Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́ркасварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаза́1 ’усе рэчы, што не прылягаюць шчыльна адна да адной’, ’сукаватая палка, ламачына, сук’, ’беспарадак’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ’рагаццё’ (Юрч.), ’няўмека’ (Сцяшк. Сл.), раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.), раго́за ’нешта калючае, зачэпістае’, ’сварлівы чалавек’ (КЭС), рагазу́лька ’раскірака’, ’нешта раздвоенае’ (Гарэц.), рагазю́лі: вілакі нейкія, як рагазюлі, стаяць у вачах (Наша слова, 1992, 19 лют.), ст.-бел. рагоза ’дрэнны чалавек’ (Баркулабаўскі летапіс), сюды ж рагазіць ’перашкаджаць’ (Гарэц.), рус. дыял. ра́гоза́ ’раздор’, ’сварлівы чалавек’, ра́гози́ть ’балбатаць, хлусіць, мітусіцца ўпустую’, ст.-рус. рагозасварка’, рагозьнъ ’сварлівы’, рогозити ся ’абурацца’, Фасмер збліжае з серб.-ц.-слав. рогал̑евати ’непакоіць’, славен. regetáti ’квакаць’, ’трашчаць’, лат. rēdzêt ’гневацца’ (Фасмер, 3, 429). Бязлай (3, 144–145) узводзіць да *rag‑, што са змененым вакалізмам выступае ў *rog‑ (рагатаць) і reg‑ (гл. рыгаць). Гл. таксама Сной, 599. Няпэўна; для некаторых слоў нельга выключыць сувязь з рог1 (гл.) на базе метафарычнага пераносу па форме рэаліі.

Рагаза́2 ’рагоз’ (Мат. Гом.), ragozá (Арх. Федар.). Гл. рагоз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сердава́ць ‘адчуваць раздражненне, гнеў на каго-небудзь, злаваць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Раст., Шат.), сердава́цца тс’ (Нас.), сердо́ваць ‘тс’ (ТС). Укр. сердува́ти ‘тс’. Дзеяслоў з суф. ‑ова‑ ад се́рдзіць ‘злаваць’ (Нас.), што да прасл. *sьrdati (sę) параўн. укр. се́рдити, рус. серди́ть, рус.-ц.-слав. сръдити, польск. sierdzić się, ст.-чэш. srditi sě ‘шалець, лютаваць’, серб.-харв. срдити се, славен. srdíti se ‘злавацца’, балг. съ́рдя (се), макед. срди (се), ст.-слав. сръдити сѧ ‘раздражняцца’. Звязана з сэрца (гл.), таму што сэрца ўяўлялі як умяшчальню душы, г. зн. і гневу (Фасмер, 3, 605; Махэк₂, 572). Параўн. літ. širdai мн. л. ‘сварка’ < širdis ‘сэрца’; лат. sîrdît ‘раззлавацца’, sirds ‘злосць’ і ‘сэрца’ (Фрэнкель, 985). Параўн. таксама серб.-харв. ср́чити се ‘злавацца’, гл. Фурлан у Бязлай, 3, 305. Адваротнае семантычнае развіццё ў ст.-бел. сердоболь (Чацця 1489 г.), якое Карскі (2–3, 101) разглядае як складанае слова з коранем серд‑ (гл. сэрца) і прыдаткам боль (гл. балець), параўн. рус. сердобольный (Фасмер, 3, 605). Параўн. у Насовіча (Нас., 578) супрацьлеглыя значэнні ў слове се́рца (се́рце) — ‘гнеў, злосць’ і ‘прыхільнасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кру́пный

1. буйны́;

кру́пный рога́тый скот буйна́я рага́тая жывёла;

кру́пные де́ньги буйны́я гро́шы;

2. (большого масштаба) буйны́;

кру́пным пла́ном кино буйны́м пла́нам;

кру́пная промы́шленность буйна́я прамысло́васць;

3. (значительный) выда́тны;

кру́пный учёный выда́тны вучо́ны;

4. (важный, значительный) вялі́кі; зна́чны; мо́цны; во́стры;

кру́пные собы́тия вялі́кія (зна́чныя) падзе́і;

кру́пная ссо́ра мо́цная сва́рка;

кру́пный разгово́р рэ́зкая (во́страя) размо́ва;

5. (полный — о ребёнке, лице) обл. бучны́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу. С. Александровіч. // Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі. Івашын. Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця. Хромчанка. // Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы. Кулакоўскі.

2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі. Машара. [Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата. Марціновіч.

3. перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. □ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці? Мехаў.

4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мирII м.

1. (отсутствие вражды) мір, род. мі́ру м.; (согласие) зго́да, -ды ж., зла́гада, -ды ж.;

жить в ми́ре жыць у зго́дзе (у зла́гадзе);

2. (спокойствие, тишина) спако́й, -ко́ю м., цішыня́, -ні́ ж.;

3. (прекращение, отсутствие войны) мір, род. мі́ру м.;

защи́та де́ла ми́ра абаро́на спра́вы мі́ру;

заключи́ть мир заключы́ць мір;

го́лубь ми́ра го́луб мі́ру;

худо́й мир лу́чше до́брой ссо́ры посл. лепш благі́ мір, чым до́брая сва́рка.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тре́ние ср.

1. трэ́нне, -ння ср.; шарава́нне, -ння ср.;

маши́ны изна́шиваются от тре́ния одни́х часте́й о други́е машы́ны зно́шваюцца ад трэ́ння (шарава́ння) адны́х ча́стак аб другі́я;

си́ла тре́ния сі́ла трэ́ння;

коэффицие́нт тре́ния каэфіцые́нт трэ́ння;

2. мн. тре́ния перен. нелады́, -до́ў; (недоразумения) непаразуме́нні, -нняў, ед. непаразуме́нне, -ння ср.; (расхождения) разыхо́джанні, -нняў, ед. разыхо́джанне, -ння ср.; (споры) спрэ́чкі, -чак, ед. спрэ́чка, -кі ж.; (ссоры) сва́ркі, -рак, ед. сва́рка, -кі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.

3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.

4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)