Лаз ’лясная сцежка’ (Бяд.), ’улюбёнае месца пераходу звера’ (Сцяшк., Інстр. 2), ’праход у сцяне, у плоце’ (Гарэц.), ’уваход у яму, склеп’ (Інстр. 2, Сцяшк., ТСБМ), паст. ’адтуліна ў столі для праходу на гару’, лазы ’дзверцы ў склепе’ (Сл. паўн.-зах.), лазам лазіць ’настойліва лезці’ (Шат.). Укр. лаз ’лясны праход звяроў’, ’лясная паляна’, ’расчышчаеце месца ў горным лесе для агарода’, ’пралаз’, гуц. ’луг’, лемк. u̯azy ’зарослыя кустамі лугі’, рус. лаз ’сцежка лясных звяроў’, ’лясная сцежка’, лазы́ ’пралаз’, ла́зи́на ’ляды’, польск. łaz, łazy ’ляды’, н.-луж. łaz, łazy ’тс’, чэш. láz, laz ’тс’, ’поле ля лесу’, славац. laz, lazy ’ляды на склонах гор’, ’хутары на лядах’, славен. lȃz, серб.-харв. ла̏з, ла̑з, макед. лаз ’просека’, ’ляда’. Прасл. lazъ ’ляда’. Ад laziti > лазіць (гл.). Падрабязней гл. Фасмер, 2, 448–9; Слаўскі, 5, 56–60; Куркіна (Этимология–1968, 93), Сэндзік, Term roln., 66–68, 100–105. Кабылянскі (Мовознавство, 6, 1981, 46) памылкова адносіць лаз да ліку славянскіх балкана-карпатызмаў, параўноўваючы яго з рум. laz ’цаліна, расчышчанае месца для раллі’, lăzuíre ’расцяроб (лесу)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ўка1 ’лава на вуліцы каля хаты, у парку, памяшканні, вагоне’, ’школьная парта’, ’услон’ (ТСБМ, Сцяшк., Грыг., Шат., Бяльк., Яруш., Касп., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах., Ян.), ’частка ганка’, ’дошка на рэчцы (возеры), на якой жанчыны мыюць бялізну’, ’пераход праз рэчку, перакінуты з аднаго берага на другі — з дошак ці з бярвення’ (Інстр.), ’частка агароджы’ (уздз., Жд. 2), ’звязаныя адно з адным некалькі бярвенняў для сплаву’, ’адно звяно плыта’ (нёманск., Нар. лекс.; карэліц., З нар. сл.), ’частка плыта, звязаная з 24 бярвенняў’ (гродз., Нар. сл.) ’планка для замацоўвання ножак стала’ (петр., Шатал.). Да лава1, лава2 (гл.).

Ла́ўка2 ’лука, луг’ (Яшк., Бяс.), мядз. ’поле’ (Непакупны, Связи, 122–183). Запазычана з літ. laũkas ’поле’. Сюды ж, відавочна, і лід. ла́ўка ’ўчастак лесу’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́ўка3 ’папярочная баразна’. Да лава1 (гл.).

Лаўка4 ’магазін’ (Сцяшк., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.; уздз., Жд. 2, Ян.; тур., Выг.). Філін (Происх., 619) адносіць да ўласнарускіх слоў. Аднак існаванне ст.-бел. лав(ъ)ка (з 1561 г.) пярэчыць гэтаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́к1 ’кола воза’ (Касп., Бяльк.). Параўн. у іншых слав. мовах: рус. като́к ’адрубак бервяна, які падкладваецца пад цяжар для перакочвання яго’; ’кола’, ’воз’, ’калаўрот у крыніцы’ і г. д. Ст.-рус. катъкъ («Боряхуся противъ ихъ,.. крепко и на приступѣхъ изъ пушекъ и изъ пищали и катки болшими», XVI ст.). Падрабязны агляд матэрыялу у Трубачова, Эт. сл., 9, 164–165. Як відаць, гэта лексема, якую Трубачоў адносіць да ліку прасл. (*katъkъ), пашырана толькі ва ўсх.-слав. мовах, дакладней, у рус.ст.-рус.) і бел. Адносна словаўтварэння можна сказаць, што адпаведныя словы ўтвораны па вядомых прасл. мадэлях (дзеяслоў *katati і суф. прасл. *‑ъkъ, вядомы ў розных функцыях).

