сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́ць, цягну́, ця́гнеш, ця́гне; цягні; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго-н., перамяшчаць, набліжаць да сябе што-н. з сілай, намаганнем.

Ц. канат.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы.

Два паравозы цягнулі таварны састаў.

Ц. цяля на вяроўцы.

3. перан., каго-што. Браць з сабой без патрэбы.

Ц. дзяцей з сабой.

4. каго. Прымушаць ці пераконваць ісці куды-н.

Ц. у кіно.

5. што. Падаўжаць расцягваннем; вырабляць, апрацоўваць, выцягваючы (спец.).

Ц. дрот.

Металы можна гнуць, каваць і ц.

6. каго-што. Несці што-н. цяжкае або ў вялікай колькасці (разм.).

Ц. мех на плячах.

7. што. Выцягваць, здабываць, браць.

Ваду цягнулі з возера па трубах.

8. што. Уцягваць у сябе, убіраць, усмоктваць; піць павольна.

Расліны цягнуць з глебы пажыўныя рэчывы.

Дзіця цягнула праз соску малако з бутэлькі.

9. каго-што. Уцягваць, прыцягваць.

Плыўца цягнула (безас.) у вір.

10. каго-што. Тузаць, торгаць.

Ц. за рукаў.

Ц. за касу.

Нагу цягне (безас.).

11. каго-што. Вабіць да каго-, чаго-н., куды-н.

Цягне ў лес.

Яго цягнула (безас.) да гаспадаркі.

12. безас., каго-што. Адчуваць патрэбу ў чым-н. (пра фізічны, псіхічны стан).

Цягне на сон.

Ц. на сур’ёзную размову.

13. перан., што. Патрабаваць, вымагаць (грошы, падарункі і пад.; разм.).

14. што. Ісці, рухацца ў пэўным парадку.

Высока ў небе цягнуць клін жураўлі.

15. безас., чым. Веяць, дзьмуць (пра паветра, вецер, холад і пад.).

Ад ракі цягнула вільгаццю.

Цягне з акна.

16. што і без дап. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым-н.

Ц. пошукі.

Ц. справу.

17. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць, мець што-н. вынікам.

Злачынства цягне за сабой пакаранне.

18. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад.

Ц. песню.

Ц. гаворку.

За вушы цягнуць каго (разм.) — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што-н. рабіць.

Цягнуць адну і тую ж песню (разм., неадабр.) — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку (разм., неадабр.) — марудзіць з ажыццяўленнем чаго-н.

Цягнуць воз (разм.) — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго (разм., неадабр.) — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за язык каго (разм.) — прымушаць расказваць што-н.

Цягнуць каніцель (разм., неадабр.) —

1) рабіць, гаварыць і пад. што-н. аднастайна, нудна;

2) марудзіць, зацягваць якую-н. справу.

Цягнуць ката за хвост (разм., неадабр.) — нудна, наўмысна павольна гаварыць што-н.

Цягнуць лямку (разм.) — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць рызіну (разм., неадабр.) — адцягваць, адкладваць якую-н. справу, работу надаўжэй; марудліва, павольна рабіць што-н.

Цягнуць ярмо (разм.) — бесперапынна і цяжка працаваць.

|| зак. пацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хоць, злучн. і часціца.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Скуратовіч дачытаў ліст да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку. Чорны. Хоць лютуе люта люты — Неба ясніцца вакол. Янішчыц. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў «а», «але», «ды», «аднак», «затое», «усё ж», «тым не менш (меней)» у галоўным сказе. Хоць быў ужо канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Хоць войт і меў прыяцеляў у асобах Бруя і Біркі і начальніцкае падтрыманне з боку пана Крулеўскага, тым не меней ён часамі адчуваў сваю адзіноту і адарванасць ад грамады. Колас. // Далучае ўступальныя звароты. [Уладзік] зняў з ног добрыя яшчэ, хоць з латкамі на насках, боты і на вачах у мамы і Волькі паадбіваў матыкай абцасы, падэшвы і шпурнуў іх пад мяжу. Пальчэўскі. // Ужываецца ў простых сказах з аднароднымі членамі перад словам або групай слоў з уступальным значэннем. Конік яго [Янкаў] хоць і невялікі, але рухавы і на яду непераборлівы. Крапіва. Хоць рэдка, ды метка. Прыказка.

