Кале́ка1 ’чалавек, які страціў якую-небудзь частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які-небудзь фізічны недахоп’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк. МГ, Шат.). Сл. паўн.-зах. адзначае ў гродз. і зах.-брэсц. гаворках, пры гэтым у окаючай гаворцы (бяроз.) адзначана форма колека; ТС фіксуе слова ў шэрагу пунктаў, не падаецца яно Ян. Укр. каліка, рус. калека, дыял. і літар. польск. kaleka, kalika, чэш. мар. kalik, славац. kalik. У зах.-слав. мовы запазычана з усх.-слав. (Слаўскі, 2, 27). Формы з ‑i‑ ў зах.-слав. мовах могуць адлюстроўваць або ўкр. фанетыку, або ўсх.-слав. з ‑и‑ (калика) і, магчыма, сюды не адносяцца. Польск. kaleka з бел. мовы, як, магчыма, і літ. уст. koliekà ’тс’. Слова лічыцца запазычаным з усходу з тур.-перс. kalak ’скалечаны, абязвечаны’, іншыя называюць тур. kalik ’няпоўны; якога не хапае; які мае недахопы; недахоп, пропуск; рэшткі’. У сучаснай тур. мове ёсць і значэнне ’векавуха’. Гл. Фасмер, 2, 166; Слаўскі, 2, 27. Першая форма наогул не засведчана, другая не бездакорная з боку семантыкі. Апрача таго, не вельмі ясна, якім шляхам слова трапіла ва ўсх.-слав. мовы. Жураўскі (Тюркизмы, 81) адносіць ст.-бел. калека да цюркізмаў. Там жа (88–89) слова адносіцца да ліку тых, якія папоўнілі беларускі тэзаўрус у XVI ст. у выніку найбольш інтэнсіўных сувязей Вялікага княства Літоўскага з Крымскім ханствам. Магчыма, гэта і так, паколькі ў помніках рус. пісьменнасці слова не адзначаецца. Шанскі (2, К, 25) далучае да гэтых слоў антрапонім Калѣка Карпъ Даниловичъ з Пскоўскага I летапісу, адзначанага пад 1341 г., аднак прыклад гэты вельмі двухсэнсоўны. У той жа час няма нейкіх прыкмет таго, што ў ст.-бел. мове гэта слова не з бел. гаворак, а з цюрк. моў. Ва ўсякім разе ў гаворках слова ведаюць дастаткова добра і, відаць, даўно, аб гэтым сведчыць пранікненне яго на захад. Калі лексема сапраўды цюркізм, крыніцу неабходна шукаць у цюрк. мовах і гаворках, якія геаграфічна кантактавалі з усх.-слав. мовамі. Аднак цюркская версія не задавальняла шэраг аўтараў, а альтэрнатыўныя версіі не пераконваюць (ні сувязь з лац. cadūcus праз італ. caluco ’бедны, жабрацкі’, ні з ц.-слав. клосьнъ ’кульгавы’, балг. дыял. клосан, ’пакалечаны’, арм. kał ’паралізаваны, кульгавы’, гоц. halts ’кульгавы’) як небездакорныя ў розных адносінах. Таксама нельга прыняць спробу Шанскага, ЭИРЯ, VII, 132, вытлумачыць слова на ўсх.-слав. глебе як уторанае з прэфіксам ка‑. Параўн. яшчэ каліка (гл.).

Кале́ка2 ’рыба мянтуз, Lota’ (ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Бяльк., Дэмб.; полак., Жук., З нар. сл.; Мядзв., Нас.; бых., Рам.; круп., Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк.), ’рыба ёрш’, таксама ў форме калечка (Мат. Маг.), ’рыба падкаменшчык, Cottus gobio’ (Жук.); з такім значэннем ёсць і ў суседніх рус. рост., смал. калека і калечка ’мянтуз’, фактычна беларускае. Апрача гэтага, Даль з паметай чарнамор. падае калѣка ’мянтуз’. Статус апошняга няясны, відаць, ніяк нельга разглядаць гэту фіксацыю як сведчанне аб яшчэ адным арэале распаўсюджання слова. Не выключана, што суадносіцца з калека1, ва ўсякім раз« менавіта такое народнаэтымалагічнае асэнсаванне назвы ёсць і заснавана на нейкіх спецыфічных прыкметах гэтай рыбы. Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя. Калі прымаць прапанову Голуба–Копечнага, 227, адносна чэш. mnik ’дробная рыба’, можна вельмі асцярожна меркаваць, што назва калека магла адлюстроўваць тую ж семантыку. Параўн. у рус. дыял. дражнілцы: «Калечина‑малечина, много часов до вечера?», дзе як быццам суаднесены дэрываты ад калека і асновы мал‑. Аднак менавіта па семантычнаму крытэрыю гэта версія ўступае папярэдняй. Яшчэ аб адной магчымасці тлумачэння сведчыць дэфініцыя ў рукапісным слоўніку Мядзведжага: «калека… з печані якога здабываецца тлушч, які ўжываецца ў якасці лекаў», аднак мадэль утварэння, якую можна выкарыстоўваць для данага выпадку, не вельмі ясная. Спецыфічная геаграфія (у асноўным паўночныя і ўсходнія гаворкі) і адсутнасць слова ў паўднёвых не выключаюць магчымасці запазычання слова з балтыйскай (прыбалтыйска-фінскай?) крыніцы, аднак інфармацыі, каб пацвердзіць такую думку, у нас няма. Не выключана таксама, што слова неабходна суаднесці з слав. каlъ (гл. кал).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)