прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.

1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.

2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.

3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.

4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)