ГЕАМО́РЫ (грэч. geōmoroi),
землеўладальнікі ў Стараж. Грэцыі. У розных рэгіёнах і ў розны час яны мелі розны статус. У Атыцы — гэта адна з 3 груп свабоднага насельніцтва, якая, паводле падання, утварылася ў часы праўлення Тэсея (13 ст. да н.э.). Паступова яны страчвалі свае зямельныя надзелы за даўгі і траплялі ў даўгавое рабства. Рэформы Салона аднавілі б.ч. гаспадарак Геамораў, але ў 4 ст. да н.э. яны ў асноўным разарыліся. У Сіракузах і на в-ве Самас — арыстакраты, буйныя зямельныя ўласнікі, улада якіх скінула дэмасам. Некалькі разоў часова вярталі сваё панаванне, у 4 ст. да н.э. страцілі яго канчаткова.
т. 5, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя. З.Г.
М.Е.Заяц, В.В.Краўчанка.
т. 7, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІГНА́ЦЫІ (польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РПІІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіні віхуры. Уяўлялі ў выглядзе паўптушак-паўжанчын. Паводле міфаў, Гарпіі — злыя выкрадальніцы дзяцей і людскіх душ, яны раптоўна налятаюць і знікаюць, як вецер.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАТРО́Н,
цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.
т. 10, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КТЫЛІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,
у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.
т. 4, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬХА́ЛА, вальгала, валгала,
у скандынаўскай міфалогіі нябесны палац Одзіна, куды трапляюць храбрыя воіны, якія загінулі ў бітве. У вальхале яны балююць і працягваюць ранейшае гераічнае жыццё. Асвятлялі вальхалу бліскучыя мячы.
т. 3, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),
удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.
т. 9, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́,
1) тэрытарыяльная адзінка дзярж. утварэнняў ва Усх. Еўропе ў 9—16 ст., якія карысталіся пэўнай самастойнасцю. У Кіеўскай Русі існавалі Кіеўская, Полацкая, Тураўская, Смаленская і іншыя З. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў дзярж. ўтварэнні — княствы, на працягу 12—13 ст. з іх вылучыліся ўдзельныя княствы. У ВКЛ у 15—16 ст. існавалі Полацкая і Віцебская З. — адм.-тэр. адзінкі, узначаленыя намеснікамі (гл. Намесніцтвы), якія мелі элементы самастойнасці, замацаваныя абласнымі прывілеямі. З пач. 16 ст. яны называліся ваяводствамі.
2) У Аўстрыі і ФРГ федэратыўная адзінка. З. як члены федэрацыі маюць уласныя канстытуцыі і выбарныя органы ўлады (ландтагі).
т. 7, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)