забыццё, ‑я, н.
1. Страта ўспамінаў аб кім‑, чым‑н. Героям няма забыцця. □ Дні адплывалі ў забыццё, Міналі зімы, леты. Прынеслі іншае жыццё У край глухі Саветы. Смагаровіч.
2. Стан непрытомнасці, трызнення. Малая стогне і ўсхліпвае. І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах. Брыль.
3. Стан дрымоты; паўсон. Зноў наплывала забыццё, і самі павольна сплю[шчв]аліся вочы. Галавач.
4. Стан глыбокай задуменнасці, адлучанасці ад усяго навакольнага. [Пятро Мікалаевіч] доўга сядзеў у забыцці на калодцы, да болю сціскаючы рукамі галаву. Данілевіч. Ад вулічнага спакою прыйшло лёгкае забыццё. Вінцусь не адганяў гэтага забыцця, нават рад быў яму. Галавач.
5. Стан моцнага душэўнага ўзрушэння, калі чалавек перастае кантраляваць свае дзеянні. [Аляксей] ляжаў у шалёным забыцці і са злосцю думаў, што трымае сябе вельмі брыдка. Карпаў. [Лявон Жалейка] быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. Гурскі.
•••
Аддаць забыццю гл. аддаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пранікнуць куды‑н., запоўніць сабою што‑н. (пра пясок, пыл і пад.). Снег заляпіў твар жанчыны, набіўся пад хустку. Асіпенка. Сарочка.. [Віктара] была падрана на шматкі, у валасы набілася леташняе сухое лісце. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. У той дзень зранку хадзіў.. [Павал] па раллі і поўныя лапці набілася яму пяску. Чорны. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці дзе‑н., унутры чаго‑н. Звычайна.. [гурткоўцы] заходзілі ў прасторныя хаты, каб туды магло набіцца пабольш суседзяў. Рамановіч. / у безас. ужыв. Разам з мужчынамі ў хату набілася поўна жанок. Чарнышэвіч.
2. Разм. Напрасіцца, навязацца. Набіцца ў сааўтары. □ Алімпа сама набілася камандзіру схадзіць і разведаць, што дзеецца вакол. Сабаленка. Бойкі і спрытны прыгажун, Лясота сам і вельмі хутка набіўся да Руневіча з дружбай. Брыль.
•••
Бітком набіцца — найсці ў вялікай колькасці, шчыльна запоўніць сабою што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наво́кал,
1. прысл. Усюды, з усіх бакоў. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Колас. Нада мною блакітны шацёр, А навокал — лясы і лясы. Астрэйка. // Кругом. З зямлі, хістаючыся, падняўся Цярэшка і агледзеўся навокал. Шчарбатаў.
2. прысл. Апісваючы круг, па кругу. [Віктар:] — Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на стар[о]е месца. Маўр.
3. прыназ. з Р. Ужываецца для вырашэння прасторавых адносін пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца пэўнае дзеянне ці размяшчаецца што‑н. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы. Брыль. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Чорны.
4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння аб’ектных адносін: указвае на асобу, прадмет ці паняцце, якое з’яўляецца аб’ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вялася навокал старшыні. □ Каля .. [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; пр. памог, ‑магла, ‑магло; заг. памажы; зак.
1. Аказаць дапамогу, садзеянне, падтрымку ў чым‑н. Памагчы грашыма. Памагчы пабудавацца. □ [Іван:] — Тут.. прарэзаць дзірку наскрозь цяжка будзе.. — Нічога. Я табе памагу, — падтрымаў Арцём. — Будзем рэзаць напераменку. Ставер. Прывіталіся [сыны].., пагаварылі. Старэйшы сын нават молат у рукі ўзяў — памог кавалю парог выкаваць. Якімовіч. [Зося:] — Ты паслухай.. Можа ты ведаеш [у каго крадзеныя грошы], то памажы следчым. Чорны. // Выратаваць, выручыць. [Човен] гойдаўся на хвалях і, здавалася, вось-вось схаваецца пад імі.. Лена стаяла на беразе і не ведала, як памагчы чалавеку. Ваданосаў. — Матуля, памажы мне! — Яшчэ ўсё задыхана шаптаў.. [палонны]. Брыль.
2. Аказаць патрэбнае дзеянне, даць патрэбны вынік. Лякарства памагло. □ Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Танк. Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Асабліва аддаваўся адпачынку ў нерабочую суботу, а пасля — нядзелю.. Але, урэшце, і гэта не памагло. Цераз сем месяцаў мускулы звалі. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папра́віцца, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Ачуняць, аднавіць свае сілы, здароўе (пасля хваробы, ранення). Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Брыль. [Назарэўскі] расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся. Чорны. / Разм. Пра часткі цела. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў. // Стаць паўнейшым, патаўсцець. На выгодзе жывучы, .. [Пракоп] паправіўся і скруглеў. Вітка.
