Во́ін (БРС, КТС). Рус. во́ин, укр. воїн, ст.-рус. воинъ, ст.-слав. воинъ, балг. паэт. воин, серб.-харв. во̀јни̑к, славен. vojník, чэш., славац. vojín, voják. Утворана пры дапамозе суф. адзінкавасці ‑inъ ад прасл. *vojь з магчымым значэннем ’група войска’ (Махэк₂, 696; БЕР, 172). Іншая ступень чаргавання ў ст.-слав. повинѫти ’пакарыць, заваяваць’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. vejù, výti ’гнаць(ца), праследаваць’, vajóti імперф., ст.-інд. vḕti ’праследуе, імкнецца да’, авест. vayeiti ’гоніць, праследуе’, лац. vēnor, ‑āri ’паляваць’, ст.-ісл. veiðr ’паляванне’, ст.-в.-ням. weida ’тс’, грэч. ἵεμαι ’імкнуся, жадаю’, ірл. fíad ’дзічына’, лац. proelium*provoiliom) (Фасмер, 1, 334; Траўтман, 345 і наст.; Шанскі, 1, В, 141 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́зел, род. скл. вузла́ (БРС, Касп., Шат., КСТ), ву́зял (Грыг.), вузёл (Бяльк., Яўс.). Укр. ву́зол, вузо́л, у́зол, рус. у́зел, ву́зел, у́зол, польск. węzeł, славац. uzol, чэш. uzel, в.-луж. wuzoł, палаб. vǫzȧl, славен. vózel, ózel, серб.-харв. у̏зао, род. скл. у̏зла, макед. вазол, јазол, јазел, вънзел, балг. възел. Прасл. vǫzьlъ ’вузел’ звязана з вязаць (Фасмер, 4, 154; Махэк₂, 673; Брукнер, 609; БЕР, 1, 203; Рудніцкі, 1, 495); указваюць на магчымую сувязь з літ. ąžuolas ’дуб’, лат. uôzuõls, ст.-прус. ansonis ’тс’ (гл. Зубаты, BB, 18, 259; Мюленбах-Эндзелін, 4, 427), што магло значыць ’вузлаватае дрэва’ (Фрэнкель, 28); параўн. таксама ст.-рус. вязожелдь ’падуб, Ilex aequifolium’ і макед. дыял. wъzal ’сук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Асвяну́ць, освыну́ты ’сустрэць світанне’ (Клім.). Рус. освенуть, рассвенуть ’развіднецца’, укр. освінути ’развіднецца, сустрэць світанне, выздаравець’, свінути(ся) ’развіднецца’, славац. osvitnuť, серб.-харв. осва̀нути ’сустрэць світанне’, славац. svitnuť, серб.-харв. сва̀нути, славен. sveniti ’развіднецца’. Ст.-рус. (ц.-слав.) освьнути ’сустрэць світанне’, свьнути ’развіднецца’ ст.-слав. (о)свитати ’тс’. Параўн. літ. švìsti, švintù ’развіднецца’ і іншыя і.-е. адпаведнікі. У славянскіх мовах форма асвянуць роднасная свет (з чаргаваннем галоснага), у якой група ‑тн‑ упрасцілася ў н (гл. свет). Зважаючы на пашырэнне і даўнасць, можна лічыць гэта слова архаічным праславянскім утварэннем. Міклашыч, 332–333; Праабражэнскі, 2, 264; Брукнер, 538; Фрэнкель, 1046; Траўтман, 310–311; Покарны, 629; Супрун, Веснік БДУ, 1972, 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́р-пту́шка ’казачная птушка з агністым пер’ем’. Рус. жар‑птица, укр. жар‑птиця, серб.-харв. жар‑пти̏ца, балг. жар‑птица (са спасылкай на рус. казкі) ’тс’. Параўн. у Плетаршніка славен. žâr‑žéna ’міфічная істота, падобная да вілаў’. Слова жар выступае ў спалучэнні ў якасці прыметніка са значэннем ’вогненны’ (гл. жа́ры). Іначай у Шанскага, 1, Ж, 277: складанне слоў жар ’агонь, гарачае вуголле’ і птица. Трэба мець на ўвазе познюю (1825 г.) фіксацыю спалучэння ў слоўніках, што можа ўказаць на пазнейшае штучнае ўтварэнне слова. Але Іваноў і Тапароў (Слав. яз. мод. системы, 141–142) пераканаўча звязваюць жар-птушку (і славац. pták‑ohnivák) са старажытным культам агню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жук1 ’від насякомага’ (ТСБМ), мн. л. жукарэ (Сл. паўн.-зах.). Рус., укр. жук ’тс’, польск. zuk ’від насякомага, Geotrupes’, в.-луж. žuk ’від насякомага, Bruchus’, палаб. zauk ’від насякомага, Roßkewaar’. Параўн. чэш. žukati, славен. žučati ’гусці (пра насякомых)’. Ст.-рус. жукъ. Утворана з суф. ‑к ад гукапераймальнай асновы *žu‑ < *geu̯‑ (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298; Фасмер, 2, 64; Праабражэнскі, 1, 237; Ільінскі, AfslPh, 29, 1908, 496; Брукнер, 667). Аснову *geu̯‑, відаць, трэба суадносіць з дадзенай у Покарнага (1, 403) асновай gou‑ (гл. гук, гаварыць, гутарыць).

