каб 1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб 2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кабы́лка1 (БРС, ТСБМ, Бяльк., Жыв. сл., З нар. сл., Касп., КТС, Нік., Оч., Сержп., Сцяц. Словаўтвар.). Укр. дыял. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, в.-луж. kobyłka, палаб. tʼübälə, чэш. kobylka, славен. kobylka, мак. кобилка, балг. кобилка. Прасл. (па думку Слаўскага, 2, 308, БЕР, 2, 504, прасл. дыял.) kobylъka памянш. да kobyla гл. кабыла1.

Кабы́лка2 ’драўляная падстаўка пад струны’ (БРС, ТСБМ, Касп.: лаг., КЭС, Маш., Некр., Шат.). Укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobylka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. Паўн.-слав., узыходзіць непасрэдна да кабылка1 — перанос паводле падабенства або ўжыванне ўжо «тэрміналагічнага» kobylka, якім абазначалі розныя падстаўкі і прыстасаванні. Магчыма, гэта «вандроўны» культурны тэрмін, хаця і даволі старажытны, як можна меркаваць зыходзячы з лінгвагеаграфіі слова.

Кабы́лка3 ’лугавая казяўка-траскун, конік’ (БРС, Дразд., Інстр. II). Этымалогія няясная. Параўн. укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. На поўдні як быццам не ведаюць гэтага слова; паўн.-слав. слова — старажытны перанос ад kobyLka паводле знешняга падабенства, параўн. конік і інш.

Кабы́лка4 ’адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты’ (ТСБМ), магчыма, сюды ж кабылкі ’палачкі ў кроснах для падцягвання нітоў’ (З нар. сл.). Аб значэнні і ўсходнім распаўсюджанні слова на польск. тэрыторыі гл. Фалінская, III, 2, к. 93 (пыт. 107). Лінгвагеаграфія слова сведчыць аб тым, што гэта паланізм, які праз гаворкі (магчыма, у выніку пранікнення рэаліі) трапіў у бел., сумежныя рус. і пагранічныя ўкраінскія гаворкі, або пра сумесную інавацыю часоў Вялікага княства Літоўскага.

Кабылка5 ’вочка (у ніце)’ (З нар. сл., Касп., Мат. Гом., Уладз.), кабылкі ’тс’ (Мат. Гом.), кабулка (аб фанетыцы гл. кабулка) ’тс’ (Мат., Нар. сл.), ’частка ніта’ (Шат.). Славяне (польск., славац.; рус. цвяр., пск., смал.; укр. закарп.) ведаюць гэту назву ў дачыненні да вочак ніта ў залежнасці ад іх тыпу (двух- або трохпетлевыя ніты), аб рэаліі гл. спецыяльна малюнкі ў Грынчэнкі, 2, 533, і Фалінскай, 111, 1, 80. Так, закарп. у Галіцыі, паводле Грынчэнкі, кабылкай называюць ніжнюю частку петляў, а на Палессі — петлі верхняга раду. Культурны характар тэрміна і відавочныя сепаратныя лексічныя сувязі гэтых моўных зон з беларускімі гаворкамі дазваляюць сумнявацца ў вялікай старажытнасці інавацыі. Магчыма, яна і была беларуска-польскай, а магчыма, толькі ўласна беларускай і ўжо адносна пазней слова магло пранікнуць у гаворкі іншых моў. Што датычыць этымалогіі, то хоць сувязь з кабылка1 відавочная (параўн. укр. зах. коник ’верхняя пятля ў ніце’, кобилка — ’ніжняя’), матывацыя няясная, магчыма, перанос з іншых пазваў дэталей красён. Рус. (іркуц.) кобылка ’пятля, вузел, якія ўтвараюцца пры скручванні вяроўкі, дроту’ ўказвае па магчымасць пошуку этымону для значэння ’пятля наогул’, якое першапачаткова магло ўзнікнуць на базе выразу (з адмоўным значэннем) «рабіць кабылу», ’рабіць памылку (блюзну, пропуск пятлі пры тканні)’, ’блытаць вяроўку і г. д.’ На гэта ўказваюць даныя бел. гаворак (параўн. гарад. кабылка ’блюзна’) і літ. калькі з бел. слоў (параўн. kumẽlė).

