шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.

2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Траві́ць1 ’засвойваць у працэсе стрававання, ператраўліваць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб.), ’карміць’ (Сцяшк. Сл.), ’харчавацца, есці’ (Хрэст, дыял.), ’спажываць’ (ТС), тра́віць ’ператраўляць (пра страўнік)’ (Нас.). Укр. трави́ти, дыял. трови́ти ’тс’, польск. trawić, чэш. tráviti ’ператраўляць ежу’, ’праводзіць час’, славац. tráviť ’тс’, серб. тра́вити ’карміць травой’, ’засяваць травой’, ст.-слав. травити ’жэрці’, натроути ’накарміць’. Прасл. *traviti < *truti, trovešь (параўн. мар. truju < trutʼ ’ператраўляць (пра страўнік)’, славац. trova ’выдаткі’) выступае ў славянскіх мовах у ступенях: *tru‑, *trov‑, *trav‑ (апошняя — з *‑ō‑), а таксама *trū‑, параўн. серб.-ц.-слав. трыти, трыѩ, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. растръва ’страта, згуба’, ’пагібель’, троути ’вынішчаць’ з багатым наборам значэнняў — да ’атручваць’ (Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650). Роднасныя: ст.-грэч. τρώω ’раню’, τρΰω ’знішчаю, свідрую’, ’выводжу’, ст.-в.-ням. drawa ’пагроза’, англ.-сакс. đréa ’тс’, ’кара’. Сной₂ (778) дапускае дзве і.-е. асновы для разглядаемай лексемы: 1) і.-е. *treu̯H‑ ’раздрабляць, раскрышваць, малоць, спажываць, расходаваць’: ст.-грэч. τρῶμα, τραῦμα ’рана’, вал. taraw ’таўчы, біць’, с.-брэтонск. tarauat ’працерці’, літ. trunýti ’гніць, тлець’; 2) і.-е. аснова *trōu̯ah2, *treu̯ah2, якая з і.-е. *(s)ter‑, — з апошняй выводзіцца ст.-інд. tṛ́ḥa ’трава’, прасл. *tьrnъ > бел. цёрн. Сюды ж траўленне ’страваванне’, траве́нье ’кармленне’ (ТС); траві͡енё ’ператраўліванне, засвойванне’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое з польск. trawienie (Сл. ПЗБ, 5, 111).

Траві́ць2 ’таптаць лугі, з’ядаць пасевы; рабіць патраву’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сержп. Прык.): козамі сена травіць (Пятк. 2), тра́віць ’тс’, ’нацкоўваць сабак на коз і свіней, каб не пустошылі агароды’ (Нас.). Укр. трави́ти ’рабіць патраву’, дыял. трови́ти ’выпасаць, травіць траву на корані’, рус. трави́ть ’псаваць, пашкоджваць, нішчыць, спустошваць, разбураць’, польск. trawić ’тс’, ’марнатравіць’, ’выдаткаваць’, ’паліць, спальваць’. Прасл. (паўночнае) *traviti ’нішчыць, выдаткоўваць’ (Борысь, 640). Да травіць1 (гл.). Сюды ж траві́цьапрацоўваць паверхню чаго-небудзь кіслатой або іншымі рэчывамі’ (ТСБМ), ’атручваць каларадскіх жукоў’ (Ян.), ’труціць, атручваць’ (ТС; віл., Сл. ПЗБ), траві́тісе ’труціцца’ (беласт., Сл. ПЗБ).

Траві́ць3 ’паволі, патроху адпускаць ліну, снасць, аслабляючы нацяжэнне’ (ТСБМ). Відавочна, з рус. трави́ть (снасть, канат) ’тс’.