Като́к2, бат. ’каласок (чароту); каташок (вярбы, бярозы)’ (БРС), каткі ’кветкі вярбы’ (Сцяшк. ЛАГ), каткі́ ’тс’ (Сл. паўн.-зах.; каткі́ таксама тут маюць значэнне ’раллявая канюшына’: «каткі растуць на пасевах, мякінькія, сівенькія, касмаценькія»). У Нас. багня́, багняты ’пушыстыя каташкі на вярбе’ (параўн. багня́ ’ягня’). Відавочна, і като́к у батанічным значэнні паходзіць ад *kotъ, *kotъka (параўн. у Нас. ко́тка ’ягня’, ко́тки ’пушыстыя каташкі на вярбе, якая расце на балотных месцах’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхлань ‘гніль, цвіль, сырасць’, ‘балоцістае месца’ (ТСБМ), ‘пекла; апраметная’, ‘прорва, бездань’ (Ласт., Некр. і Байк.), ‘цяжкадаступнае месца сярод балот і лясоў’ (зах-палес., Асоўскі, Stud. slawist., 106), ‘бездань, нетры’, ‘балота’ (Сержп. Прымхі), ‘твань’ (Нар. Гом.). Да тхліць (гл.) утворана па ўзоры твань (гл.). Відавочна, звязанае з польск. odchłań/otchłań ‘бездань’, ст.-польск. otchlań лац. ‘caribdis’ (1424 г., Najdawniejsze zab., 128), паводле Банькоўскага (2, 368, 464), слова цалкам няяснае, вядомае ў рэлігійнай літаратуры з 2‑й паловы XIV ст. у значэнні ‘бездань нябесная’; апрача яго ўжываліся таксама spusty (upusty) niebieskie, odchliska, przetchliny і нават odchliny, а таксама otkłań, на падставе апошняга ён выводзіць першасную форму *otъklanь, якое з дзеяслова *otъ‑kloniti, *otъ‑klanjati ‘адводзіць у бок’. Борысь (403) польск. odchłań ‘глыбокая прорва, прадонне, бездань’, ‘месца знаходжання душ памерлых, чысцец, пекла’ звязвае з *ot‑chłaniać < chłonąć з першасным значэннем ‘тое, што паглынае’ і параўноўвае з укр. хланути ‘прагна есці’ < хла́пнути, славен. hlániti ‘хціва хапаць мордай, рылам’ і адносіць да першаснага *xolnǫti < *xoliti ‘акружаць, абгортваць’, ‘пакрываць, засланяць’. Сумнеўна, параўн. рэдкае польск. odtchłań ‘бяздонне’ (XVI ст.), што, магчыма, да tchnąć, гл. тхнуць, тухлы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лук1, лучок ’ручная зброя ў выглядзе гібкай дугі, сцягнутай цецівой, для пуску стрэл’ (ТСБМ, Бес., Шат., Яруш., Сл. ПЗБ), ’абруч у кашы, калысцы, у рыбалоўных снасцях’ (навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’ручка касы’ (баранав., уздз., полац., карм., бых., краснап., чач., ц.-палес., б.-каш., ДАБМ, 831; Янк. 1, Юрч., Бір. дыс., Сцяшк., Тарн., ТС; слуц., Нар. словатв.; петрык., Шатал.; ц.-палес., ЛАПП), жытк., стол. лычок ’тс’ (там жа), ’сагнуты дугападобны сук ці тонкі ствол’, ’драўляны каблук у рэзгінах’, ’дугападобная частка драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), лука́ ’тс’ (ТС). Укр., рус. лук, ст.-рус. лукъ ’лук’, ’лука’; польск. łęk і łuk, палаб. läu̯k н.- і в.-луж. łuk, чэш., славац. luk, славен. lǫ̂k, серб.-харв. лу̑к, макед. лак, балг. лък, ст.-слав. лѫкъ. Прасл. lǫkъ (< lękti ’гнуць, згінаць, крывіць’ < і.-е. lonk‑o ’віцца, крывіць’), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. lañkas ’дуга, абруч’, lankùs ’гнуткі’, лат. lùoks ’выгін, выгіб’, luôks ’гнуткі’ (Бернекер, 739–740; Фасмер, 2, 531; Слаўскі, 5, 111–113, 302–303; Махэк₂, 343; Скок, 2, 280–281; БЕР, 3, 550–551; Аткупшчыкоў, Baltistica, X (I), 19).