2. злучн. уступальны (звычайна ў спалучэнні з заг. ладам або інф.). Ужываецца ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго‑н., магчымасць якога‑н. выніку. Усім такіх высокіх заробкаў не дадуць, хоць са скуры вылазь. Мыслівец. Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі.. сакваяжы. Караткевіч. [Скуратовіч:] — Бацька.. [пастушка] рад — хоць крыху малы зарабіць. Чорны. // Далучае самастойныя сказы пры ўступальным супастаўленні. [Пятро:] — Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. Шамякін.

3. злучн. уступальны. Ужываецца пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем. Хоць з ім, хоць без яго. Хоць так, хоць гэтак — ім усё роўна.

4. злучн. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым». Ведае, хоць не прызнаецца. □ — У Чаромушкі, — сказаў Андрэй шафёру. — Хоць не, спачатку паедзем на Беларускі вакзал. Васілёнак.

5. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Ужываецца ў значэнні: самае меншае, ва ўсякім выпадку. Я хачу хоць прыблізна знайсці тую мясціну і стараюся ва ўяўленні аднавіць вуліцу. Скрыган.

6. часціца ўзмацняльна-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «бы»). Ужываецца ў значэнні: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі. Хоць бы глянуць адзін момант На яго [сына], здаецца! Горка беднай, цяжка матцы, Сэрца яе рвецца. Колас. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў.

7. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў значэнні: нават, няхай нават. А разведчыкі ўсё пыталіся [у Сцяпана]: «Ну, калі ты прыдзеш са сваім войскам? Многія ўжо гатовы хоць зараз ісці на паноў...» Пестрак. [Стары:] — Я дажыву сваё і там, хоць у чужых людзей. Кулакоўскі.

8. часціца вылучальная. Ужываецца ў значэнні: напрыклад. — А як жа цябе хоць зваць? — пытаецца Янка. Якімовіч.

9. часціца ўзмацняльная (у спалучэнні з неазначальнымі займ. і прысл.). Ужываецца ў азначальным значэнні: любы, усякі, у любое месца, у любы час. Я цябе хоць дзе знайду.

•••

Мокры, хоць выкруці гл. мокры.

Хоць адбаўляй гл. адбаўляць.

Хоць бы і так гл. так.

Хоць бы (сабе) — тое, што і хоць (у 8 знач.). [Вера:] Ідзіце лепш пачытайце, што тут пра вас пішуць. Ды вось, хоць бы гэты абзац прачытайце. Крапіва. [Антось:] — Возьмем хоць сабе і майго [сына] — зусім ад рук адбіўся. Машара.

Хоць бы што гл. што ​1.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.

(Цёмна) хоць вока выкалі гл. выкапаць.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць воўкам вый (завый) гл. выць.

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.

Хоць гвалт (каравул) крычы гл. крычаць.

Хоць граблямі (лапатай) заграбай гл. заграбаць.

Хоць забі гл. забіць.

Хоць заваліся гл. заваліцца.

Хоць закачайся гл. закачацца ​2.

Хоць заліся гл. заліцца ​1.

Хоць залюбуйся гл. залюбавацца.

Хоць зарэж(це) гл. зарэзаць.

Хоць з ветрам пусці гл. пусціць.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Хоць касой касі гл. касіць ​1.

Хоць кол на галаве чашы гл. часаць ​2.

Хоць кроў з носа гл. кроў.

Хоць круць-верць, хоць верць-круць гл. круць-верць.

Хоць куды гл. куды.

Хоць мак сёй гл. сеяць.

Хоць памры гл. памерці.