Траві́ць4 пытраві́ць палоскуапрацоўваць зямлю плугам трэці раз, пасля баранавання’ (бабр., ЛА, 2). Да траі́ць, трайні́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стро́іць ‘рабіць, майстраваць’, ‘намячаць, накідваць (планы, здагадкі і інш.)’, ‘ставіць у строй’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘рыхтаваць, ладкаваць’ (ТС, Ян.; ваўк., Сл. ПЗБ), ‘будаваць’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.; в.-дзв., паст., брасл., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рамантаваць’ (астрав., Сл. ПЗБ; Ян.), ‘спраўляць (свята, вяселле)’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ‘ставіць (пра спектаклі)’ (паст., Сл. ПЗБ), стро́іцца ‘збірацца, імкнуцца што-небудзь рабіць’ (ТСБМ), ‘упраўляцца па гаспадарцы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. стро́їти ‘прыбіраць; ладзіць’, рус. стро́ить ‘будаваць, састаўляць, рабіць’, стараж.-рус. строити, польск. strojić ‘прыгожа апранаць; рыхтаваць, ладзіць’, в.-луж. trojić, н.-луж. tšojś ‘рыхтаваць; будаваць’, чэш. strojiti ‘рыхтаваць; гатаваць; прыгожа апранаць’, серб.-харв. стро̀јити ‘кастрыраваць; дубіць’, славен. strojítiапрацоўваць (дубіць) сырую скуру’, балг. строя́ ‘будаваць’, макед. строи ‘будаваць; настройваць’, ст.-слав. строити ‘рыхтаваць, ладзіць’. Прасл. *strojiti — дэрыват ад *strojь (гл. строй1), гл. Фасмер, 3, 780; Сной₁, 615; Борысь, 580. Сюды ж стро́йка ‘будоўля’ (Сцяшк.), страе́нне ‘будынкі; хата з прыбудовамі’ (Янк. 1, Жд. 3), якія, відаць, уяўляюць сучасныя запазычанні з рус. стро́йка і строе́ние ‘тс’, як і само значэнне ‘будаваць’ у дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тачы́ць1 ’вастрыць, завострываць’, ’вырабляць што-небудзь на такарным станку’, ’дзіравіць, пашкоджваць (пра насякомых, грызуноў; пра дзеянне вады, ветру)’; ’неадступна мучыць, пазбаўляць сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’вастрыць’, ’рыць; грызці’ (Сл. ПЗБ), ’вастрыць’ (Бяльк.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.), ’дзіравіць, прагрызаць’ (Нас.), ’наточваць’ (Ласт.), точы́ць ’грызці, рыць; усоўваць’ (ТС), точы́ть ’вастрыць’ (Вруб.); сюды ж тачы́цца ’лезці, рабіць хады’ (Федар. 4), точы́цца ’лезці, чапляцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’вастрыць; апрацоўваць’, ’грызці, праядаць’; ’пазбаўляць сіл, здароўя’, рус. точи́тъ ’вастрыць; грызці’, стараж.-рус. точити ’праядаць’, польск. toczyć ’вастрыць’, в.-луж. točić ’вастрыць; грызці’, н.-луж. tocyś ’тс’, чэш. točit ’вастрыць, выточваць’, славац. točiť ’тс’, серб.-харв. то̀чити ’вастрыць; грызці’, балг. то́ча ’вастрыць’, макед. точи ’тс’. З прасл. *točiti ’вастрыць, абточваць’, якое звязана з *točiti ’гнаць, прымушаць бегчы’ > ’абточваць, паварочваючы’. З падобным развіццём семантыкі літ. tekė́ti ’бегчы’ і ’вастрыць’ (Брукнер, бі). Славянскія словы збліжалі з арм. tʼekʼem ’кручу, пляту, намотваю’, лац. texere ’ткаць, плесці’ (ЕСУМ, 5, бі 1; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638).