Кабылка6 ’грыб’ (Жыв. сл.), кабылкі ’чорныя грузды’ (узд., КЭС), кабылы ’грыбы’ (Жд. 3, Мат. Гом.), кобыльнік ’грыб, які часам ужываецца ў ежу’ (Нас.). Да кабылка1, кабыла1 (гл.); кобыльнік утворана суфіксальным спосабам ад кабыла1 ці на базе выразу кабыльны грыб. Адносна этымалогіі гл. кабыла5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́шы1 ’капялюхі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з шырокай светла-бураватай шапкай і на высокай ножцы з венчыкам’ (карэліц., Нар. словатв.). Відавочна, маецца на ўвазе грыб Lepiota procera, які, паводле даных Клімчука (Жыв. сл., 187), на Брэсцка-Пінскім Палессі і ў шэрагу гаворак Беларусі носіць назвы ворона, дрона, каня, ковпак, курка (адзначаны і шэраг варыянтаў). Звяртае на сябе ўвагу спецыфіка беларускіх назваў (суаднясенне з тэрмінамі для птушак), параўн., напрыклад, укр. у Макавецкага, 10: бабка, білянка, іванец, колпак, пражівка і інш. Відавочна, што семантыка капялюх або палес. ковпак, укр. колпак, рус. зонтик не дапамагае зразумець унутраную форму разглядаемай назвы, якая з’яўляецца як быццам спецыфічна беларускай. Фармальная сувязь з калоша ’калашына’ вымушае прааналізаваць магчымую сувязь названых лексем. Найбольш імаверна, як здаецца, лічыць істотнай асаблівасцю грыба полую высокую ножку, якая сама па сабе можа быць успрынята як калашына. Цікава прывесці зафіксаваную для шампіньёна назву калошкі (Сл. паўн.-зах.), паколькі гэта і роднасны (у плане сістэматыкі) да капялюха грыб і таксама мае і манжэтку, і полую ножку. Цікава, што назву можна было б разгледзець і ў плане спецыфічнай мадэлі «птушыных» назваў, разумець тэрмін для грыба як субстытут «птушынай» назвы, дзе калоша ’птушка з аброслымі пер’ем нагамі’, параўн. тураў. пеўні. Можна спаслацца на адзначаную Клімчуком, там жа, 198, палес. назву для пласцінчатых грыбоў грыбы с пірʼем. Што датычыць назвы грыбоў, спашлёмся на зафіксаваную намі ў Мінску чулочки ’нейкі грыб’ і ўкр. панчошка ’грыб Rozites caperata’, укр. тэрмін для якога ковпак і рус. колпак знаходзяць паралель у бел. колпак для Lepiota прыведзенай вышэй. Не вельмі ясна назіраецца тут субстытуцыя тэрмінаў або мясцовая назва грыба Lepiota — характарыстыка яго доўгай і стракатай ножкі. Той факт, што адзначана ўжыванне калошкі ’шампіньёны’, сведчыць, відаць, пра наяўнасць пераносу назвы, аднак няясна, які грыб мог першапачаткова быць так названы.