Лук2 ’цыбуля, Allium cepa L.’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукъ — відочна, ’тс’ (з пач. XVI ст.). Укр. лук ’цыбуля’, ’часнок палявы’, ’часнок’; рус. лук ’цыбуля’, ст.-польск. łuk ’дзікі парэй, Allium ampeloprasum’, ’часнок, скарада’, domowy łuk ’скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum’, łuk polny wielki ’гіацынт усходні і інш.’, палаб. läu̯k ’часнок’, ст.-чэш. luk ’часнок палявы, Allium oleraceum L.’, славен. lȕk ’цыбуля’, ’парэй’, luk česnjak ’часнок, Allium sativum L.’; серб.-харв. лу̏к ’часнок’, bijeli lȕk ’тс’, crveni (crni) luk ’цыбуля’, luk čerljeni ’тс’, ’парэй’, макед. лук, луку(т) ’часнок’, балг. лук, лукът ’цыбуля’, ’часнок’, ’парэй’, ’цыбуля мядзведжая, Allium ursinum L.’, ст.-слав. лоукъ ’часнок або цыбуля’. Прасл. lukъ ’цыбульная расліна (цыбуля, часнок ці парэй)’ запазычана з прагерм. *lauka (ст.-в.-ням. louh, с.-в.-ням. louch, ст.-ісл. laukr, ст.-н.-ням. lōk ’тс’, суч. ням. Lauch, ст.-англ. léak), якое да і.-е. *leug‑ ’гнуць, згінаць’ (Покарны, 685–686 і інш.: Бернекер, 744–745; Фасмер, 2, 531; Скок 2, 327–328; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 495–498). Младэнаў (280) выводзіў лексему lukъ з і.-е. *leu‑k ’ясны’, ’асвятляць’, мяркуючы, што прасл. і прагерм. лексемы былі прароднаснымі, а Махэк₂ (Jména, 265) адносіць іх да мовы перадпраславянскіх неіндаеўрапейцаў. Да і.-е. *leuk‑ адносіць прасл. lukъ Мартынаў (Лекс. взаим., 168–170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Судо́сіць1 ’сустрэць’ (Ласт., Кольб., Сцяшк.; івац., ЛА, 2), судасі́ць ’спаткаць’ (Арх. Федар.), судасі́ці ’сустрэць’ (пруж., ЛА, 2), судосы́ты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ; кобр., Нар. лекс.), судосы́ты, судосэ́тэ ’тс’ (Сл. Брэс.), судаша́ць ’сустракаць’ (Ласт.), судоша́ты ’сустракаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), судоша́ці, судоша́ты ’тс’ (Сл. Брэс.). Бел.-укр. ізалекса: укр. дыял. судо́сити ’сустрэць’, судоща́ти ’сустракаць’; гл. Цыхун, Бел.-укр. ізал., 82. Прэфіксальны дэрыват (*су‑ < *sǫ‑) ад прасл. *dositi ’знайсці’, які ў ст.-слав. досити ’тс’, ст.-рус. досити ’знаходзіць’ (гл. ЭССЯ, 5, 82), звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *desiti: ст.-слав. десити ’знайсці, сустрэць’, балг. дыял. де́сим ’стаяць прама доўгі час’, серб.-харв. дѐсити ’сустрэць’ (гл. ЭССЯ, 4, 217–218); Махэк₂ (115) адносіць сюды ж і чэш. poděsiti ’знайсці, застаць’. Роднаснымі лічацца грэч. δέκομαι ’прыймаю’, лац. decet ’падыходзіць’, авест. dāšta ’той, які атрыманы’; гл. Бернекер, 1, 188; Скок, 1, 395; ЕСУМ, 5, 468; аднак Фасмер (1, 505–506) заўважае, што розніца ў значэннях пазаславянскіх адпаведнікаў выклікае цяжкасці. Сюды ж судошʼа́ймацця ’сустракацца’ (Клім.), з судашаць і мець.