Тачы́ць2 ’наліваць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, цадзіць’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. точити ’выдзяляць, раздаваць’, ’рассыпаць’, войну точити ’ваяваць’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж тачы́ць вайну́ ’сварыцца, вадзіцца’ (Сл. ПЗБ), тачы́цца ’ліцца, вылівацца’ (Байк. і Некр.), ’ліцца; сыпацца патрохі’ (Нас., Стан.), ’працякаць’ (Ян.), ’паўзці, імкліва пранікаць’: мухі ў хату точуцца (в.-дзв., Сл. ПЗБ), вада точыцца (ашм., Сл. ПЗБ), ’рухацца, перамяшчацца’: рак точыцца назат (гродз., Сл. ПЗБ), точы́цца ’сачыцца’ (ТС). Укр. точи́ти ’ліць, выпускаць (вадкасць), цадзіць’, точи́тися ’цячы, выцякаць’, рус. точи́ть ’выпускаць (вадкасць)’, стараж.-рус. точи́ти ’выдзяляць вільгаць; праліваць’, польск. toczyć ’разліваць’, чэш. točiti ’ліць, цадзіць’, славац. točiť ’цадзіць, наліваць’, славен. točiti ’ліць’, серб.-харв. то̀чити ’наліваць, ліць; цячы, ліцца’, балг. точа ’цадзіць, наліваць, разліваць’, макед. точи ’тс’, ст.-слав. точити ’выпускаць (вадкасць); гнаць, пераследаваць’. З прасл. *točiti ’пускаць, бегчы, цячы; гнаць’, каўзатыва ад *tekti ’цячы’ (ЕСУМ, 5, 610; Чарных, 2, 254; Фасмер, 4, 90; Брукнер, 573; Голуб-Ліер, 478; Махэк₂, 637–638). Паводле Борыся (637), аднаго паходжання з папярэднім словам (гл.), пры гэтым прасл. *točiti мела агульнае значэнне ’рабіць так, каб нешта цякло, плыло’, ’перамяшчаць нешта, надаючы яму вярчэнне’, ’апрацоўваць прадмет, верцячы яго’. Параўн. і тачаць, гл.

Тачы́ць3 ’падаўжаць, сточваць адно з адным’ (калінк., Сл. ПЗБ), точы́ць ’тс’ (ТС). Гл. папярэдняе слова; у аснове значэнне ’круціць, віць’.

Тачы́ць4 ’расціраць, церці’: тачылі ягады на машынку (рагач., Сл. ПЗБ). Гл. тачы́ць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2–3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Варыць што‑н. у закрытай пасудзіне пры дапамозе пары. Маці капала на яду нейкае карэнне, таўкла, малола ў жорнах, парыла, варыла — уся сям’я глытала. Бядуля. — Во, гароху нашчыпаў, — паказваю адтапыраную кашулю, — у чыгунчыку будзем парыць. Бялевіч.

2. што. Апрацоўваць парай, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). Парыць бочку. □ [Ігнась] нагнуўся і абмацаў кучу камення. Іх падрыхтавалі на зіму парыць бялізну. Чарнышэвіч. // Праграваць парай, гарачай вадой з лячэбнымі мэтамі. Парыць ногі.

3. Апякаць, прыпякаць (пра што‑н. вельмі нагрэтае). Нагрэтыя, як у печы, тратуарныя пліты парылі ногі. Гартны.

4. каго. Разм. Вельмі цёпла апранаць. [Бацька:] — Што ў цябе за любоў да малых, — дзікая нейкая! Парыш, парыш іх .., а пасля — абы трошкі на холад, дык і гатова. Брыль.

5. што. Кіпяціць (пра малако). Паверыла старая. Прывезла малако і парыць пачала, Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан. // Заліваць кіпнем (зёлкі, траву і пад.) для атрымання адвару.

6. каго. Мыць у лазні з парай. Толькі што.. [Алеся] з гадзіну парылі ў самай гарачай пары, хвасталі венікам і аблівалі мятнай вадою. Караткевіч.

7. перан.; каго. Разм. Біць, лупцаваць.

8. безас. Пра вельмі гарачае вільготнае надвор’е. Увесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. На другі дзень пад поўдзень стала вельмі парыць. Мележ.

9. Вылучаць пару пад уздзеяннем цяпла. Было душна, парыла зямля, шчодра напоеная ўчарашнім дажджом. Шамякін.

•••

Парыць зямлю (косці) — не жыць, ляжаць у магіле.

