Га́йнік1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брук1 ’каменная маставая’ (ст.-бел. брук з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. брук ’тс’. Запазычанне з польск. bruk ’тс’ (дзе з ням. Brücke мост; брук’). Гл. Рудніцкі, 220; Бернекер, 89; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 37; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 42.

Брук2 ’самая быстрыня ракі’ (Нас.). Рус. дыял. (смал.) брук ’пясчаная водмель у рацэ’. Мабыць, таго ж паходжання, што і брук1 (гл.). Развіццё семантыкі: ’каменне’ → ’месца ў рацэ, дзе каменне’ → ’быстрыня’. Параўн. брук ’каменне’ (Сцяшк.). Але не выключаецца, што брук2 звязана з дзеясловам тыпу рус. дыял. бру́кать ’гаварыць незразумела’ (гукапераймальнае). Параўн. укр. белебе́нити ’балбатаць’, бе́лебень глыбокае месца ў рацэ’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бак ’ахапак ільну, вынесенага з сушні за адзін раз для апрацоўкі’ (Мат. АС, Шкл.), ба́бык, аба́бак ’малая ўкладка снапоў на полі’ (ДАБМ, 877). Мабыць, таго ж паходжання, што і аба́бак (гл.) ’мэндлік’. Але гэта не зусім яснае ўтварэнне. Хутчэй за ўсё назва аба́бак ’мэндлік’ была перанесена на ’ахапак ільну’ (а аба́бак ’мэндлік’, мабыць, аддзеяслоўнае ўтварэнне: абабіцца ’стаць падобным да бабы’, параўн. ба́ба ў значэнні ’круглыя, вялікія прадметы’; да марфалогіі параўн. Мяркулава, Очерки, 176–177).

Бабак, бабака ’дурань, безгаловы’ (Інстр. лекс.). Напэўна, метафарычнае ўжыванне слова бабак ’байбак, бабак’. Параўн. рус. байба́к ’байбак, непаваротлівы, лянівы і дурны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́нкі ’свята ў гонар маладой, калі яна аказалася нявіннай’ (З—ч). Рус. арэнб. калинка, параўн.: «Пирушка на второй день свадьбы, когда присутствующим показывают свадебную сорочку новобрачной, свидетельствующую о ее невинности, а родителей новобрачной угощают калиновой настойкой» (СРНГ, 12, 356), варонеж. распивать калинку (пра абрад на трэці дзень вяселля) больш далёкае, аднак таксама звязана з калінай. Калину ломати — у вясельных песнях: ’губляць нявіннасць’, калину стратити ’згубіць нявіннасць’. Семантыка, відаць, усх.-слав., аднак што датычыць бел. калінкі і рус. паралелі, цяжка сцвярджаць, што тут утварэнне таго ж перыяду, хутчэй за ўсё інавацыя ў абмежаваным арэале з наступнай экспансіяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кача́н ’плод капусты: шчыльна звітыя ў галоўку капусныя лісты’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ); таксама ’цвёрдая частка галоўкі капусты, ад якой растуць лісты; пачатак кукурузы’ (Сцяшк. МГ). Параўн. рус. коча́н, укр. коча́н, кача́н, польск. koczan, kaczan, чэш. kočan ’пэўная расліна’, балг. коча́н, серб.-харв. ко̀ча̑н, макед. кочан. Прасл. форма kočanъ (агляд матэрыялу гл. у Фасмера, 2, 356; Трубачова, Эт. сл., 10, 104–105). Трубачоў (там жа. 104) лічыць, што мы маем справу з утварэннем пры дапамозе суф. ‑ʼanъ (‑ěnъ?) ад таго ж кораня, што і *koča, *kočera, *kočerъ з агульнай семантыкай чагосьці, што ўзвышаецца, тарчыць і да т. п. Вельмі разгалінаванае сямейства слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *k​uasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кеп ’дурань, блазан’ (Гарэц., Нас. Сб., Шпіл., Янк. БП). Укр. кеп ’тс’. Бел. і ўкр. словы запазычаны з польск. kiep ’тс’, якое ўзводзіцца да прасл. формы kъpъ (Слаўскі, 2, 151). Больш верагодным здаецца тлумачэнне польск. kiep як слова балт. паходжання. Параўн. літ. kẽpis ’разява’, якое, аднак, не мае задавальняючай этымалогіі. Незразумела, чаму Лаўчутэ (Балтизмы, 113), адносячы вытворнае ад кеп > кепска да ліку балтызмаў, не выказала сваёй думкі наконт лексемы кеп. Дабрадомаў (вусна) выказаў думку аб магчымым паходжанні бел., укр. і польск. кеп, kiep ад булг. *kȁp ’ідал, балван’ (вядома, што ст.-слав. капиште ’капішча, язычніцкі храм’ таго ж паходжання).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ружжо́ ’стрэльба’ (ТСБМ), ружʼё ’тс’ (Сл. ПЗБ), ружʼе́ ’тс’ (ТС), ружэ́йны ’які мае адносіны да ружжа’, ’які праводзіцца з ружжом’ (ТСБМ). З рус. ружьё, якое першапачаткова ўжывалася ў зборным значэнні ’зброя ўвогуле’, як і оружье́, ад якога паходзіць. Оружье́/оружие ’гармата; зброя’ < прасл. *orǫžьje (дзе ž < g) з тым жа коранем *rǫg‑, што і ў *rǫgati (гл. ругнуцца). Разглядаецца адначасова як вынік кантамінацыі з прасл. *orǫdьje ’гармата’ (Чарных, 2, 606) насуперак Фасмеру. Апошні, акрамя таго, лічыць, што оружье — царкоўнаславянізм пры спрадвечнай форме ружьё (Фасмер, 3, 154). Паводле Адзінцова (Этимология–1985, 123), адпадзенне пачатковага галоснага адбылося па-за межамі Расіі, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сверб ‘адчуванне казытлівага нервовага раздражнення, якое выклікае пачухванне’, ‘нецярплівае жаданне, турбота’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сьверб ‘раздражненне скуры’ (Касп., Бяльк.), свербёта ‘тс’ (Нас.). Укр. сверб, свербо́та, свербля́чка, рус. сверб, польск. świerzb, каш. sverb ‘тс’. Аддзеяслоўны дэрыват ад свярбець (гл.), больш позняе, з прычыны таго ж галоснага ў корані, чым слова з аблаутам: укр. дыял. сво́ріб ‘кароста’, рус. дыял. сво́роб, серб.-харв. свра̑б, балг. свраб ‘кароста’, ст.-слав. сврабъ. Прасл. *svorbъ; гл. Фасмер, 3, 573; Махэк₂, 598, Мяркулава, Этимология–1970, 169. Падрабязна аб *svьrběti, *svorbъ і сверб Младэнава, Этимология–1988–1990, 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)