Жук2 ’пранырлівы чалавек’ (ТСБМ). Рус., укр. жук ’тс’. Відаць усх.-слав. сем. перанос ад жук1 па паводзінах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́лік ’дробны злодзей’ (ТСБМ), жульма́н ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жу́лик ’тс’, дыял. ’птушка з пароды кулікоў’, ’маленькі хлябок’, кастр. ’ножык’, уладз. ’чорнарабочы’, польск. žulik ’злодзей’, чэш. žulik ’махляр, шэльма’, балг. жульо ’дробны чалавек’ (< жуля ’церці’, БЕР, 1, 558). Даль (1, 547) звязваў жулить ’прысвойваць’ з жи́лить (параўн. бел. жыліць) ’тс’, жилиться ’быць скупым’. Гэта падтрымлівае Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298. Праабражэнскі (1, 237), адзначыўшы жуль ’ножык’ і арг. афен. жулить ’рэзаць’ згадвае, што «некоторые производят от шулер». Фасмер (2, 65) дадае арг. рус. жулик ’вучань злачынца’ і ’ножык’, нерашуча параўноўвае з серб.-харв. жуљити ’драць скуру’, балг. жуля ’драпаць, церці, здзіраць’, славен. žúliti ’церці, жаваць’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыццё. Рус. разм. житьё, укр. життя, польск. życie ’жыццё’, в.-луж. žiće ’гаенне’, н.-луж. žyśe ’гаенне’, чэш. кніжн. žití, славац. кніжн. žitie, славен. žitje, серб.-харв. уст. паэт. жи́ће, балг. житие, ’жыццё’, уст. ’жыццё’. Ст.-слав. житиѥ ’жыццё’, ’жыллё’, ’здабытак’, ’істота’. Ст.-рус. житие, житье ’жыццё’, ’здабытак’, ’месца пражывання’. Як і запазыч. са ст.-слав., жыціе ўтворана ў прасл. ад асновы *žit‑ (дзеепрыметнікавага характару) з дапамогай суфікса *‑ije (‑ьje) з абстрактным значэннем. Мейе, Études, 389; Фасмер, 2, 57. Шанскі (1, Д, Е, Ж) лічыць ‑т‑ ужо часткай суфікса. Рэканструкцыю ст.-рус. семантыкі і складу слоў са знач. ’жыццё’ гл. Колесаў, Диалектная лексика, 1975, 60–75.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За, прыназоўнік. Рус., укр., серб.-харв., балг., макед. за, польскі серб.-луж., чэш., славац., славен. za, палаб. zo. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. за. Прасл. za не мае пэўнай і.-е. этымалогіі. Покарны (1, 451–452) звязвае з літ. дыял. ažu, (літ. už(u)), лат. дыял. az (літ. àiz) і ўзводзіць да *gʼhō ’ззаду’ (параўн. прасл. *za‑dъ і *na‑dъ). Фасмер (2, 69) услед за Эндзелінам (Darbu, 1, 323) указвае, што слав. za суадносіцца з балт. *ažuo, як *na з грэч. ἄνω. Сувязь з прэфіксам vъz‑ (> уз‑) няпэўная, таксама як супастаўленні з арм. za, əz, z. Агляд літаратуры гл. у Фасмера, а таксама ў ESSJ SG, 1, 294.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)