пары́ць, ‑ры́ю, ‑ры́еш, ‑ры́е; зак., што.

1. Зрыць усё, многае (пра жывёл).

2. і без дап. Рыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залі́ць 1, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; пр. залі́ў, ‑ла́, ‑ло́; заг. залі́; зак., каго-што.

1. Пакрыць сабой, схаваць пад сабой (пра ваду і інш. вадкасці); затапіць (у 1 знач.). Нешырокая рэчка за вёскай выйшла з берагоў і заліла паплавы. Сіняўскі. — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўся Кашыцкую нізіну. Шамякін. // перан. Пакрыць, запоўніць сабой якую‑н. прастору. Бясконцая плынь дэманстрантаў заліла.. вуліцы. «Маладосць». // перан. Выступіць на паверхню (пра бледнасць, чырвань і пад.). Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца. Гарбук. // перан. Напоўніць, запоўніць (пра святло, пахі, гукі і пад.). Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч. Мяккае святло заліло пакой. Мікуліч. Пахам чыстым, пахам спелым Усе прасторы заліло. Хведаровіч. // перан. Авалодаць, захапіць (пра пачуцці). Грудзі заліла гарачая хваля нейкага невядомага, незразумелага пачуцця. Гамолка.

2. Абліць, абпэцкаць якой‑н. вадкасцю. Заліць сшытак чарнілам. □ — От малая! — гаворыць [Марылька] на Люсю. — Усю сукенку малаком заліла. Брыль.

3. Затушыць вадой. Коля Булкін.. моўчкі старанна заліў вадой вогнішчы. Жычка. Прыйшлося заліць дровы і расчыніць акно. Даніленка.

4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець. Заліць вуліцу асфальтам. Заліць човен смалою. Заліць каток. □ Дворык свой [Фёдар] заліў цэментам з раўчукамі для сцёку вады. Ракітны.

5. Уліць у што‑н. якую‑н. вадкасць. Заліць ваду ў радыятар.

•••

Заліць вочы — выпіць многа спіртнога.

Заліць гора — напіцца з гора.

Заліць за гальштук (за каўнер) — тое, што і залажыць за гальштук (гл. залежыць).

Заліць за скуру сала каму — прычыніць каму‑н. вялікае зло.

залі́ць 2, залю́, зо́ліш, зо́ліць; незак., што.

Спец. Апрацоўваць шкуры растворам вапны для выдалення шэрсці. Заліць шкуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запусці́ць 1, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. чым у каго-што. Кінуць з размаху. [Шаманскі] скамячыў снежку і запусціў у.. [Валянціну], знарок завысіўшы. Дуброўскі. Муляр схапіў камяк сухой вапны, крыкнуў і запусціў яго ў варону. Карпюк.

2. Прымусіць падняцца, узляцець. Запусціць змея. Запусціць штучны спадарожнік Зямлі. Запусціць ракету.

3. Прывесці ў дзеянне; пусціць. Запусціць станок. Запусціць матор. // Пачаць, наладзіць масавы выраб чаго‑н. Запусціць новую мадэль у вытворчасць.

4. Разм. Засунуць куды‑н. унутр; апусціць. [Віктар] ёмка прыладзіўся на галіне і запусціў у дупло руку. Маўр. Кожнаму, хто хацеў паласавацца мёдам, давалася права падысці да стала і запусціць у цёрла руку з кавалкам хлеба. Колас. // Усадзіць, уваткнуць у што‑н. Запусціць джала. □ Дзяцел заўзята супраціўляўся, і сычык, які запусціў яму ў спіну кіпцюры, не мог разлічваць на хуткую перамогу. Самусенка.

5. Змясціць, упусціць куды‑н. з пэўнай мэтай. Запусціць малькоў карпа ў сажалку. // Разм. Дазволіць зайсці, пусціць куды‑н. Запусціць кароў у лес.

6. Разм. Уліць, упырснуць куды‑н. Пчала запусціла яд. □ Тым часам доктар запусціў морфію. Нікановіч.