Кало́шы2 ’абутак з гумы, галёшы’ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сцяшк.), калош (Сцяц. Нар., Сцяшк.). Паводле Сцяцко (Нар., 149), слова ведаюць у шэрагу раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Тое ж і ў Сл. паўн.-зах. (калошы і калошкі). Фіксацыя ў Бялькевіча адлюстроўвае іншую крыніцу: формы калош, як і літар. галёш разам з формай у мн. ліку відавочныя запазычанні з польск. kalosz, kalosze (з XIX ст.), форма galosz засведчана ў Ліндэ. У слав. мовах прадстаўлены формы і з пачатковым k‑ і g‑. Лічыцца, што крыніцай польск. і іншых лексем з’яўляецца ням. Galosche, вядомае і ў больш архаічным напісанні Kalosche, што, магчыма, тлумачыць і розныя варыянты слова ў іншых мовах. Слаўскі (2, 31) звяртае ўвагу на тое, што форма galosz можа непасрэдна паходзіць з франц. galoche ’(скураны) галёш’. Ням. лексема запазычана з франц., паходжанне якой не вельмі яснае; былі прапанаваны розныя гіпотэзы. У прыватнасці, меркавалі аб пераробцы лац. calopus ’капыты’, calopodia ’драўляныя сандалі’. Была спроба суаднесці франц. слова з лац. gallica, gallicula ’гальскі абутак (абутак, які насілі галы)’, паколькі з пункту гледжання рэалій спецыяльны від абутку хутчэй мог быць запазычаны. Параўн. вышэй калодкі як відавочна незалежную реалію; не выключана, аднак, што яе неабходна разумець у больш шырокім кантэксце еўрапейскага драўлянага абутку. Аднак і ў такім выпадку ў плане генезісу больш імавернай з’яўляецца першая версія. Не выключана, што ў франц. назве адлюстраваны вандроўны тэрмін, з якім суадносіцца лац. calcea і інш., гл. падрабязней пад калоша.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаці́ць ’выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць; трэсці; выклікаць дрыжыкі; часта і моцна стукаць, удараць і да т. п.’ (БРС, ТСБМ; навагр., З нар. сл.; Касп.; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Шат.) ’малаціць’ (БРС; івац., Бір., Працы IM, 6; Мат. Гом., Сцяшк.), да апошняга, відаць, колотить мак — у гульні, дзе намагаюцца пакалаціць (Радч.), і ў Сержпутоўскага (Прымхі) — каб вераб’і не калацілі.., ’абтрэсваць, аббіваць сады’ (Касп., Нік., Оч.), ’упокат абшукваць’ (КЭС, лаг.), калаціць кішэні ’трэсці кішэні’, ’паласкаць (бялізну)’ (гродз., З нар. сл.). Звяртае на сябе ўвагу спецыялізаванае значэнне ’боўтаць, збоўтваць: боўтаць смятану, каб зрабіць масла’ (Вешт., КЭС, лаг.; Яруш.), колотыты ’рашчыняць цеста на бліны’ (бяроз., Шатал.), калаціць зацірку ’круціць калатоўку ў гаршку’ (КЭС, лаг.), ’гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай’ (ТСБМ) у сувязі з тым, што паралелі да гэтага слова ў рус. гаворках з’яўляюцца, па сутнасці, беларускімі: колотить масло (у Растаргуева). Аднак колотовка ’прылада для збівання масла, цеста і да т. п.’ вядома шэрагу рус. гаворак, апрача таго, ёсць укр. колотити ’муціць’ і ’збіваць масла’, калаціцца ’збівацца (аб масле)’, па гэтай прычыне магчымая думка пра бел. семантычную інавацыю не з’яўляецца вельмі надзейнай. Польск. дыял. kłócić ’збіваць масла’. Відаць, тут, як і ў іншых выпадках з гэтым словам, або незалежнае ўзнікненне такіх семем (што наогул для значэння ’калаціць’ натуральна), або адлюстраванне даўняй полісемічнасці лексемы. Укр. колотити ’муціць; збіваць масла; сварыцца; папіхаць; распараджацца’, рус. колотить ’біць, калаціць і да т. п.’, ’малаціць’, ’збіваць (арэхі, чаромху)’, ’замешваць (цеста)’, ’забіваць жывёлу на мяса’, ’забіваць’, ’гаварыць, плявузгаць’, ’пляткарыць’, ’таргавацца, старацца выгадаць у цане’ і інш., польск. kłócić ’боўтаць, трэсці’, ’муціць, выклікаць непакой’, ’прыводзіць да сваркі’, дыял. ’збіваць масла’, ’сварыць, гневацца на каго-н.’ і інш., ’забіваць’, н.-луж. kłośiś ’збіваць, апушваць (з дрэў)’, ’біць’, ’малаціць (аббіваць лён)’, в.-луж. kłócić ’збіваць, струшваць’, чэш. klátiti ’трэсці, струшваць, махаць і інш.’, дыял. (у Юнгмана) ’збіваць масла’, klátiti se яшчэ і ’бадзяцца’, славац. klátiť ’трэсці і інш.’, славен. klátiti ’збіваць фрукты з дрэў’, серб.-харв. кла́тити ’хістаць’, ’стрэсваць фрукты з дрэў’, кла́тити се ’бадзяцца’, дыял. кла́тити ’балбатаць, вярзці лухту, плявузгаць’, макед. клати ’хістаць’ і інш., балг. клатя ’хістаць і інш’. Праслав. koltiti, першаснае значэнне не вельмі пэўнае, магчыма, з самага пачатку полісемантычны дзеяслоў, або, як меркаваў Махэк₁ (201), з kol‑mǫ‑titi, kol‑o‑mǫ‑tati і пад., якія накладваліся на старое слова, роднаснае лац. quatio. Махэк₂ (252) пакінуў толькі супастаўленне з лац. quatio, quatere ’трэсці, біць і да т. п.’ З пункту гледжання фанетыкі такое супастаўленне не вельмі добрае. Паводле традыцыйнай версіі суадносяцца прасл. koltiti і kolti (гл. калоць), гл. Фасмер, 2, 296, са спасылкай на старую літ-ру. Слаўскі (2, 272) далучаецца да гэтай думкі і мяркуе, што значэннем, якое аб’ядноўвае прасл. лексемы, з’яўляецца ’біць’, адкуль ’трэсці і інш.’ Пры гэтым ён звяртае ўвагу на польск. kłócić się ’сварыцца’ (параўн. тое ж бел. калаціцца, укр. колотитися), якое параўноўвае з дэрыватамі ад kolti рус. колоться, славен. kláti se ’біцца, сварыцца’, серб.-харв. кла̏ти се ’біцца і інш.’ Відавочна, аднак, што такім чынам нельга вытлумачыць усю семантыку кантынгентаў слав. koltiti. Што датычыць словаўтварэння (kolti > koltiti), было меркаванне аб прамежкавай ступені: праз *koltъ; koltiti у такім выпадку дэнамінатыў ад гэтага назоўніка. Такое меркаванне азначае яшчэ больш вузкую семантыку першапачатковага ўтварэння. Іншыя версіі адносна паходжання слав. слова не пераконваюць, хоць заслугоўвае ўвагі прыведзеная думка Матцэнаўэра, LF, 8, 170–171, аб магчымай суаднесенасці слав. слова са ст.-в.-ням. *scaltan ’штурхаць’, с.-в.-ням. schalten ’штурхаць, соваць’, ст.-в.-ням. scelten ’сварыць, ганіць’ (калі дапускаць тут s‑mobile).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ка1 ’старац, пераважна сляпы, які жабруе, спяваючы духоўныя вершы’ (БРС, ТСБМ). Выглядае як кніжнае слова, відаць, з рус. калика ’тс’. У рус. мове слова пэўнай этымалогіі не мае, хоць неаднаразова разглядалася. Многія аўтары лічаць этымалагічна роднасным калека (гл.), паводле іншых — слова суадносіцца з калига ’назва абутку’ (так, яшчэ ў Даля, 2, 190). Назва абутку узводзіцца да с.-грэч. καλίκια (аб этымалогіі гл. Фасмер, 2, 167). Фасмер (там жа) мяркуе аб магчымасці аднясення слова да ўсходняй лексікі і параўноўвае з адзначаным у шэрагу цюрк. моў kalyk ’народ, людзі’ (слова арабскага паходжання). Адносна гэтай версіі Севарцян (Лексикографический сборник. V, M., 1962, 28) адзначаў такую этымалогію як спрэчную, паколькі цяжка вытлумачыць і з боку семантыкі і па іншых прычынах рус. калика з цюркізаванай кыпчакскай формы арабск. xalq ’народ’. Вахрас (Наим. об., 98–99) звяртае ўвагу на тое, што ў ст.-рус. мове была вядома форма калиги ў значэнні ’багамольцы’ (звычайна калига, калиги ’від абутку’). Там жа ён прымае думку Фасмера аб запазычанні слова калика з цюрк. моў. Пры гэтым Вахрасам прыводзіцца матэрыял, які даказвае, што багамольцы звычайна вандравалі дружынамі, і па гэтай прычыне цюрк. слова са значэннем ’народ’, асабліва з пейаратыўным сэнсам ’зброд, шайка’ цалкам магло быць ужыта для наймення гэтай дружыны. З шэрагу цюрк. прыкладаў, прыведзеных Вахрасам (там жа, 100), звяртае на сябе ўвагу тат. (В) форма kali̊k ’народ’, кірг., казах. і інш. qalyq ’тс’. Наколькі такая версія дастаткова надзейна абгрунтавана лінгвагеаграфічна, вырашыць цяжка. Слаўскі (2, 27) сумняваецца ў мэтазгоднасці раздзялення форм калека і калика, аднак паводле значэння і фармальна гэтыя лексемы яўна розныя. Аб магчымых працэсах (пазнейшага) іх збліжэння пісаў Даль; гістарычна, аднак, яны разыходзяцца. Спроба этымалагізаваць слова на славянскай глебе не ўяўляецца перспектыўнай. Праўда, звяртае на сябе ўвагу рус. саран., пенз. калить ’жабраваць’, валаг. ’моўчкі прасіць міласціну’, аднак слова гэта няяснае, адзначана ў мове «калунов» — прафесійных жабракоў (у Пензенскай губ.) і, магчыма, з’яўляецца аргатычнай пераробкай больш шырока вядомага ў рус. гаворках каличить ’прасіць міласціну’ і да т. п. (< калика). Ёсць і пенз. калила ’жабрак’, цвяр. каліман ’манюка’.

