шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.
1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.
2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)