’вялікі з’езд, публічны сход; грамадскасць’, першапачаткова ’агульны або дзяржаўны інтарэс’ (XVI–XVII стст.), што ўзыходзіць да лац. (res)publica, літаральна ’агульная справа’, гл. рэспубліка (ад лац. pūblicus ’народны, дзяржаўны, грамадскі’, скарочаны варыянт ад незафіксаванага *populicus < populus ’тлум, люд, народ’, гл. Банькоўскі, 2, 961, даслоўным перакладам якога было рэч паспалітая, адсюль паспо́льства ’грамадскасць, грамадства’. Розныя дэрываты, большасць з якіх запазычана з польскай і рускай моў, а таксама непасрэдна з лацінскай мовы (параўн. яшчэ ст.-бел. публикация, публиковати, публичный, Булыка, Лекс. запазыч., 33), распаўсюдзіліся пад уплывам франц. publik, publique (з XIII ст.) ’яўны, адкрыты, даступны ўсім’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́кля ’кутас, пампон’ (ТС; Шымк. Собр.), ’самаробны драўляны гузік’ (шуміл., Сл. ПЗБ), мн. л. пу́клі ’адходы пры прадзенні воўны’ (рас., Шатал.), ст.-бел. пукли ’металічныя бляшкі на абкладах царкоўных кніг, буклі’ (Ст.-бел. лексікон; Гарб.). Згодна з Булыкам (Лекс. запазыч., 107), апошняе запазычана з польск. pukiel ’від закругленага выпуклага або пярсцёнкападобнага металічнага ўпрыгожання’, што ў сваю чаргу запазычана з ням. puckel, buckel ’горб, выступ’, франц. boucle < лац. buccula, памянш. ад bucca ’шчака, скула’ (Банькоўскі, 2, 964, Сной, 514). Шустар-Шэўц (2, 1190) дапускае пасрэдніцтва ст.-чэш. pukla ’тс’ для н.-луж. pukly і польскага слова. Семантыка ’завіток, касмык’ і пад. грунтуецца на пазнейшым значэнні франц. boucle ’локан’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пустава́ць (пуставаць) ’быць пустым’: пуня пустуець (Нас., ТСБМ, Шат.), ’гультаяваць, рабіць бескарысную справу’ (Нас.), пустава́ць ’быць незанятым’ (Варл.), пустова́ць ’быць незасеяным (пра поле)’ (Выг.), ’быць пустым, нявыкарыстаным, бязлюдным’ (ТС), укр. пусто́вати ’паводзіць сябе несур’ёзна, гарэзнічаць’, рус. пустова́ть ’не працаваць; распуснічаць’, польск. pustować ’стаяць пустым; жыць легкадумна, распусна; сваволіць’. Да пусты́ ’незаняты; непатрэбны’, з якога выводзяцца ўсе астатнія значэнні; для польск. pustować ’жыць легкадумна, распусна; сваволіць’. Банькоўскі (2, 966) дапускае зыходную форму *pusto(to)wać (ад pustóta ’легкадумнасць, свавольнасць’, гл. пусто́та ’тс’). Пра старажытнасць значэння ’быць (стаць) незанятым, бязлюдным’ сведчыць балг. пусто́свам ’праклінаць, прамаўляць кляцьбу Да опустее! Пусто да стане! і пад.’ (параўн. Тодараў, Studia Etym. Brun., 1, 124).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пы́ха ’фанабэрыстасць, ганарыстасць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Бес., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Варл.), ’задаванне, амбіцыя’ (ашм., Стан.), ’дастатак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), сюды ж пыхамо́рды груб. ’ганарысты’ (астрав., там жа), пыхова́ты ’ганарыста падціскаць губы’ (Клім.), пыхаце́ць ’рабіцца фанабэрыстым’ (Стан.), падымаць пыхаю ’рабіць ганарыстым’ (Нас.). Арэальная інавацыя, цэнтр якой хутчэй за ўсё знаходзіўся ў Чэхіі, параўн. чэш. pýcha ’ганарыстасць, фанабэрыя’, паводле Махэка₂ (502), ад pýchati ’рабіцца пышным, пышнець’, першапачаткова ’дуць, надувацца’, перанесенага ў маральна-этычную сферу (’nadýmati se pýchou’), гл. пыхаць; у Беларусь трапіла праз польск. pycha ’пышнасць, ганарыстасць’, занесенага з Чэхіі (“drogą kościelną”, Банькоўскі, 2, 969), параўн. запазычанае ст.-бел. пыха ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 134).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пярэ́чыць ’выказваць нязгоду; спрачацца; быць неадпаведным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Бяльк.), ’забараняць, перашкаджаць’ (Нас., чэрв., Сл. ПЗБ), ’працівіцца, супрацьпастаўляць’ (Варл.), перачы́ць ’выказваць нязгоду’ (Воўк-Лев., Татарк.). Дзеяслоў да пе́рак (гл.), зыходным можна лічыць адно са значэнняў дзеяслова пярэ́чыць ’перасякаць дарогу’ (Нас.), параўн. укр. пере́чити ’выказваць нязгоду, супярэчыць’, рус. пере́чить ’перасякаць папярок; супярэчыць’, польск. przeczyć ’перашкаджаць, выказваць нязгоду’, чэш. přičiti ’супрацьстаяць’, славен. prẹ́čiti ’пярэчыць’, серб.-харв. пре́чити ’перашкаджаць, ствараць перашкоды’, балг. преча ’тс’, макед. пречи ’тс’, што ўзыходзяць да прасл. *perčiti, вытворнага ад *perkъ, першапачаткова ’паставіць папярок’, далей ’працівіцца’ (Сной₂, 562; БЕР, 5, 685; Банькоўскі, 2, 823). Таго ж паходжання царкоўнаславянізм папрака́ць, параўн. папро́к і папяро́к (гл.), параўн. Фідроўская, Зб. Багародзіцкаму, 145.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)