Калі́ка2 ’бручка, расліна Brassica napus’ (Жд. 2; рас. Шатал.). Паводле матэрыялаў Смулковай, Лекс. балтызмы, 41, слова вядома на паўночным усходзе ад Полацка і літоўска-латвійскім паграніччы. Сл. паўн.-зах. гэтай лексемы не адзначае. У формах калега, калига, каля, каляга, колега ў розных рус. гаворках, а ў форме калика. паводле Бурнапюва: «В Санкт–Петербургской и… в ближайших к остзейским губерниям местах» (СРНГ, 12, 354–355), а таксама ленінгр., наўг., пск., калін., смал. і да т. п., як каликка пецярб. Геаграфія слова як быццам пацвярджае даўняе меркаванне, што яно з’яўляецца запазычаннем. Смулкова (там жа) указвае на крыніцу запазычання з некаторых гаворак паўн.-усх. Літвы kalis ■’бручка’, якое з літ. koli̯js, kolis, kolinys ’тс’. Відавочна, што ні па фармальнаму крытэрыю, ці паводле лінгвагеаграфіі меркаванне Смулковай не з’яўляецца бездакорным. Розныя фанетычныя варыянты сведчаць на карысць запазычання ўскладненай структуры (і па гэтай прычыне нельга бачыць у бел. лексеме дэрыват ад літ. слова), а рус. форма каликка сведчыць аб уплыве фін. моў. Разам з тым названы ў Фасмера ў якасці магчымых крыніц запазычання эст. kaalik ’бручка’ фін. kaali ’капуста’ могуць быць прыняты галоўным чынам як сведчанне таго, што слова сапраўды было запазычана з фін. моў, што, між іншым, даказваецца і наяўнасцю яго ў лат. арэале. Шэраг сінонімаў (бел. немка, рус. репа∼саксонка) указвае на зыходную ням. крыніцу (Kohl ’капуста’), якую меркавалі і для фін. лексем (гл. Фасмер, 2, 167), аднак паводле фармальнага крытэрыю мэтазгодным уяўляецца бачыць у рус. і бел. прыкладах культурнае запазычанне, якое рознымі шляхамі трапіла ў балт., фін. і слав. мовы. У такім выпадку правільным здаецца аддзяленне балт. лексем ад слав., а бел. разглядаць як экспансію запазычання ў рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́нае масла ’расліна сон-трава, Pulsatilla patens’ (маг., Кіс.). Фіксацыя адзінкавая, і можна меркаваць, што запіс памылковы. Аднак у дакладнасці назвы можна не сумнявацца: слоўнік Аненкава, дзе слова зафіксавана, вядомы як вельмі надзейная крыніца, лексемы казіны і масла сустракаюцца ў назвах раслін у розных славянскіх мовах, дз < ?, акрамя таго, адзначаюцца і структуры, адэкватныя беларускай, параўн. серб.-харв. kozji loj, чэш. дыял. zajęci masło і інш. Паўдн.-слав. назва расліны Lonicera дастаткова празрыстая этымалагічнаў адрозненне ад чэш. і бел. назваў і таму далей не разглядаецца. У нашым выпадку цяжка вырашыць, ці падобна разглядаемая канструкцыя да такога тыпу батанічных тэрмінаў, як казіная барада (назва паводле падабенства рэалій), ці тут прыметнік указвае на немагчымасць выкарыстання расліны чалавекам (назва тыпу мышыны гарошак). Па гэтай прычыне мэтазгодна пачаць аналіз з другой часткі выразу. Яе фармальная сувязь са словам масла відавочная, аднак матывацыя можа быць рознай — абазначэнне па функцыі або па характэрнай прымеце расліны. У батанічным апісанні Pulsatilla як быццам »яма інфармацыі аб наяўнасці вялікай колькасці алею ў гэтай расліне або аб масляністым пакрыцці лісцяў. Таму неабходна прааналізаваць магчымасць утварэння назвы па функцыі. Калі дапусціць, што казінае масла (жывёльны прадукт) лічыцца народным лекавым сродкам, як тлушч некаторых жывёлін, не выключана, што расліна з аналагічным да масла (мазі) вонкавым дзеяннем была названа казінае масла. Адсутнасць інфармацыі адносна лекавых уласцівасцей масла з казінага малака вымушае лічыць такое тлумачэнне вельмі гіпатэтычным; больш таго, прыведзены вышэй чэшскі выраз zaječi masło для Carlina acaulis пематываваны і пярэчыць гэтай версіі. Вельмі падобныя да беларускай, аднак яшчэ больш пематываваныя назвы сустракаюцца ў іншых слав. мовах, напрыклад укр. вороняче масло ’Polygonatum officinale’. Як назва купены выраз сапраўды нематываваны. Ва ўкр. мове вядомы назвы для Sedum, якія абазначаюць расліну па знешніх прыкметах. Істотнымі з’яўляюцца тэрміны масне зілля, тучне зілє — яны характарызуюць хутчэй за ўсё воскападобны вонкавы слой на сукулептным лісце і таму матываваныя. Новыя назвы таксама маглі скрыжоўвацца або асэнсоўвацца на ўзроўні народнай этымалогіі, пра што сведчыць укр. дідове сало ’Sedum’. Акрэслены вельмі схематычна працэс мог адбывацца ў зоне кантактуючых гаворак і аб прамежкавых ступенях утварэння гібрыдных тэрмінаў можна толькі здагадвацца. Час і месца іх утварэння вызначыць цяжка (акрамя ўкр.), зафіксаваны ст.-польск. wronie masło, славац. vranie sadło ’Sedum’. Магчыма, гэта даволі старыя абазначэнні Sedum telephium, аб чым сведчыць і фрагментарны характар фіксацыя, аднак запісы зроблены ў кантактуючых арэалах, што не выключае позняга распаўсюджання некалькіх структур з адной кампактнай зоны са спрыяльнымі ўмовамі для ўзаемаўплыву тэрмінаў і іх субстытуцыі. З цягам часу матывацыя пекаторых з іх магла зацямняцца, што дазваляла пераносіць іх як нейтральныя назвы ’Sedum’ на іншыя расліны. Sedum telephium — лекавая расліна, якая ўжываецца ў народнай медыцыне. Можна дапусціць, што назвы гэтай расліны пераносілі на іншыя кветкі з аднатыповымі лекавымі ўласцівасцямі. Такі перанос — з’ява, шырокавядомая ў гаворках. Таму можна меркаваць, што ўкр. назва вороняче масло для ’Polygonatum’ перанесена з ’Sedum’ паводле функцыянальнага падабенства: у спектры лекавага выкарыстання раслін есць агульныя моманты. Тое ж датычыць чэш. zajęci masło для ўрочніка Carlina acaulis. Урочнік — вядомая лекавая расліна, яе корань змяшчае дубільныя рэчывы, смолы, эфірнае масла, якое валодае добрымі бактэрыцыднымі уласцівасцямі. Функцыянальнае падабенства з Sedum відавочнае, блізкасць тэрміна да гібрыдных назваў Sedum сумненняў не выклікае, больш таго, дапаўняе акрэслены вышэй працэс іх утварэння. Думаецца, бел. казінае масла перанесена з расліны Sedum. Функцыянальнае падабенства для сон-травы адзначаюць такія лекавыя уласцівасці, як бактэрыцыдныя і фунгіцыдныя. Кампанент казінае можна разглядаць як яшчэ адзін стандартны субстытут заанімічнай часткі структуры (параўн. рус. овечий у назве овечий горох для Astragalus). Адпак перанос назвы ў даным выпадку хутчэй за ўсё быў спецыфічны. Можна сцвярджаць, што субстытуцыя першага кампанента была заканамернай: неабходна лічыцца з фактам пэўнай замацаванасці заоніма каза за раслінай сон-трава, параўн. ням. дыял. Bockskraut, які абазначае адзін з відаў Pulsatilla. Падрабязней гл. Лабко, БЛ., 26, 70–74.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ка1 ’чалавек, які страціў якую-небудзь частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які-небудзь фізічны недахоп’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк. МГ, Шат.). Сл. паўн.-зах. адзначае ў гродз. і зах.-брэсц. гаворках, пры гэтым у окаючай гаворцы (бяроз.) адзначана форма колека; ТС фіксуе слова ў шэрагу пунктаў, не падаецца яно Ян. Укр. каліка, рус. калека, дыял. і літар. польск. kaleka, kalika, чэш. мар. kalik, славац. kalik. У зах.-слав. мовы запазычана з усх.-слав. (Слаўскі, 2, 27). Формы з ‑i‑ ў зах.-слав. мовах могуць адлюстроўваць або ўкр. фанетыку, або ўсх.-слав. з ‑и‑ (калика) і, магчыма, сюды не адносяцца. Польск. kaleka з бел. мовы, як, магчыма, і літ. уст. koliekà ’тс’. Слова лічыцца запазычаным з усходу з тур.-перс. kalak ’скалечаны, абязвечаны’, іншыя называюць тур. kalik ’няпоўны; якога не хапае; які мае недахопы; недахоп, пропуск; рэшткі’. У сучаснай тур. мове ёсць і значэнне ’векавуха’. Гл. Фасмер, 2, 166; Слаўскі, 2, 27. Першая форма наогул не засведчана, другая не бездакорная з боку семантыкі. Апрача таго, не вельмі ясна, якім шляхам слова трапіла ва ўсх.-слав. мовы. Жураўскі (Тюркизмы, 81) адносіць ст.-бел. калека да цюркізмаў. Там жа (88–89) слова адносіцца да ліку тых, якія папоўнілі беларускі тэзаўрус у XVI ст. у выніку найбольш інтэнсіўных сувязей Вялікага княства Літоўскага з Крымскім ханствам. Магчыма, гэта і так, паколькі ў помніках рус. пісьменнасці слова не адзначаецца. Шанскі (2, К, 25) далучае да гэтых слоў антрапонім Калѣка Карпъ Даниловичъ з Пскоўскага I летапісу, адзначанага пад 1341 г., аднак прыклад гэты вельмі двухсэнсоўны. У той жа час няма нейкіх прыкмет таго, што ў ст.-бел. мове гэта слова не з бел. гаворак, а з цюрк. моў. Ва ўсякім разе ў гаворках слова ведаюць дастаткова добра і, відаць, даўно, аб гэтым сведчыць пранікненне яго на захад. Калі лексема сапраўды цюркізм, крыніцу неабходна шукаць у цюрк. мовах і гаворках, якія геаграфічна кантактавалі з усх.-слав. мовамі. Аднак цюркская версія не задавальняла шэраг аўтараў, а альтэрнатыўныя версіі не пераконваюць (ні сувязь з лац. cadūcus праз італ. caluco ’бедны, жабрацкі’, ні з ц.-слав. клосьнъ ’кульгавы’, балг. дыял. клосан, ’пакалечаны’, арм. kał ’паралізаваны, кульгавы’, гоц. halts ’кульгавы’) як небездакорныя ў розных адносінах. Таксама нельга прыняць спробу Шанскага, ЭИРЯ, VII, 132, вытлумачыць слова на ўсх.-слав. глебе як уторанае з прэфіксам ка‑. Параўн. яшчэ каліка (гл.).