7. без дап. Разм. Вельмі хутка пабегчы, паехаць і пад. Запусціць рыссю.

•••

Запусціць руку (лапу) у што — незаконна захапіць што‑н., пакарыстацца чым‑н. чужым.

запусці́ць 2, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Пакінуўшы без догляду, без увагі, прывесці ў стан заняпаду; закінуць, занядбаць. Запусціць работу. Запусціць гаспадарку. □ А вучобу я ўсё-такі запусціў і апошні курс расцягнуў на два гады. Якімовіч. // Даць развіцца (хваробе), не прыняўшы своечасова пэўных мер. Запусціць хваробу.

2. Перастаць стрыгчы, даць магчымасць вырасці (пра валасы, ногці і пад.). Запусціць бараду. □ Яшчэ ў семінарыі Алёшка запусціў сабе вусікі. Колас.

3. Перастаць апрацоўваць, даць зарасці травой, пустазеллем. Запусціць зямлю.

4. Перастаць даіць перад ацёлам. Запусціць карову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́ць, цягну́, ця́гнеш, ця́гне; цягні; незак.

1. каго-што. Узяўшы за край, канец чаго-н., перамяшчаць, набліжаць да сябе што-н. з сілай, намаганнем.

Ц. канат.

2. каго-што. Перамяшчаць за сабой з намаганнем, не адрываючы ад паверхні; валачы.

Два паравозы цягнулі таварны састаў.

Ц. цяля на вяроўцы.

3. перан., каго-што. Браць з сабой без патрэбы.

Ц. дзяцей з сабой.

4. каго. Прымушаць ці пераконваць ісці куды-н.

Ц. у кіно.

5. што. Падаўжаць расцягваннем; вырабляць, апрацоўваць, выцягваючы (спец.).

Ц. дрот.

Металы можна гнуць, каваць і ц.

6. каго-што. Несці што-н. цяжкае або ў вялікай колькасці (разм.).

Ц. мех на плячах.

7. што. Выцягваць, здабываць, браць.

Ваду цягнулі з возера па трубах.

8. што. Уцягваць у сябе, убіраць, усмоктваць; піць павольна.

Расліны цягнуць з глебы пажыўныя рэчывы.

Дзіця цягнула праз соску малако з бутэлькі.

9. каго-што. Уцягваць, прыцягваць.

Плыўца цягнула (безас.) у вір.

10. каго-што. Тузаць, торгаць.

Ц. за рукаў.

Ц. за касу.

Нагу цягне (безас.).

11. каго-што. Вабіць да каго-, чаго-н., куды-н.

Цягне ў лес.

Яго цягнула (безас.) да гаспадаркі.

12. безас., каго-што. Адчуваць патрэбу ў чым-н. (пра фізічны, псіхічны стан).

Цягне на сон.

Ц. на сур’ёзную размову.

13. перан., што. Патрабаваць, вымагаць (грошы, падарункі і пад.; разм.).

14. што. Ісці, рухацца ў пэўным парадку.

Высока ў небе цягнуць клін жураўлі.

15. безас., чым. Веяць, дзьмуць (пра паветра, вецер, холад і пад.).

Ад ракі цягнула вільгаццю.

Цягне з акна.

16. што і без дап. Марудна рабіць, занадта доўга займацца чым-н.

Ц. пошукі.

Ц. справу.

17. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.), што. Выклікаць, мець што-н. вынікам.

Злачынства цягне за сабой пакаранне.

18. што. Павольна, марудна гаварыць, спяваць і пад.

Ц. песню.

Ц. гаворку.

За вушы цягнуць каго (разм.) — памагаць таму, хто сам не стараецца, не імкнецца што-н. рабіць.

Цягнуць адну і тую ж песню (разм., неадабр.) — паўтараць адно і тое ж.

Цягнуць валынку (разм., неадабр.) — марудзіць з ажыццяўленнем чаго-н.

Цягнуць воз (разм.) — выконваць усю асноўную работу.

