Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламы́тка ’панос’ (Мат. Маг.). Рус. каламытка ’тс’. Статус бел. лексемы няясны. Фіксацыя, аднак, і рус. слова прадстаўлена на абмежаванай тэрыторыі і гэта не дазваляе думаць пра банальнае запазычанне або пра інфільтрацыю. Наяўнасць жа сепаратных сувязей нельга аспрэчваць, хоць і няясна, на якой тэрыторыі знаходзіўся цэнтр інавацыі. Слова, як здаецца, было ўтворана на базе больш шырока вядомага мыт ’панос’ (гл.). Паколькі гэта слова вядома і ў рус. і ва ўсх.-бел. гаворках, яно не вырашае пытання аб напрамку інавацыі. Адносна першай часткі лексемы каламытка можна выказаць наступныя меркаванні. Нельга выключыць магчымасці ўтварэння слова з пачатковым эспрэсіўным фармантам кала‑ (кола‑) няяснага паходжання (відаць, выдзяляецца як самастойная частка з складаных слоў). Існаванне такога фарманта пацвярджаецца шэрагам прыкладаў: рус. бран. коломат ’крык, шум і інш.’, укр. бук. калабусьок ’бусел’ і інш., на жаль, не вельмі ясных этымалагічна. З другога боку, нельга выключыць сувязі першай часткі слова са слав. kalъ, пэраў», бел. дыял. каліцца ’спаражняцца’. Трэба ўлічыць таксама, што другая частка разглядаемага слова суадносіцца з дзеясловам тыпу рус. мытить. Адносна значэння параўн. у Даля, 2, 956: «Хворать мытом, поносом». У такім выпадку каламытка ў большай меры нагадвае ўтварэнні тыпу бел. каламут, рус. колоброд і да т. п., аднак генезіс першай часткі слова няясны. Гл. яшчэ адносна этымалогіі другой часткі мыт, мытуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струг1 ‘інструмент для стругання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. Брэс.; дзятл., лід., шальч., в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ), ‘бандарны нож’ (Байк. і Некр.), ‘скобля’ (Сл. Брэс.), струга́ч ‘тс’ (Стан.), ст.-бел. стругъ ‘цяслярскі інструмент’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. струг, ст.-рус. стругъ, ст.-польск. strug, чэш. struh, серб.-харв. стру̑г, славен. strȗg, балг., макед. струг ‘такарны станок’, макед. дыял. struk ‘гэбель . Прасл. *strugъ ‘від вострай прылады для згладжвання і канчатковага фармавання вырабаў з дрэва’, суадноснае з *strъgati, гл. стругаць. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 154–155), адносіны назоўніка і дзеяслова ўзыходзяць да больш старажытнага *streug‑:*strug‑, а пасля зняцця славяна-германскай інавацыі sr > str да і.-е. *sreug‑/*srug‑; звязана чаргаваннем галосных з стругаць (гл.) (Фасмер, 3, 782).

Струг2 ‘драўлянае рачное судна’ (ТСБМ), ‘баржа’ (Ласт., Байк. і Некр.), ст.-бел. стругъ ‘вялікая лодка, карабель’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. струг ‘тс’, дыял. струга́ ‘від чоўна’, рус. струг, стру́га ‘від рачнога судна, лёгкая лодка з вострымі канцамі’, польск. strug, struga ‘пласкадоннае судна’. Этымалагічна тое ж, што і струг1; гл. Сабалеўскі, ЖМНП, 1886, верас., 155. Праабражэнскі (2, 402), Міклашыч (Lex. palaeosl., 891) прапаноўваюць вытворнасць ад і.-е. *sreu‑ ‘цячы’ (гл. струга, струя), супраць чаго Фасмер (3, 782–783); гл. яшчэ ЕСУМ (5, 450), у якім рэканструюецца прасл. *strugъ, *struga.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сякаво́ ’гэтак, такім чынам, абы-як’, ’вось гэтак (пра што-небудзь блізкае)’ (Стан.). Вытворнае ад сяк1, параўн. ст.-бел. сѧковъ ’гэтакі, бліжэйшы па часе’: к сѧкову веремени (Альтбаўэр), пра суф. ‑во гл. Карскі 2–3, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́лесць ’цуд’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прэ́люс ’тс’ (драг., там жа). З рус. пре́лесть ’тс’, што з царкоўнаславянскай (Бернекер, 1, 755; Фасмер, 3, 358). Непасрэдна з царкоўнаславянскай паходзіць ст.-бел. прелестный ’ілжывы, няшчыры’: пророчество кривое и прелестное (Альтбаўэр).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пігмей ’карлік’, ’прадстаўнік карлікавых плямёнаў Афрыкі, Азіі і Акіяніі’ (ТСБМ), ст.-бел. пигмей ’карлік’ (XVII ст.) са ст.-польск. Pigmej, якое з лац. pygmaeus < ст.-грэч. πυγμαῑος ’велічынёй з кулак’ (Булыка, Лекс. запазыч., 126; Фасмер, 3, 259).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перасу́дак (пірясу́дык) ’паўторны суд’ (Юрч. СНС). Ст.-бел. пересудь ’судовая пошліна; плата суддзі і падсудку за разгляд справы’, у значэнні ’паўторны судовы разбор’ вядома з 1229 г. Да пера- і суд (гл.). Параўн. польск. przesądzić ’асудзіць паўторна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плава́к ’плывец’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.; стол., Нар. лекс.). Відаць, утворана пад уплывам польск. pływak ’тс’, але з бел. суфіксам і націскам (параўн. спява́к, язда́к, раза́к, хада́к) ад пла́ваць (гл.). Сюды ж плыва́к ’плытагон’ (іван., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралангава́ць ’прадоўжыць (прадаўжаць) тэрмін чаго-небудзь’, праланга́цыя ’прадаўжэнне дзеяння’ (ТСБМ). Праз польск. prolongować, дзе з лац. prolangare, якое з pro‑ і longus ’доўгі’ (Банькоўскі, 2, 782). Ст.-бел. проленгованый ’працягнены’ < ст.-польск. prolengowany < prolongować (Булыка, Запазыч., 266).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)