Кале́ка2 ’рыба мянтуз, Lota’ (ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Бяльк., Дэмб.; полак., Жук., З нар. сл.; Мядзв., Нас.; бых., Рам.; круп., Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк.), ’рыба ёрш’, таксама ў форме калечка (Мат. Маг.), ’рыба падкаменшчык, Cottus gobio’ (Жук.); з такім значэннем ёсць і ў суседніх рус. рост., смал. калека і калечка ’мянтуз’, фактычна беларускае. Апрача гэтага, Даль з паметай чарнамор. падае калѣка ’мянтуз’. Статус апошняга няясны, відаць, ніяк нельга разглядаць гэту фіксацыю як сведчанне аб яшчэ адным арэале распаўсюджання слова. Не выключана, што суадносіцца з калека1, ва ўсякім раз« менавіта такое народнаэтымалагічнае асэнсаванне назвы ёсць і заснавана на нейкіх спецыфічных прыкметах гэтай рыбы. Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя. Калі прымаць прапанову Голуба–Копечнага, 227, адносна чэш. mnik ’дробная рыба’, можна вельмі асцярожна меркаваць, што назва калека магла адлюстроўваць тую ж семантыку. Параўн. у рус. дыял. дражнілцы: «Калечина‑малечина, много часов до вечера?», дзе як быццам суаднесены дэрываты ад калека і асновы мал‑. Аднак менавіта па семантычнаму крытэрыю гэта версія ўступае папярэдняй. Яшчэ аб адной магчымасці тлумачэння сведчыць дэфініцыя ў рукапісным слоўніку Мядзведжага: «калека… з печані якога здабываецца тлушч, які ўжываецца ў якасці лекаў», аднак мадэль утварэння, якую можна выкарыстоўваць для данага выпадку, не вельмі ясная. Спецыфічная геаграфія (у асноўным паўночныя і ўсходнія гаворкі) і адсутнасць слова ў паўднёвых не выключаюць магчымасці запазычання слова з балтыйскай (прыбалтыйска-фінскай?) крыніцы, аднак інфармацыі, каб пацвердзіць такую думку, у нас няма. Не выключана таксама, што слова неабходна суаднесці з слав. каlъ (гл. кал).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык. казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг. казак‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск. kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус. дыял. казак ’пра смелага, удалага чалавека’.

Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр. казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус. арханг. казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.

Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг. козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш. kozak ’назва грыба’ і інш.

Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус. валаг., наўг., казан. казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск. уст. казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш. kazak, славац. kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц. casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ. cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка аб зах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц. casaque лічаць звычайна італ. casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац. casaca ’разнавіднасць убрання’, італ. casaca ’куртка’ і інш.

Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус. пск. баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.

Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.

*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус. пячор., арханг. казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж. казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл. казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус. казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац. kozak ’грыб Boletus scaber’, славен. kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск. kozak ’пастух коз’, славін. kozak ’недарэка і інш.’, чэш. kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус. мяшч., калуж. козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус. казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус. козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг. козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус. дыял. козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.

*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус. арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр. усх.-палес. козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казлы́1 ’прыстасаванне для распілоўкі дроў’ (Жд. 2; слуц., Жыв. сл.; Мат. Гом.; Сцяшк., Шат., Янк. 2, Сл. паўн.-зах.), ’сталюга’ (в.-дзвін, Шатал.). Звычайна ў слав. мовах сустракаюцца формы з іншай акцэнтуацыяй: бел. козлы, балг. козли і інш. Гэта вымушае думаць аб бел. інавацыйным утварэнні формы мн. ліку на базе казёл ’козлы’, якое да казёл1 — традыцыйны перанос паводле падабенства.

