існава́ць, існую, існуеш, існуе; незак.

1. Быць у наяўнасці; мецца. Перастаць існаваць. □ Гэта была самая найкарацейшая сцежка, каб прайсці лес, і існавала яна тут здаўн[а]. Чорны. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. // Служыць для якой‑н. мэты. Правілы існуюць для таго, каб іх выконвалі.

2. Быць жывым; жыць (у 1 знач.). — Жывеш? — Як бачыш, рухаюся, існую. А ты? — Дыхаю. Значыцца, таксама існую... Лынькоў. // чым і на што. Здабываць сродкі для жыцця якім‑н. чынам. Існаваць на сродкі бацькоў. // Жыць няпоўным жыццём, без радасці, без задавальнення. Калі бяссоннымі начамі Ля вокан сцежак не таптаў, — Хоць ты і быў тут, поруч з намі, Ты ўсё ж не жыў, а — існаваў. Рудкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.

1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.

2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. чаго і без дап. Сказаць многа чаго‑н. Нагаварыць непрыемнасцей. □ Дзед раптам спахапіўся і змоўк, нібы баючыся, што нагаварыў лішняга. Шуцько. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет.

2. на каго і без дап. Узвесці паклёп, напляткарыць. [Папас:] — Ну і нагаварыў жа сам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта. Галавач. — Чуў я, жаніцца збіраешся? — Маліны светла-шэрымі праніклівымі вачыма дапытліва і з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш? .. Яны сціхлі. Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Мележ.

3. што. Запоўніць (пласцінку, плёнку і пад.) якім‑н. тэкстам. Нагаварыць пласцінку.

4. што. Разм. У забабонных людзей — нашаптаць заклінанняў на што‑н.

•••

Нагаварыць сорак бочак арыштантаў — расказаць шмат неверагодных гісторый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак.

Разм.

1. што і чаго. Дадаць, дабавіць да таго, што ўжо было раней. Наддаць пары. □ Хацеў бы [Грышка] заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар — можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў. Чарот.

2. чаго і без дап. Павялічыць хуткасць. Калі.. [Шашура] ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён паддаў ходу. Мележ. Узлаваны Мікола ішоў хутчэй звычайнага. Ён і не заўважыў, як паддаў кроку. Новікаў.

3. Ударыць, штурхануць. Адзін пажылы, прысадзісты, з нахмураным чорным тварам [салдат] спыніўся ля веснічак Крамера: замкнутыя з двара на засаўку, яны не адчыняліся, ён паддаў плячом, і засаўка ўпала на дол. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак. Я моўчкі чакаў. Маўчаў і .. [незнаёмы]. Нарэшце цяжка прыўзняўся, адсунуўся на край сядзення. Шашкоў. Пад нагамі не зямля, а кісель. Ступіш — і баішся, каб не засмактала, хутчэй робіш наступны крок.. Нарэшце дрыгва скончылася. Жычка.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца. Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Якімовіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. Брыль. Цэлы дзень блукаў [Андрэй] па.. [лесе], нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. Якімовіч.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. — Ды сціхніце вы, нарэшце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.

1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.

2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які дзейнічае каля самай паверхні зямлі, вады і пад. Нізавы .. вецер гнаў пазёмку, ля кустоў і купін памятаў курганчыкі снегу. Асіпенка. Нізавы агонь хоць і бяжыць па зямлі, але ўсё-такі не-не ды і дакранецца да нізка звешаных галін, яны і ўспыхнуць. Гавеман.

2. Які знаходзіцца ў нізкім месцы. Нізавая дарога.

3. Спец. Які ўтварае ніжні ярус расліннага покрыва. Нізавыя травы.

4. Які размяшчаецца ў нізоўях ракі, па ніжняму яе цячэнню. Нізавыя парты.

5. Які звязаны непасрэдна з масамі, з народам; які абслугоўвае масы, народ. Нізавы друк. Нізавая арганізацыя. □ Ён, Шэлег, — .. нізавы работнік, доўгія гады працуе з людзьмі, якіх не назавеш анёламі. Навуменка. [У заяве] інжынер Ватулін, Валянцін Уладзіміравіч, прасіў абком партыі накіраваць яго на нізавую работу ў .. МТС. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́жнік 1, ‑а, м.

1. Чалавек, які падарожнічае, вандруе; вандроўнік. Шматлікія гарадскія ратушы, саборы, храмы, палацы вабяць падарожніка. Сачанка. Дапытлівых і смелых вабяць і клічуць дарогі! Адных чакаюць нязведаныя сцежкі падарожнікаў і даследчыкаў, другіх — паветраныя прасторы, трэціх — марскія шляхі. Шыловіч.

2. Той, хто знаходзіцца ў дарозе. Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прастачок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі. Якімовіч. Хімка навучала сына Адася.., каб добра пільнаваў хату, — бо .. яны жылі канцавымі і шмат заходзіла падарожнікаў. Гурскі.

падаро́жнік 2, ‑у, м.

Тое, што і трыпутнік. Дарогі той нідзе не было.., было звычайнае поле, якое зарасло скрозь лапушыстым падарожнікам, рамонкам, сівым купчастыя палыном... Сачанка. Двор увесь зарос падарожнікам, густым, цёмным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбо́р, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.

2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.

3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.

•••

У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.

(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.

1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).

2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.

•••

Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)