*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядло́ ’сядзенне для конніка’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), ’частка прасніцы, на якой сядзяць’ (Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’задняя частка штаноў’ (Серб. Вічын), седло́ ’частка прасніцы’ (Уладз.), сюды ж сядла́ць ’накладаць сядло’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Укр. сідло́, рус. седло́, стараж.-рус. седьло, польск. siodło, в.-луж. sedło, н.-луж. sodło, палаб. sedlü, чэш., славац. sedlo, серб.-харв. сѐдло, славен. sédlọ, балг. седло́, макед. седло, ст.-слав. оседълати. Прасл. *sedъlo/*sedъlo роднаснае гоц. sitls ’сядзенне’, ст.-в.-ням. seʒʒal ’крэсла’, лац. sella ’сядзенне’, грэч. έλλά ’кафедра’; з іншай ступенню агаласоўкі: англ.-сакс. sadol, ст.-в.-ням. satul, satal ’сядло’, супраць апошніх супастаўленняў Бязлай (3, 223), які, спасылаючыся на Клюге (626), заўважае, што германцы ў часы Цэзара яшчэ не ведалі сядла. Паводле Мартынава (Лекс. взаим., 108 і наст.; Язык, 25 і наст.), славянскае пранікненне, што дало прагерм. sadula ’тс’. Далей да сядзець, прасл. *sěděti, да і.-е. *sed‑. Супраць рэканструкцыі *sedlo і меркавання аб калькаванні ст.-в.-ням. satal (Ваян (RÉS, 12, 235) Фасмер, (3, 589–590), параўн. укр. і ст.-слав. формы. Гл. яшчэ Мее, 419; Траўтман, 259; Брукнер, 491; Махэк₂, 539; Шустар-Шэўц, 1279–1279; Скок, 3, 213; ЕСУМ, 5, 250–251; ESJSt, 13, 809.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таі́ць ’трымаць у тайне, хаваючы ад другіх, утойваць’ (Сл. ПЗБ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., ТС), таі́цца ’скрываць; утойваць; хавацца, скрывацца’, таі́ті ’ўтойваць’, таі́тісʼе ’падпільноўваць, цікаваць’ (Вруб.), ’запірацца’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Варл., ТС, Ян.), ст.-бел. таити ’ўтойваць’ (XV ст., КГС). Укр. таї́ти, таї́тися, рус. таи́ть, таи́ться, польск. taić (się), в.-луж. tajić (so), н.-луж. tajiś (se), tawiś, чэш. tajit (se), славац. tajiť (se), славен. tajíti (se), серб.-харв. та́јити (се), tájati, харв., чак. tōjȁt, балг. та́я, макед. таи, ст.-слав. таити, таити сѧ ’хаваць, утойваць’. Да прасл. *tajiti, дыял. *taja̋ti (рэканструкцыя Фурлан у Бязлай, 4, 147), якія з’яўляюцца вытворнымі ад *taj ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (роднаснага *tatъ ’злодзей’), параўн. старое серб.-харв. tȃj, tȁja, tãja ’таямніца’, ст.-слав. таи ’таемна, употайкі, скрытна’, чэш. taj ’таямніца; невядомае’. Махэк (634) прапануе, аднак, некалькі іншае развіццё: *tajǫ < *taj‑jǫ < *taj‑ī‑tei. Далейшыя сувязі бачаць у хец. tai̯ela ’красці’, ст.-інд. (s)tāyú‑ḥ‑ ’злодзей’, авест. tãiiu/tãyu‑ ’тс’, ст.-ірл. tāid ’тс’, грэч. τήτη ’нястача’, τητάω ’пазбаўляю, адбіраю, рабую’, якія працягваюць і.-е. *(s)tă‑i‑ (Покарны, 1010); гл. таксама: Фасмер, 4, 11; Борысь, 625; Чарных, 2, 224; ЕСУМ, 5, 503 з літ-рай; Рэйзак, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́сіца1, ла́сыца ’драпежная жывёліна з сямейства куніцавых, Mustela nivalis’ (ТСБМ, Янк. I, Сіг.), лас́іцка, ла́січка, ласачка (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ла́ска ’тс’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’гарнастай, Mustela ermina’ (Сіг.). Укр. ласица, ласичка, ласка, ластка ’тс’, ’вавёрка’, рус. ласка, ласица ’ласка’, ст.