Казлы́2 ’збітыя накрыж дручкі, якія кладуцца на грэбень страхі для таго, каб вецер не здзіраў саломы і не знёс дошак, якімі прыкрыты канёк страхі’ (Мат. Маг.; Сцяшк.), казлэ́ ’дошкі, якія прымацоўваюцца па краях саламянай страхі, каб не раскідалася салома’ (Сцяшк., Тарн.), сюды ж козлы ў першым значэнні (Кор.-Шушк., Харузін), без націску, таму меркаваць аб фанетыцы нельга, магчыма з ‑о‑, тое ж і ў Шэйна, 3. Яўна другаснае козлі ’канёк даху’ (Тарн.), хоць яго можна разглядаць як канёк, г. зн. самастойнае ўтварэнне ад казёл з пазнейшай трансфармацыяй; матывацыя — з хрыбтом жывёлы параўноўваецца форма часткі даху. Паралелямі да бел. казёл, польск. kozieł ’кроква’, укр. гуц. кізла ’тс’, аднак дакладны адпаведнік — укр. усх.-палес. козли ’тс’. Рэгулярны характар пераносу назвы ад казёл1 не дазваляе меркаваць аб уплыве польск. Хутчэй гэта інавацыя; трэба ўлічыць наяўнасць пераносаў з назвы гэтай рэаліі з зааморфнымі прыметамі на іншыя дэталі даху. Укр. слова нельга аддзяляць ад бел. усх.-палес. Параўн. яшчэ казёл2.

Казлы́3 ’сажань’ (Мат. Гом.). Да казёл ’тс’, трансфармацыя — пад уплывам іншых тэрмінаў у форме мн. ліку.

Казлы́4 ’прыстасаванне для сушкі травы’ (Сл. паўн.-зах.). Няма дакладнага апісання рэаліі, таму цяжка меркаваць: ці гэта незалежны наватвор, рэалізацыя тэрміна казлы1, ці дэрыват ад казёл? Матывацыя зразумелая, магчымыя паралелі ёсць у суседніх рус. гаворках: смал. козёл ’кол, жэрдка (звычайна з перакладзінамі) для сушкі гароху, сена і інш.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з сукамі гарох’.

Казлы́5 ’прыстасаванне для ляжання на дрэвах’ (Мат. Гом.). Адсутнічае апісанне рэаліі. Матывацыя зразумелая, аднак утваральнае слова цяжка ўказаць дакладна. Магчыма, непасрэдна да казлы1, аднак не выключана, што лексема ўтворана на базе назвы казёл падобнай рэаліі.

*Казлы́6, козлэ, кузлэ ’металічныя вілы’ (малар., Нар. лекс.). Празрысты перанос ад казёл1, аднак звяртае на сябе ўвагу форма мн. ліку і акцэнтуацыя; гэта, магчыма, тлумачыцца ўплывам паралельных тэрмінаў, або, што больш верагодна, тут рэалізацыя тэрміна казлы з дыфузным значэннем, калі розныя прадметы, дэталі прыстасаванняў і інш. з больш або менш відавочнымі зааморфнымі прыкметамі або проста падобныя атрымліваюць такую назву. Множны лік можна вытлумачыць уплывам формы вілы.

Казлы́7, казлэ́ ’прылада для наматвання пражы’ (карэліц., Шатал.). Магчыма, тут семантычнае ўтварэнне ад казёл1, ці рэалізацыя тэрміна казлы, якім называюць розныя прыстасаванні, падрабязней гл. папярэдняе слова.

Казлы́8, казлэ́ ’перакрыжаваныя кроквы, якія падтрымліваюць страху ў гаспадарчым будынку’ (навагр., Нар. сл.; брасл., Сл. паўн.-зах.), укр. гуц. кізли, польск. kozieł (дыял. форма — паўдн.-зах. па геаграфіі), в.-луж., н.-луж. kozoł ’кроква’. Магчыма, стары (паўн.-слав.) перанос ад казёл1 (матывацыя празрыстая), аднак можа быць тэрмін з дыфузным значэннем. Геаграфія слова сведчыць аб верагоднасці даўняй спецыялізацыі значэння. Пярэчыць такой спробе храналагізацыі відавочны рэгулярны тып пераносу. Статус бел. слова, нягледзячы на фіксацыю ў заходніх раёнах, здаецца незалежным.

Казлы́9 ’агульная назва ядомых грыбоў’ (касцюк., Жыв. сл.), ’род грыбоў’ (Грыг.), ’грыбы казлякі’ (Мат. Гом.). Усё гэта да казёл1, дзе меркаванні аб матывацыі. Два апошнія значэнні можна аддзяліць ад першага, паколькі ў іх суадносіны з утваральным словам празрыстыя. Казлы ’агульная назва ядомых грыбоў’ можа быць рэалізацыяй іншага варыянта ўтварэння: не ад назвы канкрэтнага грыба, а ў межах супрацьпастаўлення — добры для чалавека — добры для жывёлы — грыбы ’баравікі’ — казлы — ’не баравікі’.

Казлы́10 ’грубая балотная асака, не прыгодная на корм жывёле’ (ушац., Нар. лекс.). Да казёл1; адносна матывацыі параўн. казёл, казіная барада ’Nardus stricta’. У канкрэтным выпадку магчымы не столькі перанос на аснове падабенства, колькі рэалізацыя адмоўнай семантыкі тэрміна казёл у значэнні ’не чалавечы: дрэнны, шкодны, бескарысны’.

Казлы́11 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.). Можна разглядаць як аўтаномнае ўтварэнне (па зааморфнай прыкмеце), аднак хутчэй за ўсё гэта не паралельная назва да іншых, а адваротная дэрывацыя ад казелец і пад., ці проста лексема з фонду тэрмінаў для «казліных» раслін. Падобныя трансфармацыі могуць быць абумоўлены традыцыяй, уплывамі суседніх гаворак, зменамі ў сістэме тэрміналогіі і інш. Субстытуцыя ў назвах раслін — з’ява вядомая, параўн. казінае масла (гл.).

