агу́льны, -ая, -ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць.

Агульная справа.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны; прызначаны для сумеснага карыстання.

Агульная гаспадарка.

Агульная кухня.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую-н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае.

А. сход.

4. Аднолькавы, уласцівы каму-н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх); у знач. наз. агу́льнае, -ага, н.

Агульная мэта.

Падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.

Агульныя знаёмыя.

У яе і яго я знаходзіў штосьці агульнае.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал; які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм.

Агульнае правіла.

Агульныя недахопы.

Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння.

Агульная адукацыя.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны.

А. аб’ём вытворчасці.

8. Які датычыцца асноў чаго-н.

А. курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей; галоўны, вызначальны, асноўны.

Агульнае ўражанне.

А. ход падзей.

А. план экспедыцыі.

Агульная накіраванасць твора.

А. кірунак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны.

Агульныя апісанні.

Агульныя словы.

Агульная мова (у каго, з кім) — поўнае ўзаемаразуменне, поўная дамоўленасць у чым-н.

|| наз. агу́льнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)