Цягнуць жылы з каго (разм., неадабр.) — мучыць, знясільваць, зморваць; вымотваць непасільнай работай, празмернымі патрабаваннямі.

Цягнуць за язык каго (разм.) — прымушаць расказваць што-н.

Цягнуць каніцель (разм., неадабр.) —

1) рабіць, гаварыць і пад. што-н. аднастайна, нудна;

2) марудзіць, зацягваць якую-н. справу.

Цягнуць ката за хвост (разм., неадабр.) — нудна, наўмысна павольна гаварыць што-н.

Цягнуць лямку (разм.) — займацца цяжкай аднастайнай справай, працай.

Цягнуць рызіну (разм., неадабр.) — адцягваць, адкладваць якую-н. справу, работу надаўжэй; марудліва, павольна рабіць што-н.

Цягнуць ярмо (разм.) — бесперапынна і цяжка працаваць.

|| зак. пацягну́ць, -цягну́, -ця́гнеш, -ця́гне; -цягні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ча́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці павольнай хадой, не спяшаючыся. [Лукаш:] — Наташачка, па бутэльцы піва яшчэ. Ну, давай, чапай. Лобан. [Сашка:] — Да зубнога дык гэта ж трэба чапаць аж у Глыбокае, больш трыццаці кіламетраў. Машара.

чапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што і чаго.

1. Дакранацца, датыкацца да каго‑, чаго‑н. Калі хлопец чапае яго .. босаю нагою, кот абараняецца лапаю і бурчыць. Крапіва. Нязвыкла слухаць, як плугі чапаюць каменне. Пташнікаў. // (звычайна з адмоўем «не»). Браць што‑н., карыстацца чым‑н. (звычайна чужым, без дазволу). [Бацька:] — От я ж цябе [Юрку] зараз адвучу, як чапаць тое, што да цябе не належыць. Чорны. Усіх сялян моцна збілі бізунамі, а Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. // Закранаць, турбаваць каго‑н.; крыўдзіць. [Кастусь:] — Волечка, не чапай мамы. Няхай спіць! Нікановіч. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць яе [цёткі], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі. // перан. Хваляваць, расчульваць. Стары так думаў, а музыка вярэдзіла яго сэрца, глыбока чапала яго, і слёзы, дзіўныя, неадчувальныя слёзы цяклі самі сабою з сухіх выцвілых вачэй. Кірэенка. // (звычайна з адмоўем «не»). Апрацоўваць што‑н., карыстацца чым‑н., брацца за што‑н. На старанна паголеных [дзедавых] шчоках.. — заўтра нядзеля! — свіцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку. Кудравец. Бохан белага хлеба, што .. [Барашкін] прывёз, .. [маці] не чапала, толькі патрымала ў руках, зноў паклала на месца. Савіцкі. // (звычайна з адмоўем «не»). Нападаць на каго‑, што‑н. — Тут — спакой: воўк і той Не чапае авец Бліз бярлогі сваёй. Куляшоў. [Іван:] — Удар павінен быць хуткі і рашучы. Калі будзе больш за дзве машыны, — не чапаць. Новікаў.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Знішчаць, вынішчаць; прыносіць шкоду каму‑, чаму‑н. Калі ўбачыш часам іх [баброў], Не чапай Звяркоў рачных. Дзеружынскі. Выявілася, што тут нічога складанага няма. Трэба вырываць усю лішнюю траву і не чапаць жыта. Якімовіч. / у перан. ужыв. Хвала зямлі, дзе ворагаў няма, Дзе не адна ў снягі лягла навала. А рускіх наша руская зіма Яшчэ ў жыцці ніколі не чапала. Сербантовіч.

3. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Кранаць, цікавіць. [Гаруе:] — Ты .. цікавішся гэтаю справаю, а мне стараешся паказаць, што цябе нічога гэта не чапае. Чорны.

4. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Успамінаць што‑н., закранаць у размове што‑н. (часцей крытыкуючы). — Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш, — заступіўся фельчар за сваю прафесію. Колас. [Дзед Сымон:] — Ты майго, браце, рамяства не чапай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)