спі́ца, ‑ы, ж.

1. Адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам. Вялізныя колы былі напалавіну без спіц, абады без шын. Машара. Пярэдняе кола веласіпеда ўдарылася аб пень, сагнулася, тырчаць вырваныя спіцы. Жычка. // Адзін з драўляных або металічных стрыжняў рулявога кола. Спіцы штурвала. // Адзін з металічных прутоў, што складаюць каркас парасона.

2. Драўляны або металічны стрыжань рознага прызначэння. На таку .. стаяла саматужная сячкарня — бервяно-к[о]злы на чатырох ножках з дзвюма парамі ўбітых наўскасяк спіц. Колас. [Міхалка] выведае тады ўсю механіку калёсікаў, зубчыкаў, спіц, шасцерняў, .. якіх у гадзінніку так многа. Бядуля.

3. Плоскае выгнутае шыла для пляцення лапцей. [Дзед:] — Чаго ты там слепішся ў тую кніжку. Хіба ты з яе хлеба наясіся... Вунь бы лепш наломваўся лапці пл[е]сці, а то вырасцеш і спіцы не будзеш умець у руках трымаць. Сабаленка.

•••

Апошняя (дзесятая) спіца ў калясніцы — а) чалавек, які адыгрывае нязначную ролю ў жыцці, грамадстве, у якой‑н. справе; б) тое, што мае малое значэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаха́н ’вялікі гліняны збан’ (Юрч. Вытв.), мсцісл. лыжай ’драўляная дзежачка’ (Бел. хр. дыял.), лаханка, лахань, лаханка ’ражка’ (Бяльк., Касп.; палес., З нар. сл.), смарг. ’невялікая драўляная міска’ (Сл. паўн.-зах.), ’вялікі гаршчок з ручкамі па баках для збівання масла’ (Малч.), ’гліняная міска’ (Чач.; лях., Янк. Мат.; палес., Вяр.Крыв.; гродз., Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’вялікі гаршчок, у якім заварваюць адзенне’, ’вялікі гаршчок-соуснік’, ’гліняны сасуд, шырэйшы зверху, вузейшы знізу’ (КЭС), ’гліняны посуд, у якім жарацца вялікія кавалкі ялавічыны’, ’умывальнік’, (Шпіл.), ’балея’ (лях., іўеў., Сл. паўн.-зах.) ’цэбар для вады ці памыяў’ (Мат. Гом.), рэч. лаханя ’гліняная міска’ (Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (Ян.), лаханок ’шырокі, гліняны збан’ (Юрч.), пін. лахінька ’міска’ (КЭС). Укр. дюблінск. лаханка ’вялікая міска, цэбар для свіной ежы’, ’вядро для памыяў’, рус. лохань, локан, лахам, лоханка, лоханочка ’прадаўгаваты або круглы сасуд гаспадарчага прызначэння’, ст.-рус. лохам, лакам, лоханя ’круглы, адкрыты сасуд’ (XV ст.), паўн.-усх. польск. lachań, lachanka ’міска’, мазав. lochania ’ночвы’, якія, аднак, з бел. лахань, лаханка (Слаўскі, 4, 405). Надзейнай этымалогіі пя- ма. Найбольш дапушчальная версія аб запазычанні са ст.-грэч. λεκάνη, позняе дарыч. λακάνη ’таз, балея, ражка’, параўн. таксама ст.-грэч. λεκάνιον ’міска, блюда’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 524; Слаўскі, 4, 405. Бел. лаханка нырачная (ТСБМ) узыходзіць да рус. лаханка почечная (Крукоўскі, Уплыў, 38). Аб няўстойлівасці агаласоўкі ла‑ і ло‑ гл. Аткупшчыкоў, Из истории, 245.⇉.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агу́льны, -ая, -ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць.

Агульная справа.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны; прызначаны для сумеснага карыстання.

Агульная гаспадарка.

Агульная кухня.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую-н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае.

А. сход.

4. Аднолькавы, уласцівы каму-н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх); у знач. наз. агу́льнае, -ага, н.

Агульная мэта.

Падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.

Агульныя знаёмыя.

У яе і яго я знаходзіў штосьці агульнае.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал; які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм.

Агульнае правіла.

Агульныя недахопы.

Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння.

Агульная адукацыя.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны.

А. аб’ём вытворчасці.

8. Які датычыцца асноў чаго-н.

А. курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей; галоўны, вызначальны, асноўны.

Агульнае ўражанне.

А. ход падзей.

А. план экспедыцыі.

Агульная накіраванасць твора.

А. кірунак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны.

Агульныя апісанні.

Агульныя словы.

Агульная мова (у каго, з кім) — поўнае ўзаемаразуменне, поўная дамоўленасць у чым-н.

|| наз. агу́льнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прызначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.

2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.

3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.

•••

Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.

2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.

3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.

•••

Далажыць па камандзе гл. далажыць ​1.

Як па камандзе — дружна, разам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кардо́н 1, ‑у, м.

1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.

2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.

[Іт. cartone.]

кардо́н 2, ‑а, м.

1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.

2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.

3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.

[Фр. cardon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.

1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.

2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.

3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.

4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.

5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.

•••

Зняць (скінуць) маску гл. зняць.

Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.

Сарваць маску гл. сарваць.

[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпус, ‑а; мн. ко́рпусы, ‑аў і карпусы́ (з ліч. 2, 3, 4 ко́рпусы), карпусо́ў; м.

1. мн. ко́рпусы, ‑аў. Тулава чалавека або жывёліны. Валерый павярнуўся ўсім корпусам да Аляксея.. і кіўнуў галавой. Даніленка.

2. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аснова, каркас механізмаў, апаратаў, прыбораў і пад. Гадзіннікавы корпус. Корпус апарата. Корпус гранаты.

3. мн. карпусы́, ‑о́ў. Каркас судна з усёй знешняй абшыўкай. Буксір ужо стаяў каля берага адзін, без баржаў, і яго корпус адлюстроўваўся ў ціхай вечаровай вадзе вялізнай чорнай плямай. Краўчанка.

4. мн. карпусы́, ‑о́ў. Асобны будынак на агульнай пляцоўцы. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складамі гатовай прадукцыі. Скрыган. // Ізаляваная частка вялікага будынка. Левы корпус.

5. мн. карпусы́, ‑о́ў. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх дывізій. Гвардзейскі корпус. Стралковы корпус. Камандаваць корпусам.

6. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аб’яднанне войск спецыяльнага прызначэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Корпус жандараў.

7. мн. карпусы́, ‑о́ў. Некаторыя сярэднія ваенна-навучальныя ўстановы ў дарэвалюцыйнай Расіі. Марскі корпус.

8. мн. карпусы́, ‑о́ў. Сукупнасць асоб адной прафесіі, якога‑н. аднаго афіцыйнага або службовага становішча. Дыпламатычны корпус. Афіцэрскі корпус.

9. Назва аднаго з размераў друкарскага шрыфту.

•••

Кадэцкі корпус — закрытая сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для падрыхтоўкі сыноў дваран да афіцэрскай службы.

Пажскі корпус — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для сыноў вышэйшых саноўнікаў і генералаў (першапачаткова для падрыхтоўкі пажаў).

[Ад лац. corpus — цела.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прылада для шыцця — тонкі металічны шпень з завостраным канцом і вушкам для ніткі. Кравецкая іголка. Машынная іголка. Мяшочная іголка. Уцягнуць нітку ў іголку. □ Ні зямлі, ні каня.. [кравец] не меў, дома сядзеў мала, а паўвека свайго правандраваў па свеце з адмысловай іголкай, шыючы людзям кажухі.. Чорны.

2. Тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння. Патэфонная іголка. Іголка для падскурных упырскванняў.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў. Ядлаўцовая іголка. Хвойныя іголкі. □ Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. // Калючка ў некаторых раслін. Шыпшынавая іголка. Кактусавая іголка.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл. На сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. В. Вольскі.

5. чаго або якая. Тонкі востры крышталь чаго‑н. Іголкі інею. □ Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны.

6. звычайна мн. (іго́лкі, ‑лак); перан. Зласлівыя насмешкі, выказванні. Падпускаць іголкі. □ — Наогул, Шэмет дзівакаваты чалавек. Ты да яго, бывае, як ватка прыляжаш, а ён да цябе вожыкам, іголкі свае так і садзіць. Лобан.

•••

З іголкі — тое, што і з іголачкі (гл. іголачка).

Не іголка (у знач. вык.) — знойдзецца, не згубіцца.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Як іголка ў стозе сена — непрыкметны, якога нельга знайсці. — У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ.

Як на іголках — у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання (быць, сядзець і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)