Хоць пуп развяжа гл. развязаць.

Хоць разарвіся гл. разарвецца.

Хоць расперажыся гл. расперазацца.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Хоць рэпу сёй гл. сеяць.

Хоць тапор вешай гл. вешаць.

Хоць (ты) вушы затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) да раны (у вуха) кладзі гл. класці.

Хоць (ты) кінь гл. кінуць.

Хоць (ты) махалам махай гл. махаць.

Хоць (ты) нос затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) у вочы плюнь гл. плюнуць.

Хоць у вір галавою гл. вір.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі гл. класці.

Хоць у жмуркі гуляй гл. гуляць.

Хоць у лоб страляй гл. страляць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Якому не ўласціва паблажлівасць да сябе і іншых; цвёрды, непахісны. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка. «Да цябе я, можа, і не была б такая суровая», — трошкі змякчылася Надзя. Кулакоўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Суровы характар. □ На важнай рабоце не спаў ён дзве ночы — зліпаюцца вочы, суровыя вочы. Вялюгін. // Поўны цвёрдасці, непахіснасці. Кожная складка сухога, старэчага твару поўнілася суровай рашучасцю. Лынькоў. На крутых узбярэжжах стаяць курганы У глыбокім, суровым маўчанні. Грахоўскі. На гэты раз Уля не разгубілася пад суровым бацькавым позіркам. Паўлаў. // Прасякнуты сур’ёзнасцю, непахіснасцю, строгасцю. І толькі задымленых танкаў маторы Суровы складалі аб воіне сказ. Кірэенка. І ён [лес], як я, суровым спевам Над краем помстаю гудзе. Астрэйка. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // перан. Які робіць уражанне змрочнасці, хмурнасці (сваім выглядам, колерам і пад.). Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. Лес, які абступаў лугавіну, пачаў злівацца ў адну суцэльную масу, стаў суровым, непрыступным. Ставер.

2. Які не дапускае ніякіх паслабленняў, паблажак; вельмі строгі. Суровая дысцыпліна. □ [Лясніцкі:] — Адразу ўсё стала ясным, зразумелым. Што рабіць, чаго чакаць... І пайшло ў нас уладкаванае жыццё па суровых законах ваеннага часу. Шамякін. Дружба народаў, якая выкавана ленінскай партыяй, вытрымала суровую праверку і яшчэ больш загартавалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Звязда». // Бязлітасны, жорсткі (пра меры пакарання, уздзеяння і пад.). [Саламея] патрабаваў прыняць да парушальніка самыя суровыя меры. Алешка. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас. // Бязлітасны, цяжкі па сваёй непазбежнасці, справядлівасці і пад. Суровая неабходнасць. □ Ліда сумелася. Яна не чакала такіх суровых слоў. Колас. Першы раз у сваім жыцці жанчына атрымала такі суровы ўрок. Кулакоўскі.

3. Вельмі цяжкі, невыносны, поўны выпрабаванняў, цяжкасцей. У час суровы, у дні вайны Тут ракаталі грозна сосны, сваіх братоў хавалі сёстры У час суровы, у дні вайны. Кляўко. Маршыруй, пакаленне!.. Самой гісторыяй наканавана табе суровая дарога. Навуменка. Не зналі бацькоўскіх пяшчот, Суровая праца расціла І ў свет хараства і турбот Нам рана вароты адкрыла. А. Александровіч. // Які выклікае цяжкае пачуццё. Паэт здолеў намаляваць праўдзівыя і суровыя карціны жыцця прыгонных сялян — з аднаго боку, і паказаць неабмежаваную ўладу над імі князя — з другога. Шкраба.