Судо́сіць2 ’гудзіць; пляткарыць’ (Некр. і Байк.), прыводзіцца як адпаведнік рус. судачить (там жа). Няясна; магчыма, да судзіць (гл.) з экспрэсіўна?! суфіксацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́хта1 ’жаночае адзенне тыпу спадніцы з дзвюх сшытых да палавіны полак’ (ТСБМ), ’вялікая хустка’, посцілка’ (Сл. ПЗБ), ’бялізна’ (Бес.), ’пялёнкі’ (Федар. 6), ’дзяруга’ (Бес.). Укр. пла́хта ’спадніца, сшытая да палавіны’, ’хустка’, ’прасціна’, ’палатно’; рус. пла́хта ’від спадніцы’, ’хустка, вышываная золатам’; ’мяшок з грубай тканіны’, ’валасяніца’; польск. płachta, płachcia ’кавалак грубага палатна’, ’від прасціны’, ’посцілка’, ’хустка’, ’тоўстая хустка, плед’, палаб. ploxtă ’абрус, прасціна’; н.- і в.-луж. płachta ’прасціна’, ’ветразь’, ’экран’, ’посцілка’: чэш. plachta ’брызент, тэнт па фуры’, ’ветразь’, славац. plachta ’тс’, ’прасціна’, ’занавеска’, славен. pláhta ’навес, тэнт’, ’гунька’, ’дзяруга’, серб.-харв. пла̏хта ’абрус’, ’прасціна’, ’чахол на мэблю’. Прасл. *plaxъta, першаснае значэнне якога цяжка вызначыць (Банькоўскі, 2, 614) — ’кавалак грубага палатна’ (?), — звязана генетычна з пла́ха, пласкі і з плашч (Міклашыч, 248; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112; Брукнер, 419; Фасмер, 3, 276; Бязлай, 3, 46). Булыка (Лекс. запазыч., 110) ст.-бел. плаха ’палатно’ адносіць да запазычанняў са ст.-польскай мовы — няма падстаў. Сюды ж: пла́хта устаўная частка крыла ў млыне — шчыт з тонкай дранкі’ (слуц., Нар. словатв.).

Пла́хта2 ў выразе: пла́хтой ’спосаб укладкі дошак для прасушкі ў выглядзе трохвугольніка — адна на адну’ (бяроз., Шатал.; Сл. ПЗБ). Да пла́ха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мыт1, мы́та ’падатак за правоз тавараў цераз граніцу ці на тэрыторыі дзяржавы’ (ТСБМ, Гарб., Гарэц., Груш., Др.-Падб., Касп.). Укр. мито, рус. мыто, ст.-рус. мытъ, мыто, польск., н.- і в.-луж. myto, чэш., славац. mýto, славен. míto, серб.-харв. ми́то, ми̑т; макед., балг. мито, ст.-слав. мыто. Прасл. myto. Запазычана са ст.-в.-ням. mûta ’пошліна; мыта’ (Міклашыч, 208; Уленбек, AfslPh, 15, 489; Фасмер, 3, 26; Скок, 2, 434; Атрэмбскі, Sprache, 12, 1966, 61–62; Германовіч, Лекс. і грам., 3). Сюды ж мы́тнік ’служачы мытніцы, чыноўнік’ (ТСБМ, Груш.).

Мыт2 ’глыбокае месца ў рацэ з вірам’ (паўн.-усх., КЭС). Да мыць (гл.): ад дзеепрыметніка ⁺мытъ ’вымытае вадою месца’.

Мыт3, мыту́ха ’панос у парасят’ (драг., З нар. сл.), ’панос’ (усх., КЭС; Грыг., Касп.), ’дызентэрыя’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), магчыма, ’хвароба скаціны’ (Анік.). Вярэніч (Бел.-рус. ізал., 25) адносіць сюды і мыт ’інспекцыйная хвароба коней: запаленне слізістай абалонкі насаглоткі і падсківічных залоз’ (ТСБМ; стаўбц., валож., КЭС), укр. мит ’тс’, рус. калуж. мыти́ца ’тс’. Рус. мыт ’панос’ (паўсюдна) Фасмер (3, 25) супастаўляе са ст.-інд. mū́tram ’мача’ і выводзіць з мыть ’мыць’. Параўн. таксама і польск. mycić się, nicić się ’хварэць на панос’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)