Пя́каць1 ’падаць (пра плады); стукаць, пукаць, ляпаць’ (бых., Жыв. НС; Шат., Бяльк., Растарг.), пя́кнуць ’упасці; стукнуць’ (Бяльк., Пал., Растарг.), ’упасці’: пякнула яна з печы (рагач., Сл. ПЗБ), пя́кнуцца ’ўпасці, ляпнуцца аб зямлю’ (Бяльк.), пяк — выклічнік для перадачы гуку падзення на зямлю пладоў і дробных прадметаў або тупога ўдару (Нас., Растарг., Шат.), сюды ж, відаць, і пе́кнуць ’ударыць, грукнуць, ляснуць, сцёбнуць’: пе́кнуў воўка копу́том (ТС). Гукапераймальнае, параўн. славен. pekȅt ’тупат’, pekemáti ’тупат, цоканне (капытоў)’, якія Сной (435) выводзіць ад гукапераймання pek, што імітуе ўдары капытам або нагой; параўноўваюць з бел. пя́каць ’стукаць’, рус. упека́ть ’выгнаць’, роднаснымі да лат. pękât ’дыбаць, тупаць’, pęka ’лапа, нага’, гл. Бязлай, 3, 22; Сной₂, 504. Гл. таксама пекаць, покаць, пукаць, покаць.

Пя́каць2 ’класці, валіць адно на адно; замяшчаць, упіхваць’ (Нас.), пя́къць, пя́къцца ’працаваць празмерна, цяжка’ (міёр., Нар. лекс.), пя́каццалезці, пхнуцца’: дзе ні трэба пя́каецца (Цых.); сюды ж, відаць, і рус. дыял. упя́кать ’паставіць каго-небудзь у непрыемнае становішча, увесці ў бяду’. Няясна, хутчэй за ўсё да пякаць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лаз ’лясная сцежка’ (Бяд.), ’улюбёнае месца пераходу звера’ (Сцяшк., Інстр. 2), ’праход у сцяне, у плоце’ (Гарэц.), ’уваход у яму, склеп’ (Інстр. 2, Сцяшк., ТСБМ), паст. ’адтуліна ў столі для праходу на гару’, лазы ’дзверцы ў склепе’ (Сл. паўн.-зах.), лазам лазіць ’настойліва лезці’ (Шат.). Укр. лаз ’лясны праход звяроў’, ’лясная паляна’, ’расчышчаеце месца ў горным лесе для агарода’, ’пралаз’, гуц. ’луг’, лемк. u̯azy ’зарослыя кустамі лугі’, рус. лаз ’сцежка лясных звяроў’, ’лясная сцежка’, лазы́ ’пралаз’, ла́зи́на ’ляды’, польск. łaz, łazy ’ляды’, н.-луж. łaz, łazy ’тс’, чэш. láz, laz ’тс’, ’поле ля лесу’, славац. laz, lazy ’ляды на склонах гор’, ’хутары на лядах’, славен. lȃz, серб.-харв. ла̏з, ла̑з, макед. лаз ’просека’, ’ляда’. Прасл. lazъ ’ляда’. Ад laziti > лазіць (гл.). Падрабязней гл. Фасмер, 2, 448–9; Слаўскі, 5, 56–60; Куркіна (Этимология–1968, 93), Сэндзік, Term roln., 66–68, 100–105. Кабылянскі (Мовознавство, 6, 1981, 46) памылкова адносіць лаз да ліку славянскіх балкана-карпатызмаў, параўноўваючы яго з рум. laz ’цаліна, расчышчанае месца для раллі’, lăzuíre ’расцяроб (лесу)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́ццалезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́ццалезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асака́1 расліна Carex L.’ (БРС, Гарэц., Яруш.), осо́ка (Бесар.), палес. осока ’аер, Acorus Caramus’ (Бейл.), маг. сака́ ’Carex L.’ (Юрч., Гарэц.). Рус., укр. осока ’Carex’, польск. osoka ’Stratiotes aloides’ (балотная расліна, як і аер ці асака), ранейшы цытаваны прыклад (XIX ст.) у Дарашэўскага — з Мінскай губерні, таму, магчыма, польскае з беларускай. Няясна. Параўноўваюць з літ. ãšakà, лат. asaka ’рыбная костка’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 142; Фрэнкель, 18; Буга, Rinkt., 2, 295), а далей узводзяць да і.-е. кораня *ăkʼ‑ (гл. востры) (Міклашыч, 227). Міклашыч (290) звязваў і з коранем *sek‑ (гл. сячы), што вядзе да параўнанняў з ням. Säge ’піла’, англа.-сакс. secg ’асака, трыснёг’ (гл. Фасмер, 3, 163, і ўказ. там літаратуру). Магілёўская форма без а‑ можа тлумачыцца ці непасрэдна ад кораня sek‑, ці як вынік усячэння пачатковага а‑ (Зубаты, Studie, II, 2, 108, лічыў, што гэта а‑ ўспрымалася як прэфікс, але ў гэтым няма неабходнасці: а‑ магло ўспрымацца і як пратэтычнае).