4. Неспрыяльны для жыцця, існавання. Суровы клімат. □ О, край суровы! Дзікія лагчыны Спяць сны аб гулкай сонечнай вясне. Звонак. // Халодны, марозны. Суровая зіма. □ Зімой суровыя завеі наляталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упусці́ць, упушчу, упусціш, упусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць увайсці, уехаць куды‑н. Гаспадыня бразнула крукам і ўпусціла Рыгора ў кватэру. Гартны. Сярод.. [вайсковых] Паходня пазнаў і малодшага лейтэнанта, які ўпусціў у вагон пасажыраў з тамбура. Хадкевіч. Дайсці да.. [інжынера] Лабановічу ўдалося толькі ў другую палавіну дня, і ўпусцілі яго ў кабінет інжынера не адразу. Колас. // Пусціць у шкоду (у пасевы, сенажаць і пад.). — Упусціш [гусей] у гарод, паскамі адсцябаю, як вярнуся, — паказвае маці сыну, адыходзячы на працу ў калгас. Пальчэўскі. Каб старшыня не нарваўся — сам Чэсік баіцца гэтага больш за Мікодыма. Баіцца, што старшыня будзе сварыцца на іх за тое, што ўпусцілі кароў у сенакос. Васілевіч. // Даць пранікнуць куды‑н. Упусціць пару ў трубы. Упусціць холад у хату. □ У цвёрды грунт, у шчыліны сцяны, Дзе не магло да гэтага расці нічога, Яна [галінка вішняку] свае ўпусціла карані. Танк. // Ка́паючы, уліць у што‑н. [Фельчар] наліў у лыжку вады, упусціў туды некалькі кропель з маленькай пляшачкі. Кулакоўскі.

2. што. Не ўтрымаць у руках. Прыёмшчык пабялеў і ўпусціў з рук аловак. Няхай. Валя так задумалася, што зусім забылася, што трымае ў руцэ шклянку з недапітым чаем, і ўпусціла яе. Шамякін. / у перан. ужыв. Чую песні стыхіі-разводдзя, Не стрымаць твае вольнае плыні! Упусціла старое паводдзе, Калі вір маладога нахлынуў. Трус.

3. каго. Па недагляду, непаваротлівасці і пад. даць магчымасць каму‑н. уцячы, схавацца. Надзя абмацала ў кішэні дзве лімонкі. Хопіць. Галоўнае, каб гаспадар не ўцёк, каб не ўпусціць яго. Бураўкін. На двары Данілаў падбег да Валодзі і сказаў, што трэба дзейнічаць хутчэй, бо каменданта ён упусціў. Федасеенка. // чаго. Не заўважыўшы, прапусціць, не адзначыць што‑н. Па дарозе назад я праглядваў свае накіды, ці не ўпусціў чаго. Кірэйчык.

4. перан.; што. Не здолець своечасова выкарыстаць спрыяльныя абставіны. Стары.. хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. «І вось, папалася прыгожая, — з крыўдаю на сябе падумала тады Паліна. — Як жа гэта я ўпусціла зручны момант?..» Кавалёў. // Страціць што‑н. Дзяўчаты імкнуліся не ўпусціць першынство. Шчарбатаў. Ім [хлопцам] крыўдна, што дзесьці хадзілі, Што дзесь сустракалі зару, А блізкае шчасце ўпусцілі. Ляпёшкін. — Прыжымісты, — гаварылі пра.. [Міколу] хлопцы. — Гэты свайго не ўпусціць. Навуменка. // Не здолець утрымаць каго‑н. Косцік бачыў, што натрапіў на купца, што гэта дзяўчына можа купіць туфлі. Упусціць яе — ці знойдзецца хто іншы? Арабей.

5. што. Уставіць у выразанае, паглыбленае месца. Упусціць замок у дзверы.