Казлы́12 ў выразе казлы драць ’ванітаваць’ (БРС, ТСБМ, Касп.; КЭС, лаг.; Мядзв., Нас., Шат.). На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна акрэсліць геаграфію гэтага выразу. Апрача бел. мовы яго ведаюць рус. (асташ., цвяр., пск., калуж., смал., варонеж.) козла драть (содрать), козлы, козлов драть ’тс’ (гжатск., смал.) ’валяцца п’янаму ў балоце’. Даль прыводзіць яшчэ лисиц драть ’ванітаваць з перапою’, гэта можна разумець як субстытут. Рус. гаворкі ведаюць тое самае значэнне для слова драць: пакр., пор., уладз. драть ’ванітаваць’. Традыцыйна (Блесэ, SB, 1935–1936) лічыцца калькай лат. або іншага балт. выразу. Кіпарскі (Балтызмы, 15) адзначаў: «…бел. козлы драць ’ванітаваць’, якое мае дакладны адпаведнік у латышскай (āžus kaut, durt, dīrāt, plēst, āžu ādas spīlēt, ar ažu adam branktʼ ’блевать’), здаецца, не мае адпаведнікаў ні ў польскай, ні ў рускай. Чэкман (Baltistica, VIII, 1972, 147) дапаўняе літ. óžius káuti, ráuti, biẽlyti, nérti. Ці маглі такія выразы, ужытыя ў прамым значэнні, з’явіцца эўфемізмамі для паняцця ’ванітаваць’? Відаць, маглі, калі разумець іх як ’рабіць дрэнную (смярдзючую) справу; смярдзець’, параўн. да гэтага рус. пошел собак драть (аб непрыемнай справе). Такое натуральнае тлумачэнне, відавочна, мела месца пры народнаэтымалагічных спробах разумення выразу; ва ўсякім разе лат. матэрыял дазваляе так меркаваць, паколькі, нягледзячы, што літ. і слав. прыклады двухсэнсоўныя, значэнне ’абдзіраць скуру’ ўяўляецца для іх асноўным. Такая спроба этымалогіі не ўлічвае шэрагу фактаў, аднак, на нашу думку, правільна адлюстроўвае (як гэта відна з лат. прыкладаў) пэўныя этапы моўнага працэсу адносна разглядаемага слова, калі першасная матывацыя стала губляцца або не была зразумелай шэрагу гаворак. На нашу думку, з’яўленне заоніма ў структуры выразу можна разумець і як першаснае, і як другаснае, што тлумачыцца надзейнымі паўдн.-слав. паралелямі: серб.-харв. kozláti ’ванітаваць’ і славен. kozláti ’тс’. Геаграфія апошняга невядомая, аднак, відаць, з таго ж арэала, што і папярэдняе: на славенска-харвацкім паграніччы. Фармальная сувязь з асновай заоніма kozьlъ відавочная. Пра сувязь з назвай казла сведчаць некаторыя літ. прыклады. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу паралелізм як канструкцый, так і асобных лексем, этымалагічна больш празрыстых, якія характарызуюць семемы ’ванітаваць’ і ’крычаць прарэзлівым голасам’. У абодвух значэннях адзначана рус. дыял. драть. Магчыма, менавіта з такога пункту погляду неабходна разглядаць бел. маг. дзёргаць ’ванітаваць’ (Падлужны, вусн. паведамл.). Захаванне архаічнага славен.-харв. kozláti сведчыць або пра агульны (балта-славянскі) працэс, або пра старажытныя кантакты славян і балтаў. Пры гэтым неабходна падкрэсліць верагодны арэальны характар кантактаў, на што ўказваюць ускосна як змены ў семантыцы канструкцыі, так і відавочныя супадзенні розных слав. і літ. фактаў. Што датычыцца лат. матэрыялу, мы лічым, што адзначаныя выразы — вынік уплыву або слав., або літ. мовы, пра што сведчыць як фармальнае супадзенне дзеяслоўнай часткі выразу āžus dīrāt з адпаведнай славянскай структурай, так і паслядоўнае, другаснае, на базе народнай этымалогіі асэнсаванне выразу, гл. вышэй пералік лат. прыкладаў. Больш цяжка акрэсліць статус літ. і слав. канструкцый. Супраць моўнага кантакту ўзаемаўплыву, магчымага калькавання нельга запярэчыць: меркаваць аб тым, што тут наглядаецца семантычная універсалія і ўтварэнні незалежныя, як быццам няма падстаў. Той факт, што ўласна выраз сустракаецца па сумеснай балт. і слав. тэрыторыі, яшчэ нічога не азначае: зах.-палес. гаворкі зберагаюць фактычна архетып, які не прадстаўлен дакладна ў балт. мовах, і наяўнасць выразу казлы драць можна разумець або як спецыфічнае яго захаванне (субстратны ўплыў і да т. п.), або як кальку, але абгрунтаваць гэта цяжка. Нічога не даказвае параўнанне са слав. прыкладамі, большая варыятыўнасць літ. выразаў — гэта, на сутнасці, адлюстраванне дыялектнай сітуацыі. Верагодна, што наяўнасць выразу ў літ., бел. і некаторых рус. гаворках сведчыць аб цэнтры інавацыі ў межах гэтай тэрыторыі; між іншым, вялікая актыўнасць прыведзенай вышэй спецыфічнай мадэлі ўтварэння назваў жабінай ікры адзначана на бел.-рус. паграніччы (поўначы і ўсходзе Беларусі), хоць сама з’ява вядома больш шырока. Калі і дапускаць экспансію выразу ў выніку моўных кантактаў, з пэўнай верагоднасцю можна сцвярджаць, што было гэта падчас асіміляцыі славянамі балтыйскага насельніцтва, а не ва ўмовах пагранічнага двухмоўя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўцаБРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом.каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калева ’корч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)