Асака́2 ў выразе «асакою лезці (скакаць) у вочы» (з варыянтамі: ас(в)ою, сляпіцаю) ’назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (Янк. БП, 396; Янк. БФ, 57). Магчыма, кантамінацыя слоў аса і асака, падмацаваная беларускімі экспрэсіўнымі ўтварэннямі на ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляпі́ць ’ствараць фігуры з пластычнага матэрыялу’, ’будаваць, майстраваць, карыстаючыся ліпкім, вязкім матэрыялам’, ’прыклейваць, прылепліваць’, ’з сілай ісці (пра мокры снег)’, ’рабіць соты’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Анох.; пух., паст., Сл. ПЗБ), лепі́ць ’тынкаваць’ (ТС), ляпі́цца ’прыляпляцца’, ’цесна прымыкаць’, ’лезці ў цеснату’, ’прыставаць’ (Нас., ТСБМ, ТС; іўеў., паст., Сл. ПЗБ). Укр. ліпи́ти, рус. лепи́ть, польск. lepić, н.-луж. lěpiś, в.-луж. lěpić, чэш. lepiti, славац. lepiť, славен. lẹpíti, серб.-харв. lijèpiti, ле́пити, макед. лепи(се), ляпи, балг. лепя, ст.-слав. при‑лѣпити. Прасл. lepiti () — каузатыў да lьpěti > ліпе́ць2 (гл.). Другая ступень чаргавання галоснай кораня — ліпкі, ліпнуць (Слаўскі, 4, 164; Фасмер, 2, 484). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. lēpayati, iimpáti ’ён мажа’, lipyatē ’прыліпае’, lēpas ’мазь’, répas ’пляма’, ст.-грэч. λίπος ’тлушч’, літ. lìpti ’прыклейвацца’, лат. lipt ’тс’, літ. каузатыў lipýti, лат. lipinât ’прыклейваць’, алб. laparós ’запэцканы’, гоц. bilaibjan ’пакідаць’, aflifnan ’заставацца’, ст.-в.-ням. laiba ’скарынка’, тахар. lip‑ ’тс’, хецк. lip‑ ’мажу’. І.‑е. *loip‑, *lep‑ (Міклашыч, 178; Бернекер, 1, 712; Траўтман, 161; Скок, 2, 297–298; Трубачоў, Ремесл. терм. 188; Эт. сл., 14, 217–219; Бязлай, 2, 134; БЕР, 3, 365–367).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валі́цца, валюся, валішся, валіцца; незак.

1. Падаць на зямлю, вывальвацца. [Сцяпан] ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Купала. Рукі.. [Зосіны] калаціліся, і лён валіўся на зямлю. Крапіва. // Падаць, трацячы апору; рушыцца. Валяцца дрэвы, зламаныя выбуховымі хвалямі. Мележ. Прыемна пазіраць, як кланяецца камбайну збажына, як планкі матавіла хапаюць сцябліны, і яны, падрэзаныя, валяцца на транспарцёр. Шамякін. // Хутка апускацца, лажыцца на што‑н. ад стомы, зморанасці. Ад рання да позняй ночы працавалі жанчыны, а потым валіліся на салому ў сваіх катухах. Маўр.

2. Схіляцца, нізка апускацца. [Габрусь:] — А дзе яна, сіла тая, калі ногі ледзь трымаюць, калі галава на грудзі валіцца? Шынклер.

3. Зал. да валіць (у 1, 2, 3 і 6 знач.).

•••

Ад (з) ветру валіцца — пра слабасільнага чалавека, які ледзь стаіць на нагах.

Валіцца з ног — падаць ад стомы, зморанасці, хваробы.

Валіцца з рук — а) аб нежаданне няўменні працаваць; аб адсутнасці зацікаўленасці ў працы; б) выпадаць з рук ад стомы, хвалявання. Матка яшчэ завіхалася, калі .. [Апейка] прыязджаў, бы і не чула стомы, а ў бацькі ўсё валілася з рук. Мележ.

З горла валіцца — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз горла валіцца — у вялікай колькасці, шмат.

Шапка валіцца гл. шапка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кардо́н 1, ‑у, м.

1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.

2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.

[Іт. cartone.]

кардо́н 2, ‑а, м.

1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.

2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.

3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.

[Фр. cardon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. □ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.

3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.

4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)