валіцца, валюся, валішся, валіцца; незак.
1. Падаць на зямлю, вывальвацца. [Сцяпан] ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Купала. Рукі.. [Зосіны] калаціліся, і лён валіўся на зямлю. Крапіва. // Падаць, трацячы апору; рушыцца. Валяцца дрэвы, зламаныя выбуховымі хвалямі. Мележ. Прыемна пазіраць, як кланяецца камбайну збажына, як планкі матавіла хапаюць сцябліны, і яны, падрэзаныя, валяцца на транспарцёр. Шамякін. // Хутка апускацца, лажыцца на што‑н. ад стомы, зморанасці. Ад рання да позняй ночы працавалі жанчыны, а потым валіліся на салому ў сваіх катухах. Маўр.
2. Схіляцца, нізка апускацца. [Габрусь:] — А дзе яна, сіла тая, калі ногі ледзь трымаюць, калі галава на грудзі валіцца? Шынклер.
3. Зал. да валіць (у 1, 2, 3 і 6 знач.).
•••
Ад (з) ветру валіцца — пра слабасільнага чалавека, які ледзь стаіць на нагах.
Валіцца з ног — падаць ад стомы, зморанасці, хваробы.
Валіцца з рук — а) аб нежаданне няўменні працаваць; аб адсутнасці зацікаўленасці ў працы; б) выпадаць з рук ад стомы, хвалявання. Матка яшчэ завіхалася, калі .. [Апейка] прыязджаў, бы і не чула стомы, а ў бацькі ўсё валілася з рук. Мележ.
З горла валіцца — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).
Цераз горла валіцца — у вялікай колькасці, шмат.
Шапка валіцца гл. шапка.