-рус. ласица (XIII ст.), ластица, ластвица (XVII ст.), польск. łasica, łaska, łasiczka ’тс’, каш. łasëca ’аса’, н.-луж. łasyca, łaska, łacyca, lasyca > в.-луж. łasyca (Шустар-Шэўц, 1, 764), чэш. lasice, ход. hlasice, ган. vlaska, ст.-чэш. vlasicě ’ласка’, ’пранырлівая жанчына’, славац. lasica ’ласка’, ’жанчына з гібкай фігурай’, славен. lásica, podlásica, раней і ulasica, серб.-харв. л̏асица, ulásica, подласица, podlȁska, макед. ласица ’тхор’, балг. ласица, власица, ст.-слав. ласица ’ласка’. Прасл. lasica, якое паходзіць, відаць, ад прым. lasъ, які захаваўся ў бел. ‑ласы, параўн. падла́сы ’белабрухі’, ’светла-карычневы’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Рам., Гарэц.), ’з белымі бакамі і грудзьмі’ (Шат.), ’пярэсты’ (Некр., Федар.), драг. пудла́сыстый ’белабрухі’ (Клім.), падла́сіна ’пярэсціна пад жыватом’ (ТСБМ), ла́сіна, ла́сына ’пярэсціна, якая вылучаецца сваім колерам шэрсці’ (пін., стол., БЛ, 13, 68), а таксама ў рус. ла́са ’светлая, гладкая паласа’, укр. ласі́й ’вол з белым чэравам і хвастом’, ла́ся, ла́сий ’чорная або рыжая жывёліна з белым чэравам і персямі’, підла́сий ’тс’, балг. лас ’конь ці лашак з чорнай бліскучай шэрсцю’, серб.-харв. ла́са ’ласка’, ’каза з колерам поўсці, як у ласкі’, ла́сац ’вол’, ла́сак ’сабака’, ла̏саст ’бялявы, белаваты’, венг. дыял. lászov ’свойская жывёліна бялявага колеру’. Найбольш дакладна прасл. lasъ адпавядае лат. luöss ’жоўта-шэры, бялявы’, lãsaĩns ’рабы, у крапінкі’. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 15–17; Махэк₂, 320–321; Скок, 2, 271; Шустэр–Шэўц, 1, 764–765. Інакш Ціўян (Проблемы слав. этнографии, Л., 1979, 186–193) услед за Трубачовым (ЭИРЯ, 2, 29–32), які адносіць гэту лексему да ласка (гл.), мяркуючы, што гэта табу, утворанае паводле прынцыпу абароны ад драпежнага звярка спробай улашчыць яго.

Ла́сіца2 ’ласіха’ (Сцяшк.). Улічваючы месца націску і мяркуючы, што ён спрадвечны на ла‑, можна аднесці да ласіца1 (параўн. аналагічнае серб.-харв. ла́сац ’вол’ і інш.).

Ласі́ца ’ласіха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Да лось (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Браць. Ст.-слав. бьрати берѧ, рус. брать, укр. бра́ти. Польск. brać, чэш. bráti, балг. бера́, серб.-харв. бра̏ти і г. д. Прасл. bьrati berǫ ’браць’; больш старажытнае значэнне ’несці, збіраць і да т. п.’ І.‑е. *bhere‑, *bherā‑. Роднасныя формы: ст.-інд. bhárati ’нясе’, грэч. φέρω ’нясу’, лац. fero, гоц. baíra ’тс’ і г. д. Сюды ж слав. *ber‑men ’ноша’ (> усх.-слав. *беремя). Іншыя ступені вакалізму: ‑bor (sъ‑borъ і да т. п.); *‑birati (sъ‑birati і да т. п.). Бернекер, 51; Траўтман, 31; Праабражэнскі, 1, 42–43; Фасмер, 1, 159; Слаўскі, 1, 41 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́дкі (БРС). Няясна. Рус. вадкий ’вадкі, вадзяністы’, прысл. вадко зафіксавана на Пскоўшчыне і Смаленшчыне. Укр. вадки́й мае значэнне ’шкодны’ і, відаць, звязана з ва́дзіць ’шкодзіць’. Сувязі з рус. ва́дья ’азярцо, балота, лужына, крыніца’ няма, бо апошняе з’яўляецца запазычаннем з комі: vadja < vad ’балота, дрыгва’ (Фасмер, 1, 266). Няясна, ці ёсць сувязь з макед. вада ’арык’, балг. ва́да ’тс’, серб.