•••

Упусціць з-пад увагі — тое, што і выпусціць з-пад увагі (гл. выпусціць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́на1 ’частка нагі, дзе злучаюцца бядровыя і галёначныя косці; месца згібу нагі’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., КЭС; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Сержп. Грам., Радч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. МГ, ТС, Шат., Яруш.), ’частка адзення, якая прыкрывае гэту частку нагі’ (ТСБМ, Нас.), калені ’нага ад каленнага сустава да таза’ (ТСБМ), ’сустаў пальца рукі’ (Сл. паўн.-зах.), ’вугал згібу, павароту ракі’ (ТСБМ; віц., Нар. сл.; ТС, Яшк.), ’лука’ (Сл. паўн.-зах.; дэфініцыя выклікае сумненне, параўн. ілюстрацыю: «Калена ля ракі, там коні ходзяць», с. 373, відавочна, што тут хутчэй ’паварот’, ’месца на павароце’), ’вір, глыбокае месца на павароце ракі’ (там жа), ’патаўшчэнне на чароціне ці саломіне’ (КЭС, лаг., Мат. Гом., Сцяшк. МГ), каленца ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), каленка ’тс’ (Нас.), ’сустаў на пальцы рукі’ (рас., Шатал.), калена ’асобная частка, закончаны матыў у музычным творы’ (ТСБМ, Шат.), ’фігура кадрылі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’пакаленне ў радаслоўнай’ (ТСБМ), ’род, саслоўе’ (Сл. паўн.-зах.). Сюды таксама выразы лысы, як калена (Сл. паўн.-зах.), даць каленца ’ўдарыць каленам ззаду’, сесці на каленцах ’сесці, сагнуўшы ногі ў каленях’ (ТС). Укр. коліно ’каленны сустаў’, ’род’, ’пакаленне’, ’згіб (ракі і да т. п.)’, ’пераход голаса ў песні’, харк. колінце ’патаўшчэнне, каленца ў сцябліне’, у лемкаў яшчэ колінця ’суставы пальцаў’, звяртае на сябе ўвагу і колінчити ’біць (каленам?), рус. смал. коленки ’патаўшчэнні саломіны’, арханг. коленко ’каленца, згіб’, літар. і дыял. колено ’каленны сустаў’, ’паварот ракі і да т. п.’, як спецыфічна дыялектныя СРНГ адзначае ’змяненне матыву, пераход (у песні), куплет; асобная частка ў танцы «лайце»’, ’сям’я, род’. Зах.-слав.: польск. kolano ’каленны сустаў’, ’паварот ракі’, ’згіб грубы’, ’каленца ў сцябліне травы’ (звычайна kolanko, з XVI ст.; Слаўскі (2, 342) звяртае ўвагу па дакладны семантычны адпаведнік у лац. мове: geniculum ’тс’, genú ’калена’ і літ.: kelùkas ’каленца’, kelỹs ’калена’), н.-луж. kóleno ’каленны сустаў’, в.-луж. koleno ’тс’, ’згіб’, палаб. tʼülʼón ’каленны сустаў’, чэш. koleno ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’каленца (саломіны)’, ’пакаленне, род’, славац. koleno (у падобных значэннях), славен. kolę́no ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’пакаленне’, ’каленца (саломіны)’, серб.-харв. ко̀лено ’каленны сустаў’, ’род, пакаленне’, ’парод’, ёсць і значэнне, адэкватнае рус. колено жаночае і мужчынскае ’пол, жаночае і мужчынскае пакаленне’, ’каленца (у саломіне)’ koljence, макед. колено ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’род’, ’пакаленне’, коленце ’згіб’, балг. коляно ’каленны сустаў’, ’род’, ’абшчына’, ’патоўшчаная частка сцябліны’, дыял. коленце ’каленца (у саломіне)’. Слав. адпаведнікі дазваляюць рэканструяваць прасл. kolěno, наконт значэння цяжка меркаваць, якія з прыведзеных славянскіх сапраўды даўнія, якія вынік натуральнага развіцця значэння. Даўнія семантычныя паралелі (лац. genu ’каленны сустаў’ і ’род, племя’, адпаведна с.