2. Палепшыцца, змяніцца на лепшае. Перад світаннем паляцела навальніца. «Добра, як, — меркаваў Сяльчонак, — яравыя паправяцца. Трава таксама». Асіпенка. // Разм. Стаць лепшым у маральных адносінах, выправіцца. Я ведаў бацькаву лупцоўку і абяцаў паправіцца. Дамашэвіч. Не апошні ж .. [Сяргей] быў чалавек у вёсцы... Спадзявалася [Анісся], а мо паправіцца... Усё магло стацца, не такіх папраўлялі. Лынькоў.
3. Выправіць сваю памылку (звычайна пры выказванні). — Прагледзіце яшчэ раз з Дорай... з Дорай Змітраўнай, — паправіўся .. [Дзімін], — падумаеце. Карпаў.
4. Прыняць больш зручную позу. Лабановіч паправіўся на возе, дастаў папяросы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасля́, прысл. і прыназ.
1. прысл. Потым, пазней некаторага тэрміну. Спачатку гром грымеў у далях і хмарай хмарыўся заход, пасля вятры затанцавалі — то навальніца йшла ў паход. Машара. Ліпкая дрымота агарнула яго [Ракуцьку], а пасля ён і прыснуў трохі. Чорны.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасля» выражае часавыя адносіны; ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з’яў, услед за якімі, пазней якіх што‑н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года. Чорны. Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Шамякін. Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей па сэрцы. Брыль. // Пазней, па ад’ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго‑н. А пасля дзірваноў, Неўзабаве, па часе — Голад выслаў на вёскі Заклапочаны бог. Броўка. Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора. Скрыган.
•••
Пасля таго, калі (у знач. падпарадкавальнага злучніка); пасля таго, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) гл. той.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Страціўшы раўнавагу, хіснуцца. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок. Колас. Ад слабасці закружылася галава, .. [Сяргей] пахіснуўся, але паспеў ухапіцца за стол. Хомчанка. Дрэва раптам пахіснулася, затрашчала, чалавек з сякерай адскочыў убок, і яно бразнулася на зямлю. Лупсякоў.
2. перан. Стаць менш устойлівым, трывалым. Даўнейшы аўтарытэт Каржакевіча як самага багатага ў вёсцы гаспадара і амаль самага пісьменнага чалавека,.. яшчэ і дагэтуль не пахіснуўся. Крапіва. [Максімава] рашучасць пахіснулася і даволі моцна. Шамякін. // Адчуць няўпэўненасць, сумненне ў чым‑н. Варанецкі заўважыў, што Гаруноў пахіснуўся ў сваіх намерах. Дуброўскі. [Камандзір], нарэшце, пахіснуўся. На кароткім начным прыпынку ён выказаў згоду на тое, каб падзяліцца на дзве групы, конную і пешую. Брыль. // Разладзіцца, пагоршыцца. Здароўе пахіснулася. □ Прыйшоў такі момант, калі [Феніны] камерцыйныя справы.. пахіснуліся. Ракітны.
3. Упасці ў паніку, прыйсці ў замяшанне. Правакатары пралічыліся. Савецкія пагранічнікі не спалохаліся .. пагроз, не пахіснуліся. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́ца, ‑ы, ж.
1. Працэс уздзеяння чалавека на прыроду; чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Фізічная праца. Наёмная праца. Прадукцыйнасць працы. Прылады працы. □ Мірная праца і радасць шчаслівага сямейнага жыцця — вось яе светлы сённяшні дзень. Брыль.
2. Работа, якая патрабуе затраты фізічнай ці разумовай энергіі. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцём, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Гурскі.
3. Вынік творчай, разумовай дзейнасці; твор. Друкаваная праца. Матэматычная праца. Лінгвістычная праца. // толькі мн. (пра́цы, прац). Назва навуковых часопісаў, зборнікаў. Працы Інстытута Мовазнаўства Акадэміі навук БССР.
4. Тое, што і работа (у 4 знач.). Хадзіць на працу.
•••
Біржа працы гл. біржа.
Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.
Інспекцыя працы гл. інспекцыя.
Сізіфава праца — цяжкая да знясілення марная праца (ад імя міфічнага цара Сізіфа, прыгаворанага багамі вечна каціць на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, падаў назад).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.
1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.
2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.
3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.
1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.
2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.
3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.
4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)