-харв. вада ’канаўка, ручаіна’; гл. БЕР, 1, 111. Магчыма, ва́дкі < вадкі́ < вада́; параўн. рус. смал. водкий ’вадкі, вадзяністы’. Магчыма, да ва́да ’загана’ з далейшым пераасэнсаваннем пад уплывам вада́. Параўн. значэнні ва́дкі, на якія ўказвае Гарэцкі: ’порысты, няшчыльны’ (гл. ва́дкасць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ване́ць ’смярдзець’ (Бяльк.). Да вонь < прасл. *oni̯a; гук в у пачатку слова пад уплывам веяць (Мейе, JF, 5, 333) або прасл. *vǫx‑ (БЕР, 1, 176). Рус. вонь ’смурод’, ст.-рус. воня ’пах, водар’, укр. вонь, польск. woń, в.-луж. wóń, wónje, н.-луж. woń, чэш. vůně, славац. vôňa ’тс’, балг. воня́ ’смурод’, серб.-харв. вȍњ, во̀ња ’пах’, славен. vónja ’тс’, ц.-слав. вонꙗ ’водар, пах’. І.‑е. паралелі: лац. animus ’дух’, ст.-інд. anaḥ ’подых’, грэч. άνεμος ’вецер’, гоц. us‑anan ’выдыхаць’ (Праабражэнскі, 1, 95–96; Фасмер, 1, 349; Шанскі, 1, В, 158–159; БЕР, 1, 176; Брукнер, 630; Махэк₂, 704).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́пер (Шат.) ’кабан’. Ст.-рус., ст.-слав. вепрь, рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, балг. ве́пър, серб. ве̏пар. Прасл. *veprь ’вяпрук’ (магчыма, раней назоўнік i‑асноў). І.‑е. сувязі не вельмі пэўныя. Тлумачэнні: 1) роднасць з лат. vepris ’вяпрук’ (але, можа, гэта запазычанне з рус. мовы); 2) роднасць з лац. veprēs ’цярновы куст’ (першаснае значэнне слова *veprь магло быць ’шчаціністы, калючы’); 3) роднасць са ст.-інд. vápati ’рассыпае (семя)’; 4) сувязь з лац. aper, ст.-в.-ням. ebur ’вяпрук’ (ням. Eber). Не выключаецца, аднак, што *veprь — старое «праеўрапейскае слова». Гл. Фасмер, 1, 292 (там і літ-pa). Параўн. Махэк₂, 684.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́рас. Укр. ве́рес, рус. ве́реск, ве́рес, польск. wrzos, чэш. vřes (дыял. таксама břez), серб. вре̑с, вре̑сак і г. д. Прасл. *versъ ’верас’. Роднасныя: лат. vìrsis, vir̂zis, літ. viržỹs ’верас’, vir̃kščiai ’моцнае бадылле бульбы і да т. п.’, лат. virksne ’куст бульбы’, грэч. ἐρείκη (*u̯er‑) ’верас’, ірл. froech ’тс’. Балта-слав. формы ўказваюць не толькі на першапачатковае прасл. *versъ, але і на *verzъ (чэш. дыял. břez, літ. viržỹs, лат. vir̂zis), *verskъ (рус. ве́реск, літ. vir̃kščiai, лат. virksne < *virsk‑), што можа сведчыць аб «праеўрапейскім» паходжанні слова, *versъ, *verzъ < і.-е. *u̯erk̑‑, *u̯erg̑‑. Гл. Фасмер, 1, 296; Траўтман, 362; Фрэнкель, 1264; Махэк₂, 702.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Весяліць ’рабіць вясёлым, забаўляць, выклікаць весялосць’, сюды ж весяліцца ’рабіцца вясёлым’ (КТС, БРС, Касп.), укр. веселити(ся), рус. веселить(ся), ст.-рус. веселити (з XII ст.), польск. weselić (выходзіць з ужывання) ’весяліць, цешыць, радаваць’, weselić się ’весела праводзіць час, радавацца’ (ужывае А. Міцкевіч), в.-луж. wjeselić so ’радавацца’, чэш. veseliti se ’быць вясёлым, весяліцца’, славац. veseliť sa ’забаўляцца, радавацца, весяліцца’, славен. veséliti ’рабіць задавальненне, весяліць, радаваць, захапляць, быць мілым’, veselíti se ’радавацца, весяліцца, забаўляцца’, серб.-харв. весѐлити(се) ’тс’, макед. весели(се) ’весяліць’, балг. веселя(се), ст.-слав. веселити ’тс’. Праславянскі дзеяслоў, які выражае стан, утвораны ад veselъ (гл. вясёлы) і суф. ‑iti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)