-грэч. γόνυ и γένος) дазваляюць сцвярджаць, што такое значэнне можа быць старым. Што датычыць словаўтварэння, відаць, можна выдзеліць суфікс ‑ěno (Слаўскі, 2, 342, прыводзіць як структурны адпаведнік прасл. polěno і як паралель да kolěno літ. kelénas ’калена’). Аснову слав. лексемы параўноўваюць з літ. kelỹs ’калена’, лат. celis ’тс’. Не выключана, што з іншых і.-е. адпаведнікаў сюды сапраўды адносіцца грэч. κῶλον ’член’, κωλήν ’сцегнавая косць; плечавая косць’, κώληψ ’каленны сустаў’ гл. Слаўскі, там жа; Фасмер, 2, 289. Далей сюды ж адносяць і член (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодиться ’вазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламутвір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труба́1 ‘доўгі, пусты ў сярэдзіне, прадмет круглага сячэння’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сцяшк.), у тым ліку назвы канкрэтных прадметаў такой формы: ‘драўляны або духавы медны інструмент з раструбам на канцы’ (ТСБМ, Варл., Ян., Касп., ТС, Вруб., Пятк. 2, Сержп. Прымхі; ашм., Стан.), ‘цэментаваны абруч у калодзежы’ (Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ), ‘сувой палатна або скрутак іншых матэрыялаў’ (мсцісл., дзятл., Жыв. сл., Брасл. сл., Варл.; талач., клец., ЖНС; ваўк., маг., чэрык., ЛА, 4; шальч., Сл. ПЗБ), пераносна таксама ‘абжора’ (Нас., ТС; клец. Бел. дыял. 3, Сцяц.), ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), памянш. тру́бка, трубачка; акрамя назваў розных прыбораў і прыстасаванняў цыліндрычнай формы таксама ‘люлька’ (Бяльк.), ‘горла (дыхальнае)’ (Бяльк., Мат. Гом.), ‘калодка ў коле’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Ласт., Касп., Мат. Гом.; лаг., мёрск., в.-дзв., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), ‘вузкая рыбацкая лодачка’ (Касп.), ‘кулёк’ (ТС), ‘месца ў сцябле, адкуль выплывае колас’ (петрык., Шатал.), ‘ражок паляўнічага; лігаўка’ (Касп., Мат., Бес.; краснап., Яшк.), ‘цвёрдая частка пяра’ (брагін., Шатал.; ст.-дар., рэч., калінк., ЛА, 1), ‘жалезны шпень з адтулінай (у калаўроце)’ (в.-дзв., Шатал.), тру́бкі ‘адросткі пер’яў пасля лінькі’ (ст.-дар., ЛА, 1), ст.-бел. труба ‘доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет круглага сячэння’, ‘музычны інструмент’, перан. ‘выразнік ідэй’ (ГСБМ), ‘адзінка колькасці тканіны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. тру́ба, труба́ ‘доўгі пусты прадмет’, ‘капец, загібель’, ‘комін’, тру́бка ‘назва розных прадметаў, прыстасаванняў у форме трубы’, ‘сцябло злакаў’, рус. труба́ ‘дудка, кішка, вузкі рукаў з цвёрдага матэрыялу, пусты ў сярэдзіне, адкрыты з канцоў’, ‘комін’, ‘рэчышча’, ‘паветраная труба’, ‘зруб калодзежа’, рус. астрах. ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’, ‘скрутак палатна’, ‘натоўп людзей’, польск. trąba ‘від духавога інструмента’, ‘віхравы рух паветра’, ‘хобат (слана)’, ‘комін’, ‘адмысловы скрутак ільну ці пачасся, прыгатаваны для прадзення’, каш. trǫba ‘тс’, ‘калодка ў коле’, н.-луж. tšuba ‘комін’, tšubka ‘дудка’, в.-луж. truba ‘скрутак, рулон’, ‘комін’, ‘труба (музычная)’, trubka ‘люлька’, ‘трубачка’, чэш. trouba ‘духоўка, печ’, ‘вадаправодная труба’, ‘ражок пастуха’, славац. trúba ‘музычны інструмент’, ‘ражок, дудка’, ‘духоўка’, славен. tróba ‘труба’, ‘муфта’, ‘духавы інструмент’, ‘смерч’, серб. тру́ба ‘горн’, ‘клаксон’, ‘скрутак (палатна)’, харв. trúba, trûblja ‘тс’, ‘дудка’, макед. траба ‘скрутак матэрыі’, дыял. трамба ‘духавы інструмент’, тромба ‘сувой’, балг. тръба́ ‘труба’, ‘рулон матэрыі’, ст.-слав. трѫба ‘духавы музычны інструмент, ражок’. Прасл. *trǫba з першасным значэннем ‘духавы музычны інструмент’ запазычана, відаць, са ст.-в.-ням. trumba ‘труба’, trumpa ‘барабан’, ‘духавая труба’ альбо з раманскіх моў, параўн. с.-лац. trumba ‘тс’ (Фасмер, 4, 109; Борысь, 641; Сной₂, 785). Менш верагодным з’яўляецца гукапераймальнае ўтварэнне ў славянскіх мовах незалежна ад германскіх моў (Младэнаў, 642; Мацэнаўэр, Cizí sl., 85; Скок, 3, 513). Значэнні: ‘комін’, ‘скрутак’, ‘паветраны вір’ — другасныя (Борысь, 641). Спецыфічнае значэнне захавалася ў венг. toromba ‘пук саломы’ (1463 г.) < слав. *trǫba (Хелімскі, Слав. языкозн. X, 349), што адпавядае гродз. haroch u̯jecścia u̯ try truby (Федар. 5, 701), гл. трубой. Паўднёваславянскія словы, аднак, маглі быць запазычаны з італ. tromba (Махэк₂, 653). Сюды ж трубаку́р ‘заўзяты курэц’ (Некр.), труба́ч ‘выканаўца ігры на трубе’ (Некр. і Байк.): ст.-бел. певци и трубачи близу его (Сл. Скар.), трубачы́сты ‘камінар’ (Сцяшк.), трубі́ла, трубі́ло ‘надакучлівы чалавек’ (Нас., Янк. 3.), ‘чалавек з гучным голасам’ (Юрч. Вытв.), ‘абжора’ (Нас., Юрч. Вытв.), трубі́на неадабр. ‘нягодны чалавек’ (віл., Сл. ПЗБ), тру́бі́на ‘скрутак’ (Рэг. сл. Віц.), трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых’ (ТСБМ), трубча́сты, трубкава́ты ‘які мае форму трубак’ (ТСБМ), трубі́ць ‘дзьмуць у трубу, прымушаючы яе гучаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прык., Яўс., Янк. 2, 3; ТС; паст., віл., Сл. ПЗБ), ‘сігналіць, гукамі падаваць сігнал’ (ТСБМ, Сцяц., ТС, Скарбы), экспр. ‘плакаць’ (Яўс., Янк. 2, Янк. 3., Кольб.), ‘голасна размаўляць’, ‘кракаць (пра качак)’ (пух., Сл. ПЗБ), трубі́ті ‘квакаць (аб жабах)’ (ДАБМ, камент., 895), ‘прагна і шмат есці’ (ТСБМ, Нас., Сцяц., Мат. Маг., Яўс., ТС, Янк. 2, Федар. 7; слонім., мёрск., Нар. лекс.), ‘піць, ссаць’ (ТС), ‘гаварыць не слухаючы’, ‘весці пустыя размовы’ (Нас., Бяльк.), ‘разносіць па людзях чуткі’ (ТСБМ, Янк. 2), трубле́ньне ‘дудзенне ў трубу’ (Юрч. Вытв.), трубы́ты ‘жэрці’ (пін., Жыв. сл.).

Труба́2 ‘хвост лісы (паляўнічы жаргон)’ (ТСБМ, Сцяшк.), рус. труба́ ‘тс’. У выніку пераносу значэння паводле падабенства. Параўн. выраз разм. трымаць хвост трубой ‘быць актыўным, быць у добрым настроі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)